Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЗА ДА́НЫХ,
упарадкаваная сукупнасць даных, прызначаных для захоўвання, назапашвання і апрацоўкі інфармацыі з дапамогай ЭВМ; састаўная частка банка даных. Пры стварэнні, абслугоўванні і папаўненні базы даных выкарыстоўваецца сістэма кіравання базамі даных, у аснову якой закладзена матэм. мадэль упарадкавання інфармацыі.
Адзінкай захавання і доступу да базы даных з’яўляецца запіс, напрыклад бібліягр. карта электроннага каталога, рэферат артыкула ў аўтаматызаваным рэфератыўным часопісе, чарцёж дэталі ў сістэме аўтаматызацыі праектавання. Кожны запіс мае загаловак (ключ), па якім яго можна знайсці. Загалоўкі запісаў аб’ядноўваюцца ў даведачныя табліцы, якія забяспечваюць поўную аўтаматызацыю пошуку інфармацыі.
Дз.І.Чарамісінаў.
т. 2, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯШКЕ́ВІЧ Мікалай Восіпавіч
(1873, г. Ліда — 1903 ?),
дзеяч адной з першых с.-д. арг-цый у Расіі — Бруснева групы. Вучыўся ў Лідскім і Пецярбургскім гар. вучылішчах. З 1889 вёў заняткі ў рабочых гуртках у Пецярбургу, друкаваў на гектографе і распаўсюджваў с.-д. выданні. Пасля арышту М.І.Бруснева (1892) аднавіў дзейнасць разгромленай арг-цыі. Падрыхтаваў рэферат «Аб рабочым пытанні ў Расіі і на Захадзе», склаў праект статута арг-цыі. У 1893 арыштаваны. Пасля вызвалення жыў у Ноўгарадзе, у 1896 заснаваў там падп. друкарню. У 1897 зноў арыштаваны, высланы на 3 гады ў Валагодскую губ.
т. 1, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)