Рэйхсвер 9/250

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЙХСВЕР (Reichswehr ад Reich дзяржава, імперыя + Wehr зброя, абарона),

узброеныя сілы Германіі ў 1919—35. Пасля паражэння Германіі ў 1-ю сусв. вайну 1914—18 Веймарскі нац. сход 6.3.1919 прыняў закон аб стварэнні часовага Р. колькасцю 400 тыс. чал. Аднак паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 і распрацаванага на яго аснове закону ад 23.3.1921 колькасць войск скарачалася да 115 тыс. чал. (100 тыс. у сухап. войсках і 15 тыс. чал. у ВМС), рэзка абмяжоўвалася і ўзбраенне. Рэзервам Р. з’яўляліся часці пагран. аховы (каля 100 тыс. чал.) і паліцэйскія фарміраванні (200 тыс. чал.). Але кіраўніцтва дзяржавы і ўзбр. сіл патаемна вяло падрыхтоўку кадраў для арміі (напр., лётчыкаў рыхтавалі ў грамадз. авіяцыі). Значная колькасць афіцэраў і інш. ваен. спецыялістаў рыхтавалася за мяжой, у т. л. ў СССР. 16.3.1935 Германія ў аднабаковым парадку анулявала ваен. артыкулы Версальскага дагавора і ўвяла ўсеагульную воінскую павіннасць. На базе Р. пачалося фарміраванне вермахта.

т. 13, с. 567

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РМАХТ (ням. Wehrmacht),

1) у Веймарскай рэспубліцы неафіц. назва ўзбр. сіл (гл. Рэйхсвер).

2) Афіц. назва ўзбр. сіл фаш. Германіі ў 1935—45. Створаны ў парушэнне Версальскага мірнага дагавора 1919 на базе рэйхсвера пасля выдання 16.3.1935 дэкрэта аб увядзенні ў Германіі ўсеагульнай воінскай павіннасці. Вярх. галоўнакамандуючы — рэйхсканцлер А.​Гітлер. Вышэйшы орган ваен. кіраўніцтва — галоўнакамандаванне, якое да 1938 узначальваў ваен. міністр В. фон Бломберг, пасля — Гітлер. Складаўся з сухап. войск (галоўнакамандуючыя: у 1935—38 В. фон Фрыч, у 1938—41 В. фон Браўхіч, у 1941—45 Гітлер), ВПС (у 1935—45 Г.​Герынг) і ВМФ (у 1935—43 Э.​Рэдэр, у 1943—45 К.​Дзёніц) на чале з галоўнакамандаваннямі. З 1940 у склад вермахта ўваходзілі таксама палявыя войскі СС. Вермахт быў гал. сілай у здзяйсненні заваёўніцкіх планаў нацыстаў, асабліва вырас у 2-ю сусв. вайну (ад 3 млн. чал. у 1939 да 11 млн. у снеж. 1943).

Літ.:

Messerschmidt M. Die Wehrmacht im NS-Staat. Hamburg, 1969.

т. 4, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)