рыштунак

т. 13, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Рыштунак вадалазны 2/541

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АМУНІ́ЦЫЯ (польск. amunicja ад лац. munitio прымацаванне, рыштунак),

устарэлая назва прадметаў (рамяні, сумкі, чахлы і інш.), якія аблягчаюць вайскоўцам нашэнне зброі, боепрыпасаў, асабістых рэчаў і харчавання. Ва ўзбр. Сілах Рэспублікі Беларусь наз. рыштунак ваенны. Конская амуніцыя — рэчы для запрагання, сядлоўкі і наўючання жывёлы.

т. 1, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУНДЗІ́Р (ад лац. mundus убор, убранне),

1) верхняя частка ваеннага і цывільнага адзення, пры якой належала насіць галаўны ўбор, зброю і ордэны. У пач. 17 ст. тэрмін «М.» абазначаў усё абмундзіраванне вайсковае, а таксама рыштунак салдата і афіцэра (у Расіі — стральцоў).

2) Частка форменнага адзення ваеннаслужачых у арміях шэрагу краін. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь тэрмін «М.» не выкарыстоўваецца. Гл. таксама Форма адзення.

С.​М.​Абрамаў.

т. 11, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТУПЕ́Я (франц. porte-épée ад porter насіць + épée шпага),

частка воінскага рыштунку ў выглядзе вузкіх рамянёў рознай даўжыні, якія носяць ваеннаслужачыя цераз плячо і каля бядра. Верхняя (плечавая) П. была прызначана для падтрымкі паяснога рамня, падвешанай на ім халоднай (шашка, шабля), потым агнястрэльнай (пісталет, рэвальвер) зброі, біклагі і інш. Ніжняя (паясная) П. служыць для прышпільвання пісталетнай кабуры, шашкі (шаблі, корціка) і інш. Гл. таксама Рыштунак ваенны.

т. 12, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́МЧЫШЧА,

месца з рэшткамі разнастайных сярэдневяковых умацаванняў, якія ўключалі комплекс абарончых і жылых пабудоў на тэр. дзядзінца (земляныя валы са сценамі, вежамі і інш. элементы абароны). У Беларусі З. называюцца рэшткі ўмацаваных паселішчаў розных часоў, якія ўключалі гарадзішчы, гар. цытадэлі, каралеўскія і прыватнаўласніцкія замкі. На даследаваных З. (Ваўкавыск, Мінск, Навагрудак, Полацк і інш.) выяўлены драўляныя і мураваныя фартыфікацыйныя збудаванні, прадметы матэрыяльнай культуры (зброя, посуд, буд. і ваенны рыштунак, арх.-дэкар. кераміка).

т. 6, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАЗО́НКІ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі жанчыны-ваяўніцы, якія жылі ў Малой Азіі ці ў перадгор’ях Каўказа. У пэўную пару года Амазонкі ўступалі ў блізкія адносіны з мужчынамі з мэтай захавання роду. Народжаных хлопчыкаў аддавалі на выхаванне бацькам ці забівалі, дзяўчынак пакідалі сабе і рыхтавалі іх да вайны. Амазонкі ўзбройваліся лукамі, баявымі сякерамі, лёгкімі шчытамі, самі выраблялі адзенне, шлемы і інш. вайсковы рыштунак.

Бітва грэкаў з амазонкамі. Фрагмент размалёўкі кратэра. Каля 460 да н.э.

т. 1, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОРД,

сякучая зброя блізкага бою з адналязовым простым або злёгку выгнутым клінком; пераходны варыянт ад мяча да шаблі. Быў пашыраны ў сярэдневяковай Зах. Еўропе. На Беларусі шырока выкарыстоўваўся ў 15—17 ст., калі стаў уваходзіць у баявы рыштунак шляхецкага войска. Пазней доўга заставаўся асабістай зброяй дробнай шляхты. У пісьмовых крыніцах 16—18 ст. К. часта называлі сякучую зброю з доўгім клінком. На Беларусі цэлы К. знойдзены археолагамі каля Ліды.

Г.​М.​Сагановіч.

Корд з Ліды. 15 ст.

т. 8, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ ДРЭВААПРАЦО́ЎЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ «ГОМЕЛЬДРЭ́Ў».

Засн. ў 1929 як дрэваапрацоўчы камбінат разам з фабр.-зав. вучылішчам. Выпускаў мэблю, паркет, драбіны, піламатэрыялы, тару. У 1941 вырабляў лыжы для самалётаў, скрыні для снарадаў, рыштунак для ваенізаваных абозаў, потым эвакуіраваны ў Сталінград, дзе выпускаў прадукцыю для фронту. У 1944 адноўлены ў Гомелі. У 1971 на базе камбіната (галаўное прадпрыемства) створана дрэваапр. аб’яднанне з філіяламі. Асн. прадукцыя (1997): корпусная і офісная мэбля, камплекты для гасцінай, сталовай, спальныя гарнітуры, шафы для абутку, тумбы для радыё-, відэа- і тэлеапаратуры, сталы абедзенныя і пісьмовыя, мяккая мэбля, багет, карнізы, запалкі і інш.

т. 5, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАКАМБІНЕЗО́Н, гідракасцюм (ад гідра... + франц. combinaison камбінаванае адзенне),

вадалазны рыштунак лёгкага тыпу, які засцерагае вадалаза ад пераахаладжэння і траўмаў пры работах пад вадой. Бываюць воданепранікальныя («сухія», ізалююць цела вадалаза ад вады) і водапранікальныя («мокрыя», утрымліваюць ваду, якая пранікла праз гідракамбінезон і сагрэта целам вадалаза). Складаецца са шлема, кашулі з пальчаткамі (або без іх) і штаноў з ботамі. Да шлема далучаюцца трубкі дыхальнага апарата. Прызначаны для спуску на глыбіню да 20 м.

Да арт. Гідракамбінезон. Глыбакаводнае вадалазнае аснашчэнне: 1 — светлавая прылада, 2 — каска; 3 — дыхальны апарат; 4 — размеркавальная скрынка; 5 — гідракамбінезон; 6 — вадалазныя боты.

т. 5, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)