РЭА́ЛЬНАСЦЬ (ад позналац. realis сапраўдны, рэчыўны),
агульнае філас. паняцце, якое вызначае аб’ект пазнання. Выкарыстоўваецца ў розных сэнсах: як усё, што існуе (у гэтым сэнсе Р. набліжаецца да паняцця быццё); як аб’ектыўны свет, які існуе незалежна ад чалавечай волі і ўяўленняў, у т. л. аб’ектываваны ўнутр, свет чалавека, суб’ектыўна-аб’ектыўны свет культуры; як рэчаіснасць (актуальнае быццё). У тэарэтыка-пазнавальным плане Р. супрацьпастаўляюць ідэальнае. Тэрмін «Р.» выкарыстоўваюць і для вызначэння пэўных аспектаў універсуму (напр., фіз. Р., біял. Р., моўная Р. і інш.).
т. 13, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)