Пускавыя рэастаты 4/126

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПУСКАРЭГУЛЯВА́ЛЬНАЯ АПАРАТУ́РА,

сукупнасць эл. прылад і апаратаў для пуску, спынення і інш. відаў кіравання рэжымам работы эл. машын, установак і сетак, а таксама для іх аховы пры адхіленнях ад нармальнага рэжыму работы. Да П.а. адносяць выключальнікі, засцерагальнікі, камутатары, кантактары, пускальнікі магнітныя, рэактары электрычныя, рэверсары (гл. Рэверс у тэхніцы), рэле кіравання, камандаапараты, пускавыя рэастаты і інш.

Камандаапарат — эл. апарат для адно- ці шматступеньчатых пераключэнняў у ланцугах кіравання сілавых эл. установак. Для дыстанцыйнага кіравання карыстаюцца яго разнавіднасцямі (камандакантролерамі) з ручным, нажным ці сервапрыводам ад спец. выканаўчага механізма. Пускавы ток магутных эл. рухавікоў абмяжоўваюць з дапамогай пускавых рэастатаў — пераменных рэзістараў у ланцугу рухавіка. Рэастаты бываюць метал. (драцяныя), вадкасныя (эл. супраціўленне рэгулюецца плошчай апускання плоскага электрода ў электраліт) ці вугальныя (слупкі з вугальных шайбаў, эл. супраціўленне якіх мяняецца пры іх сцісканні). Пры канструяванні П.а. ўлічваюцца патрабаванні тэрмічнай устойлівасці, надзейнасці і зносаўстойлівасці кантактаў і пераключальных элементаў і трываласці эл. ізаляцыі, напр., элементы П.а. з эл.-мех. кантактамі замяняюцца больш эканамічнымі і надзейнымі, зробленымі на аснове тырыстарных і транзістарных ключоў, магн. і паўправадніковых элементаў.

т. 13, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛІ́ВА-ДАБРАВО́ЛЬСКІ (Міхаіл Восіпавіч) (2.1.1862, С.-Пецярбург — 15.11.1919),

расійскі інжынер-вынаходнік у галіне электратэхнікі. Скончыў Дармштацкае вышэйшае тэхн. вучылішча (1884, Германія). Працаваў на электратэхн. з-дах у Германіі. Стварыў асн. часткі сістэмы трохфазнага току: генератар з вярчальным магнітным полем (1888), асінхронны электрарухавік (1889), трансфарматар (1890), сканструяваў фазометр, дзельнік напружання, пускавыя рэастаты і інш. электравымяральныя прылады. Упершыню ажыццявіў перадачу эл. энергіі трохфазнага пераменнага току на адлегласць (каля 170 км; 1891).

Тв.:

Избр. труды (о трехфазном токе). М.; Л., 1948.

Літ.:

Веселовский О.Н. Доливо-Добровольский. М., 1963.

М.В.Даліва-Дабравольскі.

т. 6, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЗІ́СТАР (англ. resistor ад лац. resisto супраціўляюся),

структурны элемент электрычнага ланцуга, прызначаны ў асн. аказваць пэўнае амічнае супраціўленне працяканню эл. току. Адрозніваюцца па значэнні супраціўлення, дапушчальных адхіленнях ад намінальнага значэння, рассейвальнай магутнасці.

У залежнасці ад матэрыялу токаправоднай часткі падзяляюцца на метал., вугляродныя. вадкасныя і паўправадніковыя. Бываюць пастаянныя (з фіксаваным супраціўленнем) і пераменныя, супраціўленне якіх мяняецца мех. перамяшчэннем паўзунка (напр., рэастаты) ці інш. спосабам. Існуюць Р., супраціўленне якіх залежыць ад напружання (варыстары), т-ры (тэрмарэзістары), асветленасці (фотарэзістары), а таксама дэфармацыі (тэнзадатчыкі). Выкарыстоўваюцца для рэгулявання сілы току і напружання ў радыёэлектроннай і інш. апаратуры, вымярэння т-ры, сілы святла і інш., а таксама як награвальныя элементы.

Рэзістары: а — пастаянны (1 — керамічная трубка, 2 — токаправодны слой, 3 — вывад); б — пераменны (1 — токаправодны элемент, 2 — шчотачны кантакт, 3 — вывады).

т. 13, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)