Рызоіды 2/131, 482; 9/211

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́РКІЯ ІРЛА́НДСКАЯ (Moerckia hibernica),

слаявінны юнгерманіевы пячоначны мох сям. палавічыніевых. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі адзначана ў наваколлі г.п. Лельчыцы Гомельскай вобл., занесена ў Чырв. кнігу як рэдкі барэальны еўрасібірска-амерыканскі від. Трапляецца на лясным подсціле ў вільготных цяністых лясах.

Слаявіна распасцёртая, зялёная або жаўтавата-зялёная з кучаравым краем. Сярэдняе рабро патоўшчанае, знізу мае рызоіды. Вонкавая абгортка спарагонія глыбокаразрэзаная, складаецца з лісцікаў, зрослых каля асновы. Каробачка на ножцы, авальная, чырв.-бурая, раскрываецца падоўжнымі створкамі.

Меркія ірландская.

т. 10, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБА́РЫЯ (Lobaria),

род ліставатых лішайнікаў сям. лабарыевых. 80 відаў. Пашыраны ва ўмеранай, трапічнай і субтрапічнай зонах абодвух паўшар’яў. На Беларусі 2 віды Л.: лёгачная (L. pulmonaria), занесена ў Чырв. кнігу, і ямчатая (L. scrobiculata). Трапляецца пераважна ў лясах на ствалах і галінах, радзей — на скалах.

Слаявіна буйналіставатая з шырокімі лопасцямі, дыяметр 5—30 см. Зверху — характэрны сеткавы малюнак, знізу — кароткія раснічастыя рызоіды, месцамі голая. Пладовыя целы сподкападобныя Споры бясколерныя ці афарбаваныя, 2—10-клетачныя. Фікабіёнты з груп Trebouxia i Myrmecia.

У.​У.​Галубкоў.

Лабарыя лёгачная.

т. 9, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРША́НЦЫЯ (Marchantia),

род пячоначных імхоў сям. маршанцыевых. Каля 70 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі М. зменлівая (M. polimorpha) трапляецца на вільготных мясцінах, вогнішчах, каля жылля.

Слаявіна зялёная, плоская, стужкападобная, шыр. 1—2 см, даўж. да 10 см, злёгку скурыстая ці паперападобная. Паветраныя камеры запоўнены асіміляцыйнай тканкай. Зверху на слаявіне знаходзяцца вывадкавыя кошыкі для вегетатыўнага размнажэння, знізу рызоіды і брушныя лускавінкі. Архегоніі і антэрыдыі на падстаўках з доўгімі ножкамі. Светла-жоўтая каробачка на ножцы. Спараносіць улетку. Першасныя глеба- і торфаўтваральнікі.

Маршанцыя зменлівая: 1 — слаявіна з жаночымі падстаўкамі; 2 — з мужчынскімі падстаўкамі; 3 — вывадковыя кошыкі (павялічана).

т. 10, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУКАРА́ЛЬНЫЯ (Mucorales),

парадак зігаміцэтавых грыбоў. 8 сям., каля 400 відаў. Пашыраны ўсюды. Пераважна сапратрофы; узбуджальнікі хвароб чалавека і жывёл, гнілі і цвілі пладоў, караняплодаў і інш. Трапляюцца на раслінных рэштках, глебе, харч. прадуктах, паразітуюць на грыбах.

Міцэлій добра развіты, галінасты, пераважна няклетачны, з узростам можа ўтвараць перагародкі, доўгія гіфы, рызоіды, хламідаспоры або распадацца на асобныя клеткі. Спарангіі шарападобнай формы, маюць нерухомыя споры або канідыі. Палавы працэс — зігагамія (зліццё 2 недыферэнцыраваных на гаметы клетак). Зігаспора з тоўстай абалонкай. Некат. віды маюць высокую ферментатыўную актыўнасць і выкарыстоўваюцца для атрымання антыбіётыкаў, дражджэй.

С.​І.​Бельская.

т. 11, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯЧО́НАЧНЫЯ ІМХІ́.

пячоначнікі (Marchantiopsida або Hepaticopsida), клас мохападобных. 2 падкл.: маршанцыевыя імхі і юнгерманіевыя імхі. Каля 60 сям., каля 300 родаў, больш за 6 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 85 відаў з 43 родаў, 26 сямействаў. Найб. вядомыя маршанцыя, рычыя, блазія, пелія, прэйсія, рыкардыя, рычыякарпус. Растуць пераважна ў вільготных і забалочаных лясах (асабліва ельніках), на кары дрэў, глебе, гнілой драўніне, камянях, на паверхні або ў тоўшчы вады, на агародах і палетках.

Слаявінныя або лістасцябловыя расліны памерам ад некалькіх міліметраў да некалькіх сантыметраў. Рызоіды аднаклетачныя, ніткападобныя. Гаметафіт мае слаявінную або лістасцябловую форму разнастайнай будовы. Антэрыдыі акруглыя або прадаўгаватыя, на ножцы. Архегоніі размешчаны на асобных бакавых ці брушных галінках. П.м. — першасныя глеба- і торфаўтваральнікі, ахоўваюць глебу ад эрозіі; часам — пустазелле.

Літ.:

Жизнь растений. Т. 4. М., 1978;

Водоросли, лишайники и мохообразные СССР. М., 1978;

Рыковский Г.Ф. Мохообразные Березинского биосферного заповедника. Мн., 1980.

Г.​Ф.​Рыкоўскі.

т. 13, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)