Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭТА́НЬ
(Bretagne),
гістарычная вобласць і сучасны эканам. раён на З Францыі, на п-ве Брэтань. Уключае дэпартаменты Фіністэр, Марбіян, Котдзю-Нор, Іль і Вілен. Пл. 27,2 тыс. км². Нас. 2,8 млн. чал. (1990). Гал. горад — Рэн. Рэльеф раўнінны і ўзвышаны (да 391 м). Клімат умераны акіянскі (ападкаў 800—1200 мм за год). Натуральная расліннасць — верасоўнікі, дубовыя і букавыя лясы. Прам-сць: суднабудаванне, перапрацоўка рыбы і с.-г. прадукцыі. Значны цэнтр аўтамаб. прам-сці — г. Рэн. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла і свінні). Значныя пасевы збожжавых, бульбы, ранняй агародніны. Садоўніцтва (традыц. вытв-сць сідру). Рыбалоўства. Турызм.
Назва ад племя брытаў, якія засялілі Брэтань у 6 ст., пакінуўшы заваяваную англасаксамі Брытанію. З канца 8 да сярэдзіны 9 ст. насельніцтва Брэтані ў васальнай залежнасці ад франкаў. У 845—849 утварылася самаст. Брэтонскае герцагства (каралеўства). Пасля спусташальнай нарманскай акупацыі (919—937) герцагства адноўлена (з канца 10 ст. сталіца — Рэн). У 1040—1223 на тэр. Брэтані вяліся міжусобныя «баронскія войны». З 1213 уладанне дынастыі Капетынгаў, з 1237 княства. У 1491 утворана асабістая унія паміж Брэтаню і Францыяй. У 1515 канчаткова далучана да Францыі каралём Францыскам І і стала яе правінцыяй. У час. франц. рэвалюцыі 1789—99 падзелена на дэпартаменты.
т. 3, с. 301
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́ЗІЯ
(Alesia),
старажытнае гальскае паселішча-опідум (сучасны г. Аліз-Сент-Рэн, Францыя), аблогай і ўзяццем якога Юлій Цэзар у 52 да н.э. скончыў шматгадовую гальскую вайну. Займала пл. 57 га, была абкружана сцяной і ровам. Алезія абараняла 20-тыс. войска галаў на чале з Верцынгетарыгам. Раскопкамі выяўлены рэшткі тысяч гальскіх воінаў (са зброяй і інш. рэчамі), якія па загадзе Цэзара былі скінуты ў выкапаны рымлянамі аблогавы роў даўжынёй 13 км; гальскія і правінцыяльна-рымскія дамы (пасля вайны жыццё ў Алезіі працягвалася), храмы, арэна.
т. 1, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛАНЖЭ́
(Boulanger) Жорж Эрнест (29.4.1837, г. Рэн, Францыя — 30.9.1891),
палітычны дзеяч Францыі, генерал. Удзельнік аўстра-італа-франц. (1859), франц. каланіяльнай (Індакітай, 1852—62) і франка-прускай (1870—71) войнаў, задушэння Парыжскай камуны 1871. У 1886—87 ваен. міністр. У 1887—89 узначальваў шавіністычны рух (буланжызм), які меў на мэце ўсталяванне ваен. дыктатуры, перагляд дэмакр. свабод і роспуск парламента, імкнуўся развязаць рэваншысцкую вайну з немцамі. У 1889 Б. абраны ў палату дэпутатаў, але абвінавачаны ў сувязі з манархістамі, уцёк у Бельгію, дзе скончыў самагубствам.
т. 3, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУА́
(Galois) Эварыст (26.10.1811, г. Бур-ла-Рэн, Францыя — 30.5.1832),
французскі матэматык, заснавальнік сучаснай алгебры. Вучыўся ў ліцэі Луі-дэ-Гран, к моманту заканчэння якога ўжо вёў творчую працу па матэматыцы. У 1830 паступіў у Вышэйшую нармальную школу; у 1831 выключаны з яе за ўдзел у паліт. барацьбе супраць каралеўскага рэжыму Францыі. Загінуў на дуэлі. Стварыў агульную тэорыю рашэння алг. ураўненняў; Галуа тэорыю. Увёў паняцці групы, поля. Ідэі Галуа пачалі разумець толькі ў 1870-я г.
Літ.:
Инфельд Л. Эварист Галуа. Избранник богов: Пер. с англ. М., 1965;
Дальма А. Эварист Галуа, революционер и математик: Пер. с фр. 2 изд. М., 1984.
т. 4, с. 470
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)