Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІТЭ́Т ВЫРАТАВА́ННЯ РАДЗІ́МЫ І РЭВАЛЮ́ЦЫІ,
антыбальшавіцкая арг-цыя ў Петраградзе ў кастр.—ліст. 1917. Створаны з прадстаўнікоў гар. думы, партый эсэраў, меншавікоў і інш. для барацьбы супраць Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917. Кіраўнік — эсэр М.Дз.Аўксенцьеў. Камітэт быў звязаны з А.Ф.Керанскім, які рыхтаваў паход часцей ген. П.М.Краснова на Петраград, і антыбальшавіцкімі арг-цыямі ў губернях, распаўсюджваў лістоўкі, падтрымліваў чыноўніцкі сабатаж мерапрыемстваў сав. улады, падрыхтаваў і ўзначаліў паўстанне юнкераў у Петраградзе 29.10(11.11).1917. У ліст. 1917 ператвораны ў «Саюз абароны Устаноўчага сходу».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАЛА́ЕВІЦКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з 28.6.1941 да 13.6.1942 у в. Мікалаевічы Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. Налічвала 14 чал. (кіраўнік Я.Я.Васіленка). Падпольшчыкі праводзілі паліт. агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, арганізоўвалі сабатаж мерапрыемстваў акупантаў, двойчы разбурылі чыгунку на ўчастку Слабада — Смалявічы, падарвалі на ўчастку Загор’е—Смалявічы. Наладзілі сувязь з партызанамі, здабывалі і перадавалі ім зброю, арганізавалі з імі ўцёкі ваеннапалонных. У чэрв. 1942 пайшлі ў партызаны. У барацьбе супраць ням.-фаш. захопнікаў загінула 5 падпольшчыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВА́РДЫЯ ЛЮДО́ВА (Gwardia Ludowa),
узброеныя падп. і партыз. фарміраванні Польскай рабочай партыі ў 1942—43 у 2-ю сусв. вайну. Створана 6.1.1942 (першы партыз. атрад на чале з Ф.Зубжыцкім пачаў дзейнічаць у маі 1942). Камендант (камандзір) Б.Малоец, нач.Гал. штаба М.Спыхальскі (1942) і Ф.Юзвяк (1942—43). Асн. формы дзейнасці: дыверсіі, сабатаж, разведка, партыз. рух. У 2-й пал. 1942 налічвала больш за 11 тыс.чал., у т. л. 1400 у партыз. атрадах. Атрады Гвардыі Людовай дзейнічалі супраць ням.-фаш.акупац. улад у Люблінскім, Жэшаўскім, Кракаўскім, Келецкім ваяводствах, у Сілезіі, Лодзі і інш. месцах. 1.1.1944 на базе Гвардыі Людовай створана Армія Людова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЯ́ТАЯ КАЛО́НА».
назва шматлікай агентуры ген. Ф.Франка Баамондэ, якая ў час грамадзянскай вайны 1936—39 у Іспаніі (гл.Іспанская рэвалюцыя 1931—39) дзейнічала ў тыле рэсп. войск. Тэрмін «П.к.» ўзнік у кастр. 1936, калі франкісцкі ген. Э.Мола абвясціў па радыё, што мяцежнікі наступаюць на Мадрыд 4-ма калонамі, а 5-я ў рашаючы момант ударыць па рэспубліканцах з тылу. «П.к.» ўчыняла сабатаж, шпіянаж і дыверсіі, сеяла паніку. У гады 2-й сусв. вайны «П.к.» называлі нацысцкую агентуру ў розных краінах, якая дапамагала захопу гэтых краін фаш. войскамі. У наш час тэрмін «П.к.» ўжываецца ў шырокім сэнсе для абазначэння варожай агентуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУХ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЯ,
нацыянальна-вызваленчы антыфаш. рух у другую сусветную вайну 1939—45 супраць ням., італьян. і яп. захопнікаў, а таксама супраць мясц.калабарацыяністаў. Р.С. быў глыбока нац. ў кожнай краіне і адначасова інтэрнацыянальны (паводле складу, узаемадзеяння і ўзаемадапамогі ўдзельнікаў) для ўсіх народаў, якія змагаліся за вызваленне ад захопнікаў. У Р.С. ўдзельнічалі прадстаўнікі розных пластоў грамадства: патрыятычна настроеныя рабочыя, сяляне, прадпрымальнікі, інтэлігенцыя, духавенства. У краінах Азіі ў барацьбу супраць яп. каланізатараў уключаліся некат. групы памешчыкаў. Тым не менш на развіццё Р.