ЛІТАЛО́ГІЯ (ад літа... + ...логія),

навука пра асадкавыя горныя пароды і сучасныя асадкі. Вывучае іх рэчыўны састаў, будову, паходжанне, заканамернасці прасторавага размяшчэння і інш. Асн. метады даследаванняў: фацыяльны, фармацыйны, параўнальна-літалагічны і стадыяльны аналізы, аптычная мікраскапія, хім., рэнтгена-структурны, рэнтгена-спектральны, ізатопны і інш. Па выніках даследаванняў складаюцца літолагафацыяльныя і літолага-палеагеаграфічныя карты і атласы. Цесна звязана са стратыграфіяй, петраграфіяй, мінералогіяй, палеанталогіяй, палеагеаграфіяй і інш.

Л. склалася як адна з галін геалогіі ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў выніку стратыграфічных. палеагеаграфічных і інш. даследаванняў з вывучэннем рэчыўнага саставу асадкавых парод і карысных выкапняў. Вял. значэнне мелі працы вучоных: англ. Г.​Сорбі, амер. Дж.​Мерэя, Дж.​Барэла, У.​Твенхафела, Ф.​Петыджана і інш., франц. Л.​Каё, В.​Вагана, ням. І.​Вальтэра, Г.​Потанье, рас. М.​А.​Галоўкінскага, А.​П.​Паўлава, П.​А.​Зямятчанскага, Я.​У.​Самойлава, П.​М.​Чырвінскага, А.​Дз.Архангельскага, Дз.В.Наліўкіна, Л.В.Пуставалава, М.М.Страхава, Л.​Б.​Рухіна і інш.

На Беларусі вывучэнне асадкавых парод вядзецца з пач. 20 ст. Да 1940-х г. яно праводзілася эпізадычна, разам з інш. геал. даследаваннямі. З сярэдзіны 20 ст. пачаліся сістэматычныя літалагічныя даследаванні платформавага чахла, у асадкавых пародах якога выяўлены карысныя выкапні — каменныя і калійныя солі, фасфарыты, бурыя вуглі, гаручыя сланцы, нафта, даўсанітавыя руды, розная сыравіна для буд. матэрыялаў і інш. У сярэдзіне 1950-х г. створана лабараторыя літалогіі і геахіміі ў Ін-це геал. навук АН Беларусі. Даследавана Л. асадкавых і вулканагенных тоўшчаў верхняга пратэразою, палеазою, стараж. кор выветрывання, бурых вуглёў, гаручых сланцаў, даўсанітаносных парод і інш. (пад кіраўніцтвам А.С.Махнача). У Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі і Бел. н.-д. геолага-разведачным ін-це ВА «Белгеалогія» праводзяцца вывучэнне каменнай і калійных солей, фасфарытаў, гіпсаў, мергельна-мелавых і крамяністых, пясчана-жвіровых і нафтаносных парод.

Літ.:

Фролов В.Т. Литология. Кн. 1—3. М., 1992—95;

Систематика и классификации осадочных пород и их аналогов. СПб., 1998.

М.​В.​Вераценнікаў.

т. 9, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭРЫЯЛІ́ЗМ (ад лац. materialis рэчыўны),

філасофскі кірунак, прадстаўнікі якога сцвярджаюць першаснасць матэрыі, прыроды, грамадства, аб’ектыўнай рэчаіснасці і другаснасць чалавечай свядомасці (духу). Свядомасць чалавека незалежна ад сваёй канкрэтнай формы прызнаецца ўласцівасцю высокаарганізаванай матэрыі. Прынцыповая супрацьлегласць пунктаў гледжання на рэчаіснасць, законы і рухаючыя сілы яе развіцця абумовілі барацьбу М. і ідэалізму па найб. істотных праблемах філасофіі (пабудова свету, пазнавальнасць рэчаў і з’яў, сутнасць чалавека, грамадства і інш.). Гал. ідэі філас. М.: прызнанне нестваральнасці свету, яго існавання і развіцця незалежна ад чыёй-н. волі; асэнсаванне прасторы і часу, руху ў якасці аб’ектыўных форм быцця матэрыі; адмаўленне самастойнасці свядомасці адносна матэрыі; тлумачэнне адзінства свету яго матэрыяльнасцю. У падыходзе да разумення грамадства і грамадскага жыцця для М. характэрна цікавасць да эканомікі і яе выключнай ролі ў функцыянаванні ўсіх грамадскіх сістэм (дзяржавы, права і інш.), навукі і асветы. Стаўленне прыхільнікаў М. да прыроды і грамадства абумоўлена ўпэўненасцю ў пазнавальнасці прадметаў і з’яў, што стварае магчымасць атрымання дакладных ведаў пра аб’ектыўную рэчаіснасць і іх выкарыстанне ў грамадскім жыцці. Паняцце М. зыходзіць з філас. разумення матэрыі і не датычыць якіх-н. канкрэтна-гіст. уяўленняў аб яе структуры. Таму нельга атаясамліваць з навук. матэрыяліст. ведамі выпадковыя прымітыўныя высновы, дзе, напр., агульны змест чалавечага мыслення дэтэрмінуецца непасрэдна фізіял. працэсамі ў арганізме, духоўнае жыццё і формы культуры тлумачацца ўзроўнем эканомікі і матэрыяльнага дабрабыту людзей, арганізацыяй эканам. дзейнасці і г.д.

Матэрыяліст. погляды на свет і змены ў ім узніклі ў глыбокай старажытнасці і складаюць значную частку духоўнай і культ. спадчыны чалавецтва. Першай даволі стройнай сістэмай матэрыяліст. поглядаў на свет быў стыхійны, наіўны М. стараж. грэкаў і рымлян, у якім у зародкавай форме праявіліся ўсе пазнейшыя кірункі М.: механістычны, вульгарны, дыялектычны і інш. Для стараж. М. характэрна разуменне свету як адзінага, непадзельнага цэлага, якое знаходзіцца ў стане сталага руху згодна са сваімі законамі. У новыя часы значны ўплыў атрымаў механістычны (метафізічны) М. (Ф.​Бэкан, Т.​Гобс, М.​Ламаносаў і інш.). Гал. ўвагу яны скіроўвалі на вывучэнне мех. (знешніх) уласцівасцей рэчаў і адносін паміж імі. Сцвярджаючы наяўнасць матэрыі, філосафы-механіцысты трактавалі дадзеную катэгорыю ў абстрактна-метафіз. сэнсе і адрывалі матэрыю ад атрыбуту яе існавання — руху, які зводзіўся да мех. перамяшчэння цел у прасторы і часе. У тлумачэнні ўнутр. структуры рэчаў значную ролю адыгрывалі атамістычныя ідэі. У 19 ст. развіццё філас. М. адбывалася шляхам перапрацоўкі дыялектычнага вучэння Г.​Гегеля, што залажыла асновы сучаснага М. Абагульненне развіцця матэрыяліст. ідэй на працягу гісторыі даецца ў філас. вучэнні К.​Маркса, Ф.​Энгельса, У.​І.​Леніна і іх паслядоўнікаў. Гл. Дыялектычны матэрыялізм, Гістарычны матэрыялізм, Дыялектыка, Філасофія і л-ру да гэтых артыкулаў.

В.​І.​Боўш.

т. 10, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)