НАМІНА́ЦЫЯ (ад лац. nominatio найменне),

утварэнне моўных адзінак, якія рэпрэзентуюць у семантыцы мовы і свядомасці чалавека класы прадметаў, уласцівасцей, дзеянняў, адносін, што маюць месца ў рэчаіснасці; складаны працэс узаемадзеяння мыслення, мовы і рэчаіснасці, у якім адлюстроўваюцца пазнанне свету чалавекам і назапашванне ім інфармацыі ў выглядзе моўных знакаў. Гэтым тэрмінам абазначаюць і вынік працэсу Н. — значымую моўную адзінку. Існуюць Н. першасныя («рука», «белы», «піць») і другасныя («выручыць», «бялюткі», «пітво»). Сярод другасных Н. паводле спосабу называння адрозніваюцца сінтэтычна-словаўтваральныя («рэзаць—рэзчык»), аналітычна-словаспалучальныя («рэзаць» — «той, хто рэжа»), фразеалагічныя («біць бібікі» — гультайнічаць) і метафарычныя («чорная дзірка» — зорка пэўнага фізічнага тыпу). Апошнім часам да Н. адносяць і сказ як найменне (знак) пазамоўнай сітуацыі.

Літ.:

Языковая номинация. [Кн. 1—2]. М., 1977.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 11, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́ПА (ад швед. klippe рэзаць нажніцамі),

назва манет квадратнай формы. Выраблялі з мэтай паменшыць затраты працы. Вядомы з пач. 16 ст. ў Даніі, Швецыі. Арыгінальную кампаноўку мелі талеры караля Рэчы Паспалітай Аўгуста П (1697—1709, 1709—33). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. ў форме К. выпускалі манеты прыватныя асобы ці прадпрыемствы з-за недахопу дзярж. плацежных сродкаў. Часам К. называюць манеты на 6- або 8-гранных пласцінках.

т. 8, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПЮ́РА (франц. coupure ад couper рэзаць, адразаць),

1) скарачэнне або пропуск асобных частак тэксту пры яго публікацыі. К. называецца таксама апушчаная частка тэксту (у тэксце пазначаецца адпунктоўкай). К. робяць, як правіла, складальнікі ці рэдактары публікацыі з мэтай пазбегнуць паўтораў інш. дакументаў, змешчаных у выданні, або выключэння частак, якія не маюць адносін да тэмы, задач і мэт выдання ці немэтазгодныя з-за канцэптуальных і метадалагічных установак.

2) Абазначэнне вартасці (намінальнай вартасці) папяровых грошай, банкнотаў, каштоўных папер — акцый ці аблігацый, а таксама самі гэтыя грошы, банкноты, каштоўныя паперы або аблігацыі.

Ю.​У.​Несцяровіч.

т. 9, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЙ (ад агульнаслав. краяци — рэзаць),

1) першапачаткова мясцовасць на ўскраіне дзяржавы (адсюль назва), пазней — краіна, вобласць, мясцовасць, вял. геагр. вобласць. Тэрмін ужываецца таксама ў сэнсе радзіма, родны кут (вывучае краязнаўства); як сінонім назвы ўсёй тэр. (Беларусь — Беларускі К.) або асобных яе частак (Палескі К., азёрны К., партызанскі К.).

2) У Расіі 18 — пач. 20 ст. назва ўскраінных тэр. імперыі, якія складаліся з некалькіх губерняў або абласцей пад агульным кіраўніцтвам. Афіцыйна адносілася да Каўказа (Каўказскі К. у 1882—1905) і Туркестана (Туркестанскі К. у 1886—1917). У 19 — пач. 20 ст. тэрыторыя, куды ўваходзілі бел. і літ. губерні, называлася Паўн.-Зах. К.

3) У Расіі з 1924 буйная адм.-тэр. адзінка (Алтайскі, Краснадарскі, Краснаярскі, Прыморскі, Стаўрапольскі, Хабараўскі краі).

т. 8, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)