Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Рэзальны інструмент 4/496, 524; 8/434; 11/338
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙСМУСАВЫ СТАНО́К,
адзін з відаў дрэварэзальных станкоў для прастругвання дошак, брусковых загатовак або шчытавых зборачных адзінак цыліндрычным фрэзераваннем. Рэзальны інструмент — нажавы вал з устаўленымі нажамі, падача загатоўкі — вальцовым механізмам. Для апрацоўкі на Р.с. ў загатоўкі папярэдне фарміруюць 1—2 базавыя паверхні на фугавальным станку.
Схема аднабаковага рэйсмусавага станка: 1 — ролік; 2 — стол; 3 — загатоўка; 4 і 8 — задні і пярэдні падавальныя вальцы; 5 і 7 — задні і пярэдні прыціскачы; 6 — вал з рэжучымі нажамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРУГА́ННЕ,
спосаб апрацоўкі матэрыялаў рэзаннем, які заключаецца ў зняцці стружкі пастаяннай таўшчыні пры адносным зваротна-паступальным руху інструменту і загатоўкі.
Рэзанне ў дрэваапрацоўцы на стругальных станках па сутнасці — фрэзераванне (рэзальны інструмент робіць вярчальны рух), а на лушчыльных станках, у якіх верціцца загатоўка, — тачэнне. Асн. недахопы С. — удар рэжучага інструменту ў пачатку кожнага рабочага ходу і наяўнасць халастога ходу, што зніжае стойкасць інструменту і прадукцыйнасць апрацоўкі. У металаапрацоўцы С. праводзіцца на стругальных станках, у дрэваапрацоўцы — ручным інструментам (стругамі) ці на дрэваапрацоўчых (фанерастругальных, цыклявальных і інш.) станках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШПОНАСТРУГА́ЛЬНЫ СТАНО́К,
спецыялізаваны дрэварэзальны станок для атрымання шпоны метадам стругання загатовак. Загатоўка (ванчэс) — прамавугольны (у сячэнні) брус адпаведнай даўжыні, выраблены з камля, які апілоўваецца з чатырох бакоў і разразаецца ўздоўж на 2 роўныя часткі. Рэзальны інструмент (нож з прыціскной лінейкай) робіць зваротна-паступальны рух і пры кожным рабочым ходзе супарта зразае з ванчэсаў папярочныя стружкі (шпону) нязменнай таўшчыні. Ванчэсы падаюцца на таўшчыню шпоны пры дапамозе спец. механізма. Даўжыня нажа 3100—5500 мм, шырыня блока ванчэсаў 800—1200 мм, дыяпазон таўшчынь шпоны 0,025—6 мм. Ш.с. бывае верт. і гарыз. кампаноўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕ́РДЗЕЛ,
рэзальны інструмент для свідравання адтулін у метале, дрэве, пластмас і інш. матэрыялах. С. замацоўваюць у свідравальных станках, дрылях, калаўротах і інш.
Адрозніваюць С.: вінтавыя (спіральныя), з накіравальным цэнтрам (цэнтровачныя) і бясцэнтравыя, адно- і двухбаковага рэзання, для атрымання глыбокіх і малых адтулін. У дрэваапрацоўцы выкарыстоўваюць таксама лыжкавыя, смоўжападобныя (для расшырэння адтулін), вітыя і шнэкавыя (для свідравання глыбокіх і чыстых адтулін), коркавыя (для высвідроўвання шыпавых гнёздаў), зянковачныя (для выбаркі канічных упадзін; гл. Зянкоўка), універсальныя. Рэзальную частку С. робяць з легіраванай сталі, аснашчаюць пласцінкамі і каронкамі з цвёрдых сплаваў або кампазіцыйных матэрыялаў.
Свердзел: а — будова спіральнага свердла; б — найбольш пашыраныя віды свердлаў (1 — вінтавы з канічнай заточкай, 2 — лыжачны, 3 — цэнтравы, 4 — завіткападобны, 5 — вінтападобны віты, 6 — вінтападобны шнэкавы, 7 — коркавы, 8 — універсальны рассоўны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАКА́РНЫ СТАНО́К,
станок для апрацоўкі рэзаннем загатовак з металаў і інш. матэрыялаў у выглядзе цел вярчэння; найб. пашыраны тып металарэзных станкоў.
На Т.с. робяць аперацыі: абточванне цыліндрычных, канічных, тарцовых і фасонных паверхняў; адразанне, расточванне; праточванне канавак; наразанне рэзьбаў і інш. Загатоўка атрымлівае вярчэнне ад шпіндэля, рэзальны інструмент перамяшчаецца па розных траекторыях. Адрозніваюцца Т.с. канструкцыяй і тэхнал. магчымасцямі (такарна-вінтарэзныя, -рэвальверныя, -лабавыя, -карусельныя, -запатыльныя і інш.), размяшчэннем восі шпіндэля ў прасторы (гарыз., верт.), колькасцю інструментаў (адна- і шматразцовыя) і шпіндэляў (адна- і шматшпіндэльныя), дакладнасцю, ступенню аўтаматызацыі (звычайныя. паўаўтаматы. аўтаматы) і інш. Існуюць спецыялізаваныя (напр., колатакарныя) і спец., у т. л. для апрацоўкі вырабаў з драўніны, пластмасы і інш. матэрыялаў.
На Беларусі Т.с. з вертыкальным шпіндэлем і з лічбава-праграмным кіраваннем вырабляе Мінскі завод аўтаматычных ліній.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАЛЯ́РНА-ЦЯСЛЯ́РСКІ ІНСТРУМЕ́НТ,
ручны або механізаваны інструмент для апрацоўкі драўніны і інш. драўняных матэрыялаў. Выкарыстоўваецца пры выкананні сталярных работ і цяслярных работ: ім распілоўваюць і надаюць розную прафіляваную паверхню драўляным вырабам, утвараюць гнёзды і адтуліны, пазы, цыклююць і шліфуюць. Падзяляецца на вымяральна-разметачны, рэжучы і дапаможны.
Вымяральна-разметачны інструмент: лінейка, рулетка, кронцыркуль, нутрамер, рэйсмус, адвес, шаблон, вугольнік, ватэрпас, скаба і інш. (гл. таксама Разметка). Для больш дакладных вымярэнняў выкарыстоўваюць глыбінямеры, калібры, мікрометры, розныя штангенінструменты. Рэзальны інструмент: пілы, свердлы, долаты, стругі, дрылі, калаўроты, сякеры, рубанкі і інш. (гл.Дрэварэзальны інструмент), а таксама механізаваныя дрэварэзальныя і дрэваапрацоўчыя ручныя машыны (дыскавыя і ланцуговыя пілы, нажоўкі, электрарубанкі і інш.). Дапаможны інструмент: малаткі, адвёрткі, пласкагубцы, гаечныя ключы, кусачкі, клешчы, метчыкі, тачылы і інш.
Літ.:
Инструменты и приспособления. 2 изд. Мн., 1997;
Умелец в доме. М., 1998.
Сталярна-цяслярскі інструмент: 1 — сякера з тапарышчам; 2 — цяслярскі малаток; 3 — нажоўка па дрэве; 4 і 5 — лучковыя пілы; 6 — лобзік; 7 — наградка (для нескразных прапілаў пазоў); 8 — фанерная піла; 9 — галтэль (для выстругвання жалабкоў); 10 — рубанак-шэрхебель (з прамым і авальным лязом); 11 і 12 — сталярнае і цяслярнае долаты; 13 — шасцяроначны аднаскарасны дрыль; 14 — транспарцір-вугламер; 15 — ватэрпас.