РЫЗО́ПУС (Rhizopus),

род зігаміцэтавых грыбоў сям. мукоравых. 11 відаў. Пашыраны паўсюдна. Трапляюцца ў глебе, на раслінах і раслінных рэштках, харч. прадуктах, экскрэментах. Выклікаюць псаванне (гніенне) кармоў, збожжа, прадуктаў, ёсць патагенныя для жывёл і чалавека.

Міцэлій паветраны, пушысты, дыферэнцыраваны звычайна на сталоны, спарангіяносцы і рызоіды. Спарангіі шарападобныя. У выніку палавога працэсу паяўляюцца зігаспоры. Некат. віды маюць высокую ферментатыўную актыўнасць. У краінах Азіі выкарыстоўваюцца як кампанент закваскі (т.зв. кітайскія дрожджы) або для вытв-сці зброджаных прадуктаў харчавання (соевы сыр).

С.​І.​Бельская.

т. 13, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)