Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГІЯТЭНЗІ́Н, ангіятанін, гіпертэнзін,
біялагічна актыўнае рэчыва, што павышае крывяны ціск. Поліпептыд, складаецца з некалькіх амінакіслот, утвараецца з ангіятэнзінагену, які намнажаецца ў крывяной плазме пры недастатковым забеспячэнні нырак крывёю; састаўная частка рэнін-ангіятэнзінавай сістэмы, што ўдзельнічае ў рэгуляванні тонусу сасудаў. Сінтэзаваны біял. актыўныя аналагі натуральнага ангіятэнзіну, якія выкарыстоўваюцца як лек. сродкі.
т. 1, с. 344
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬДАСТЭРО́Н,
стэроідны гармон кары наднырачнікаў пазваночных жывёл і чалавека. Найб. актыўны з мінералакартыкоідаў, стымулюе вывядзенне калію і затрымку натрыю ў арганізме, процідзейнічае яго абязводжванню. Уплыў на іонны абмен рэалізуецца праз ныркі, кішэчнік, потавыя і слінныя залозы, шчэлепы і інш. Актыўны толькі ў свабодным стане; у крыві каля 50—75% альдастэрона звязана бялкамі. Сакрэцыя рэгулюецца рэнін-ангіятэнзіўнай сістэмай, узроўнем іонаў Na+ і K+ у крыві, кортыкатрапінам, сератанінам. Выкарыстоўваецца як лек. сродак пры адысонавай хваробе.
т. 1, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТЭАЛІТЫ́ЧНЫЯ ФЕРМЕ́НТЫ, пратэазы,
ферменты класа гідралаз; каталізуюць гідроліз пептыдных сувязей у бялках і пептыдах. Прысутнічаюць ва ўсіх жывых арганізмах. У пазваночных жывёл бываюць пазаклетачныя (П.ф. стрававальнага тракту — пепсін, трыпсін і інш., крыві — трамбін, рэнін, плазмін і інш.) і ўнутрыклетачныя (катэпсіны). Пазаклетачныя выпрацоўваюцца звычайна ў выглядзе неактыўных праферментаў. П.ф. падзяляюць на 2 групы: эндапептыдазы, якія каталізуюць гідроліз пептыдных сувязей унутры поліпептыднага ланцуга і экзапептыдазы, якія каталізуюць адшчапленне ад поліпептыднага ланцуга канцавых амінакіслот (з N - або С-канца малекулы). Выкарыстоўваюць у даследаваннях для ўстанаўлення будовы бялкоў і пептыдаў, у харч. прам-сці (мякчэнне мяса, сыраварства), у медыцыне (гаенне ран і апёкаў, лячэнне пухлін і інш.).
т. 13, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)