С. наклалі адбітак тагачасныя класавыя і ідэалаг. супярэчнасці. Амаль ва ўсіх краінах, акупіраваных агрэсарамі, у Р.С. вылучаліся 2 плыні: лева-камуністычная і права-кансерватыўная. У Францыі, Італіі, Чэхаславакіі, Бельгіі, Даніі, Нарвегіі і інш. краінах абедзве плыні супрацоўнічалі ў барацьбе супраць агульнага ворага, у шэрагу краін (Югаславія, Албанія, Польшча, Грэцыя) адначасова са змаганнем супраць акупантаў яны варагавалі паміж сабой. У барацьбе супраць акупантаў Р.С. набыў разнастайныя формы: антыфаш. агітацыя і прапаганда, забастоўкі, дыверсіі і сабатаж на прадпрыемствах, якія выраблялі прадукцыю для акупантаў, збор разведвальных звестак для армій антыфаш. кааліцыі, партыз. вайна. Вышэйшая форма Р.С. — усенар. ўзбр. паўстанне. Асаблівая старонка Р.С. — мужная барацьба падп. арг-цый вязняў гітлераўскіх канцэнтрацыйных лагераў. Вязні Бухенвальда і Маўтгаўзена ў 1945 вызваліліся, узняўшы ўзбр. паўстанні. Барацьба супраць фашызму, за нац. вызваленне спалучалася з барацьбой за сац. і дэмакр. пераўтварэнні, у залежных краінах — з барацьбой супраць калан. прыгнёту. Пашырэнне маштабаў Р.С. ў шэрагу краін прыводзіла да аб’яднання патрыят. сіл на аснове тактыкі народнага фронту ў агульнанац. патрыят. франты (называліся Нац., Нац.-вызв. і інш.). У краінах Усх. Еўропы яны і створаныя імі часовыя ўладныя структуры адыгралі пры падтрымцы СССР значную ролю ў наступным прыходзе да ўлады камуніст. і левых сіл. У многіх краінах Еўропы ў Р.С. змагаліся грамадзяне СССР. Сярод іх Героі Сав. Саюза В.А.Квіцінскі, М.Гусейн-задэ, Ф.А.Палятаеў, В.В.Порык. У падп. групах і партыз. атрадах, што дзейнічалі на Тэр. Францыі, Польшчы, Югаславіі, Чэхаславакіі, Даніі, Нідэрландаў і інш. краін было нямала грамадзян з Беларусі: У.У.Анічэнка, У.М.Антоненка, Ф.К.Варанішча, У.П.Вардомскі, Л.М.Віцятнёў, Д.А.Гараеў, А.М.Грынеўскі, Б.К.Зузо, А.М.Кандраценка, Б.А.Кедышка, Л.М.Кашачкіна, Н.І.Лісавец, Ф.М.Ліхавец, А.Дз.Панізнік, У.М.Руткоўскі, М.С.Фралоў, В.К.Харытончык, Т.У.Чахоўская і інш. Грамадзяне шэрагу еўрап. краін змагаліся супраць гітлераўцаў у радах партызан і падпольшчыкаў на тэр.СССР, у т. л. на Беларусі (немец Ф.Шменкель, француз Р.Жан, бельгіец Ж.Говартс, славак Я.Налепка і многія інш.). На акупіраванай тэр.СССР Р.С. адбываўся ў форме партыз. і падп.-дыверсійнай дзейнасці, пераважна пад кіраўніцтвам Камуніст. партыі (гл.Партызанскі рух на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Партызанскі рух у Вялікую Айчынную вайну 1941—45, Патрыятычнае падполле і інш.). Партыз. рух набыў таксама масавы характар ў Югаславіі, Польшчы, Албаніі, Грэцыі, Італіі, Францыі, Кітаі, Філіпінах, Бірме, Малаі. На заключным этапе 2-й сусв. вайны Р.С. моцна спрыяў вызваленню ад акупантаў шэрагу краін (Югаславія, Францыя, Італія, Грэцыя, Кітай), у некат. выпадках сілы Супраціўлення самі вызвалілі свае краіны (Албанія, Грэцыя, Малая, В’етнам). Р.С. быў адным з істотных фактараў, якія спрыялі перамозе антыгітлераўскай кааліцыі, далейшаму развіццю нац.-вызв. барацьбы народаў Азіі і Афрыкі. Удзельнікаў Р.С. з 1951 аб’ядноўвае Міжнародная федэрацыя барацьбітоў Супраціўлення.
Літ.:
Антифашистское движение сопротивления в странах Центральной и Юго-Восточной Европы. М., 1991;
Движение сопротивления в Западной Европе, 1939—1945: Нац. особенности. М., 1991.
Э.М.Позняк.
Да арт.Рух Супраціўлення. Антыфашысцкае выступленне ў Даніі. Горад Одэнсе. 1943.Да арт.Рух Супраціўлення. Грэчаскія партызаны каля збітага імі нямецка-фашысцкага самалёта. 1943.