ДАВЫ́ДАВА-МЕ́ДЭНЕ ((Davidova-Medene) Леа Мацісаўна) (31.3.1921, хутар Новадніекі, Салдускі р-н, Латвія — 31.7.1986, латышскі скульптар. Засл. дз. маст. Латвіі (1966). Вучылася ў Рыжскай АМ (1941—49) у Т.Залькална. Аўтар партрэтаў дырыжора Л.​Вігнера (1955),

мастакоў Л.​Букоўскага (1957), П.​Упітыса (1960), К.​Земдэгі (1962—65), «Руцаўская рыбачка» (1958), пісьменнікаў М.​Кемпэ (1961), А.​Упіта (1964), актрысы Л.​Эрыкі (1969) і інш.

Л.Давыдава-Медэне. Партрэт актрысы Ліліі Эрыкі. 1969.

т. 5, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСЕ́ЦКІ (Канут Іванавіч) (1801, в. Сцебекяй каля, г. Паневяжыс, Літва — 21.8.1860),

жывапісец, педагог; прадстаўнік класіцызму. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі і Літвы. Вучыўся ў Віленскім ун-це (1818—21), у АМ у Парыжы (1821—22) і Рыме (1823—25), там жа стыпендыят Віленскага ун-та (1826—31). З 1831 у Вільні, з 1834 выкладчык жывапісу і малюнка ў шляхецкім пансіёне, у 1839—48 — шляхецкім ін-це. У 1840-я г. на Беларусі. Пісаў партрэты, пейзажы, працаваў у акварэлі. Сярод твораў: «Італьянец усміхаецца» (1823), «Клятва карбанарыяў» (1826), «Уцёкі ў Егіпет» (1828), аўтапартрэт, партрэт сына (1843), «Жняя», «Партрэт бацькі» (абодва 1845), «Літоўка з вербамі» (1847), «Паляванне на зуброў» (1844—51), «Панарама горада Вільні» (1850), «Селянін з мётламі» (1851), «Літоўская рыбачка» (1856), «Млын Патоцкага ў Паплавах» (1855), «Пейзаж са скачкамі», «Вербная нядзеля» і інш. Аўтар шэрагу пейзажаў ваколіц Навагрудка, Ашмяншчыны, Белавежскай пушчы, у якіх этнагр. дакладнасць выдатна спалучаецца з выразнай манерай пісьма.

Літ.:

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.

Р.​Р.​Бадзін.

К.Русецкі. Літоўка з вербамі. 1847.

т. 13, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯ́ДНЫЯ ПЕ́СНІ,

калядкі, жанр стараж. нар. абрадавых песень зімовага цыкла каляндарна-земляробчага фальклору. Спяваюцца пры калядаванні. Пашыраны ў індаеўрап., у т. л. слав. народаў. На Беларусі найб. распаўсюджаны ў паўд. і цэнтр. раёнах. Сінкрэтычна звязаны з нар. гульнямі і тэатр. паказамі пераапранутых. Іх прызначэнне ў старажытнасці — наблізіць надыход сонечнага цяпла і паспрыяць багатаму ўраджаю. Вызначаюцца святочна-прыўзнятым ці гулліва-гумарыст. настроем. Паводле зместу К.п. — велічальнае віншаванне гаспадароў хаты, пажаданне ім дабра і заможнасці, услаўленне іх працавітасці і шчодрасці, ухваленні дарослых дачкі і сына, дабрадушныя кепікі з дзеда і старой. Прац. тэматыка часта спалучаецца са шлюбнымі матывамі. Тыповыя для К.п. і замалёўкі са свету звяроў, свойскай жывёлы і птушак, апяванне самой персаніфікаванай Каляды з мехам пірагоў, вясёлых зімовых свят, з якімі селяніну так не хочацца развітвацца («Ай, калядачкі, вы вярніцеся», «Каб калядачак цэлы гадочак»). У паэт. тэкстах некат. К.п. ёсць гіст. матывы, чутны адгалоскі войнаў. Урадлівасць і багацце пададзены ў іх гіпербалізавана, а карціны прыроды набываюць часам касм. формы («Ходзіць-паходзіць месяц па небу, кліча-пакліча зоры з сабою»). Для каляднай вобразнасці найб. характэрны амбівалентныя карнавалізаваныя ператварэнні: «каза», якая ўсімі ўшаноўвалася, «упала, здохла і прапала», а потым уваскрэсла ў скоках; дыялогі і спрэчкі жывёл, птушак і рыб рэзюмуюцца нечаканымі змяшчэннямі: «З цябе, рыбачка, смачная юшка, а з мяне, арла — мяккая падушка». К.п. характэрны сталыя рэфрэны, перакліканне запявалы з хорам, слоўныя прыгаворы перад спяваннем і пасля яго. Напевы К.п. тыпалагічна акрэсленыя і надзвычай устойлівыя; найчасцей квінтавыя з дакладнай структурай і характэрнай калядкавай рытмаформулай («А ў борку, ў борку», «За мхом, за мхом на пожанкі»). Гучанне маляўнічае дзякуючы багатым тэмбравым зрухам і розным гукапераймальным прыёмам, абумоўленым сувяззю з тэатралізаванай гульнёй. У паўд. (Палессе) і цэнтр. раёнах Беларусі пераважаюць песні святочна-прыўзнятага характару са звонкімі рэфрэнамі-воклічамі, у паўн. (Паазер’е) — гарэзліва-гуллівыя, ва ўсх. набліжаюцца да распеўных лірычных або пластычных карагодных песень. Агульныя з калядкамі тыпы напеваў, акрамя навагодніх віншаванняў-прыгавораў, маюць шчадроўскія песні. Зберагліся ў побыце вёскі і бытуюць як вясёлая навагодняя карнавальная забава.

Публ.:

Зімовыя песні: Калядкі і шчадроўкі / Скл. А.​І.​Гурскі, З.​Я.​Мажэйка. Мн., 1975 (Бел. нар. творчасць);

Беларускія народныя песні / Запіс Р.​Шырмы. Т. 3. Мн., 1962;

Анталогія беларускай народнай песні. 2 выд. Мн., 1975;

Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983.

Літ.:

Можейко З.Я. Коляда в белорусском полесском селе // Сов. этнография. 1969. №3;

Гурский А.И. Зимняя поэзия белорусов. Мн., 1980.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 7, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)