Фларэнційская акадэмія рысунка 2/555

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРНІТУ́РА шрыфту,

камплект друкарскіх шрыфтоў аднаго рысунка. У пэўнай гарнітуры шрыфты адрозніваюцца абрысам (прамы, курсіўны і інш.), рознымі памерамі — кеглем (тэкставыя ад 6-га — нанпарэль да 12-га — цыцэра, тытульныя і загаловачныя ад 14 да 48-га), насычанасцю (светлая, паўтлустая і інш.). Камплектнасць гарнітуры залежыць ад тыпу наборных працэсаў. Звычайна друкарні маюць некалькі дзесяткаў гарнітур — тэкставых, тытульных, акцыдэнтных (дэкаратыўных), афішна-плакатных. Ёсць гарнітура літаратурная, новая газетная, школьная, часопісная сечаная, акадэмічная, кудрашоўская энцыклапедычная, звычайная новая і інш. Гэты тэкст набраны гарнітурай таймс.

т. 5, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЦЕ́ЙКА (Людміла Леанідаўна) (н. 13.3.1947, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),

бел. мастак. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1975). Сярод твораў: габелены «Свята жыцця» (1984), «Палессе» (1985), «Кветкі Усць-Ілімску» (1986), «Вясна» (1990), трыпціх «Мой родны кут» (1997), жывапісныя кампазіцыі «Экспромт» (1986), «Вясковае лета» (1988), «Песня вясны», «Метамарфозы» (абедзве 1989), цыклы «Святло» (1991), «Кветкі зямлі» (1997—2000); серыя акварэляў «Вясна ў Гурзуфе» (1986) і інш. Творы вылучаюцца вытанчанасцю рысунка, багатай нюансіроўкай колеравых суадносін, ураўнаважанасцю кампазіцыі.

Л.​Ф.​Салавей.

Л.Пуцейка. Габелен «Вясна». 1990.

т. 13, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭА́Л (ад лацінскага area плошча, прастора),

вобласць пашырэння на зямной паверхні якой-небудзь з’явы, відаў жывёл, раслін, карысных выкапняў і інш., а таксама рассялення людзей у выніку міграцыі. На геаграфічных картах арэал перадаецца абмежаваннем яго лініямі рознага колеру і рысунка, афарбоўкай, штрыхоўкай і інш. У біягеаграфіі арэал — вобласць пашырэння групы жывых арганізмаў, у эканамічнай геаграфіі — сельскагаспадарчых культур або галін прамысловасці, у геаграфіі насельніцтва — канцэнтрацыі насельніцтва і інш.

Межы арэала залежаць ад клімату, глебы, рэльефу, біялагічных фактараў, часцей за ўсё ад іх сумарнага ўплыву. Арэал бывае адносна ўстойлівы, расшыраецца або скарачаецца. Арэал касмапалітычны займае значную частку тэрыторыі зямнога шара, эндэмічны — невялікую вобласць. Адрозніваюць арэалы суцэльныя (віды пастаянна сустракаюцца ў адпаведных ім біятопах), разарваныя (складаюцца з некалькіх адасобленых частак), стужкавыя (вузкія палосы, напрыклад, уздоўж рэк).

На тэрыторыі Беларусі праходзяць граніцы арэалаў многіх відаў раслін, птушак, некаторых відаў млекакормячых. Вывучэнне арэалаў памагае рэгуляваць пашырэнне жывёл і раслін, правільна выкарыстоўваць іх, весці барацьбу са шкоднікамі.

т. 2, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКАНСТРУ́КЦЫЯ ў архітэктуры,

1) карэнная перабудова населенага пункта, абнаўленне горада (яго планіроўкі, забудовы і добраўпарадкавання), выкліканыя сац.-эканам., сан.-гігіенічнымі і арх.-маст. патрабаваннямі. У Зах. Еўропе Р. вядомы з эпохі Адраджэння. На Беларусі першыя Р. гарадоў зроблены ў 16 — пач. 17 ст. на аснове рэгулярных планаў пад уплывам горадабуд. ідэй Адраджэння (Нясвіж, Слуцк Мінскай, Быхаў Магілёўскай абл.). У канцы 18—19 ст. Р. вялася з вырашэннем задач землекарыстання, арх.-планіровачнай будовы паводле дакладнай рэгулярнай схемы адпаведна горадабуд. прынцыпам стылю класіцызму, забудовы цэнтр. раёнаў гарадоў на новай рацыянальнай аснове. З 2-й пал. 20 ст. Р. прадугледжваецца генпланамі развіцця гарадоў, ажыццяўляецца на аснове дасягненняў навукі і тэхнікі.

2) Аднаўленне першапачатковага аблічча па рэштках, выяўл. матэрыялах ці апісаннях помніка (Р. помніка архітэктуры, горадабуд. ансамбля, твора скульптуры ці дэкар.-прыкладнога мастацтва). Таксама Р. — гэта і праект такога аднаўлення (у выглядзе рысунка, чарцяжа, апісання), напр., Р. цэркваў Спаса-Ефрасіннеўскай у г. Полацк (П.​А.​Рапапорт), Барысаглебскай у Гродне (М.​М.​Варонін), Дабравешчанскай у Віцебску (Г.​А.​Лаўрэцкі), замка ў г.п. Мір Карэліцкага р-на (В.​В.​Калнін), гіст. ч. Мінска — Верхняга горада (С.​Г.​Багласаў), шэрагу драўляных замкаў, палацаў, сядзіб (Ю.​А.​Якімовіч) і інш. Навук., глыбока аргументаваная Р. помніка можа быць важным матэрыялам яго наступнай рэстаўрацыі. У адрозненне ад рэстаўрацыі Р. не абавязкова прадугледжвае практычнае аднаўленне помніка.

3) Перабудова будынка з мэтай паляпшэння яго функцыянавання ці выкарыстання ў новым прызначэнні.

Т.​В.​Габрусь.

т. 13, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)