РЭ́ВЕРС (ням. Revers ад лац. reversum павернуты назад),
1) механізм для змены напрамку руху (вярчэння) машыны, рухавіка або асобных іх элементаў на адваротны. У рухавіках Р. найчасцей — крывашыпна-кулісны або кулачковы механізм, у станках — зубчастае зачапленне з дадатковым (прамежкавым) колам.
Р. наз. таксама сам працэс змены напрамку руху на процілеглы — рэверсаванне. Выкарыстоўваецца ў грузападымальных (падыманне, спуск), трансп, (уперад, назад) машынах і інш. У авіяц. і суднавых рухавіках рэверсавання дасягаюць паваротам лопасцей паветраных або грабных вінтоў, у эл. рухавіках пастаяннага току — зменай напрамку току ў абмотках узбуджэння, пераменнага току — пераключэннем дзвюх фаз абмоткі статара (робіцца з дапамогай эл. рэверсара).
2) Адваротны бок медаля, манеты, процілеглы аверсу.
3) У гандлёвым праве пісьмовае абавязацельства адной асобы другой, у якім даюцца гарантыі чаго-небудзь, засведчваецца што-небудзь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВЕ́РС (франц. avers ад лац. adversus павернуты тварам),
правы (галоўны) бок манеты, медаля, банкноты. Аверсам манет, як правіла, лічыцца бок з партрэтам манарха, яго манаграмай або імем ці выявай інш. асобы (пры іх адсутнасці — з гербам або абазначэннем наміналу); на аверсе мемарыяльных манет змешчана сюжэтная выява; медалёў — паведамленне аб нагодзе выпуску; банкнот — герб і подпіс адказных асоб. Параўн.Рэверс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛАВА́Я ПЕРАДА́ЧА,
разнавіднасць перадачы, якая служыць для перадачы мех. энергіі (руху) ад рухавіка да яе спажыўца з павелічэннем вярчальных момантаў (за кошт змяншэння скорасці, частаты вярчэння) або для змены характару руху. У прыводах машын дазваляе ўзгадняць рэжым работы рухавіка і выканаўчых (рабочых) органаў, ажыццяўляць змену напрамку руху (рэверсаванне, або рэверс), пераўтвараць вярчальны рух у паступальны, вінтавы і інш. С.п. бываюць мех. (найб. пашыраны зубчастыя перадачы, ланцуговыя перадачы, раменныя перадачы, фрыкцыйныя перадачы, чарвячныя перадачы), гідраўлічныя перадачы, пнеўматычныя і інш. У некат. машынах С.п. наз. трансмісіяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУСКАРЭГУЛЯВА́ЛЬНАЯ АПАРАТУ́РА,
сукупнасць эл. прылад і апаратаў для пуску, спынення і інш. відаў кіравання рэжымам работы эл. машын, установак і сетак, а таксама для іх аховы пры адхіленнях ад нармальнага рэжыму работы. Да П.а. адносяць выключальнікі, засцерагальнікі, камутатары, кантактары, пускальнікі магнітныя, рэактары электрычныя, рэверсары (гл.Рэверс у тэхніцы), рэле кіравання, камандаапараты, пускавыя рэастаты і інш.
Камандаапарат — эл. апарат для адно- ці шматступеньчатых пераключэнняў у ланцугах кіравання сілавых эл. установак. Для дыстанцыйнага кіравання карыстаюцца яго разнавіднасцямі (камандакантролерамі) з ручным, нажным ці сервапрыводам ад спец. выканаўчага механізма. Пускавы ток магутных эл. рухавікоў абмяжоўваюць з дапамогай пускавых рэастатаў — пераменных рэзістараў у ланцугу рухавіка. Рэастаты бываюць метал. (драцяныя), вадкасныя (эл. супраціўленне рэгулюецца плошчай апускання плоскага электрода ў электраліт) ці вугальныя (слупкі з вугальных шайбаў, эл. супраціўленне якіх мяняецца пры іх сцісканні). Пры канструяванні П.а. ўлічваюцца патрабаванні тэрмічнай устойлівасці, надзейнасці і зносаўстойлівасці кантактаў і пераключальных элементаў і трываласці эл. ізаляцыі, напр., элементы П.а. з эл.-мех. кантактамі замяняюцца больш эканамічнымі і надзейнымі, зробленымі на аснове тырыстарных і транзістарных ключоў, магн. і паўправадніковых элементаў.