Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ТАЛЬСКІЯ РУЧНІКІ́,
традыцыйныя тканыя ручнікі, якія вырабляюць ткачыхі ў в. Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Вядомы з канца 18 ст. Даўжыня М.р. 210—240 см, шыр. 30—33 см. Ткуць «у елачку» пераборнай тэхнікай у 4 ніты, снуюць у 8—10 пасмаў. Традыц. колер узораў — чырвоны з чорным, пазней з сінім, зялёным. Кампазіцыя ручнікоў 2 відаў: у адным па аснове праходзяць 2—3-каляровыя, пазней 4-каляровыя палоскі-коскі, у другіх — па ўтку шмат каляровых арнаментальных палосак («затканыя беражкамі»), што перасякаюцца з каляровымі палоскамі асновы. Даўней іх аснова і ўток былі з ільняных нітак, а ўзор натыкалі горынню; у наш час ткуць з ільняных, баваўняных нітак, а ўзор натыкаюць мулінэ, ірысам. Па канцах ручнікоў арнаментальны малюнак («у зборы», «у кветкі», «у лісты», «у жучкі») займае 7—8 см. Заканчваюцца традыц.ручнікі карункамі, якія плялі з нітак асновы ўручную (цяпер вяжуць кручком). У 1977 у в. Моталь створаны ткацкі цэх Пінскай ф-кі маст. вырабаў.
М.П.Жабінская.
Да арт.Мотальскія ручнікі. В.Лукашэвіч. Ручнік. 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ГЛЮБСКІЯ РУЧНІКІ́,
традыцыйныя тканыя ручнікі, якія вырабляюць ткачыхі з в. Неглюбка і навакольных вёсак Веткаўскага р-на Гомельскай вобл. Вядомы з сярэдзіны 19 ст. Ткуць з ільняных, баваўняных нітак, часам дадаюць мулінэ, шоўк, ірыс; даўж. ручніка 350—500 см, шыр. 40—50 см, арнамент 80—140 см на кожным канцы. Тэхніка ткання браная і пераборная. Пераважае старадаўні геам. і геам.-расл. арнамент, які часам мае асаблівыя назвы («крывулі», «кепцы» і інш.). Узор, змешчаны на канцы ручнікоў, складаецца з 5—9 шырокіх гарыз. арнаментальных палос, дзе 2—4 рознага ўзору, далей шырокая іншага характару, потым у люстэркавым адбіцці паўтараюцца першыя. Сярэдзіна ручніка запаўняецца рытмічна размешчанымі вузкімі каляровымі арнаментальнымі палоскамі. Канец з трох бакоў абшываецца кароценькімі, у колер закладак мохрыкамі, часам аздабляецца карункамі, вязанымі кручком. Колеравая гама Н.р. яркая, пераважае чырвоны, пашыраны чорны і белы колеры. У апошні час трапляецца зялёны, сіні, жоўты. У 1977 у в. Неглюбка створаны ткацкі цэх Гомельскай фабрыкі мастацкіх вырабаў. Сярод ткачых Е. і М. Барсуковы, Г.Грынькова, Т.Дзеранок, Е.Кавалёва, М.Кароткая, М.І. і М.П. Каўтуновы, С.Мельнікава, М.Прыходзька. Г.Суглоб, В.Халюкова і інш. Н.р. экспанаваліся на айч. і сусв. выстаўках.
Літ.:
Жабінская М.П. Мастацтва сяла Няглюбка: [Фотаальбом]. Мн., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́ХАВІЦКІЯ РУЧНІКІ́,
тып традыц. тканых ручнікоў, якія вырабляюцца нар. майстрамі пераважна ў Ляхавіцкім, а таксама Баранавіцкім, Ганцавіцкім р-нах Брэсцкай вобл. Вядомы з сярэдзіны 19 ст. Даўжыня ручнікоў 310—400 см, шыр. 26—30 см. Ткуць з адбеленага кужалю або белай бавоўны. Кампазіцыя аздобы ствараецца чаргаваннем папярочных суцэльных і пункцірных палосак рознай шырыні, якія групуюцца ў шлякі — на канцах шырокія, шчыльныя, да сярэдзіны вузкія, рэдка размешчаныя. Узор ствараецца чырвонымі ніткамі ўтку з невял. ўкрапінамі чорных, цёмна-сініх, жоўтых. Тэхніка ткання шматнітовая, часам закладная. Аздабляюць на канцах мохрыкамі, утворанымі з нітак асновы, кутасамі, карункамі. Аздабленне і каларыстычная гама блізкая да афармлення нар. адзення, розных відаў маст. тканін гэтай этнагр. зоны.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Ляхавіцкія ручнікі. Фрагмент ручніка з в. Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна. Пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІЯ РУЧНІКІ́,
тып традыц. тканых ручнікоў, якія вырабляюцца нар. майстрамі вёсак Браслаўскага, Віцебскага, Міёрскага, Шаркаўшчынскага р-наў Віцебскай вобл., а таксама стараверамі Паазер’я. Вядомы з 19 ст.Даўж. 120—300 см, шыр. 23—30 см. Ткуць іх з адбеленага кужалю або белай бавоўны, аздабляючы на канцах карункамі, мохрыкамі. Узор ствараецца «выкладаннем» чырвоных, чорных, блакітных, жоўтых баваўняных нітак (выбарнае ткацтва), закладной тэхнікай, якая нагадвае вышыўку па гатовай тканіне. У арнаментыцы пашыраны раслінныя, геам., антрапаморфныя і зааморфныя матывы. Віцебскім ручнікам уласцівы сюжэтнасць арнаментальных кампазіцый, паліхромнасць каларыстычнай гамы, перавага белага фону ў месцах размяшчэння дэкору.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕРАНО́К (Таццяна Фёдараўна) (н. 1.7.1920, в. Неглюбка Веткаўскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. майстар нар.маст. ткацтва. Жыве і працуе ў в. Неглюбка. У тэхніках закладнога і пераборнага ткацтва вырабляе ручнікі, аздобленыя геам. арнаментам (спалучэнне чырвонага і чорнага колераў на белым фоне), які шчыльнымі палосамі ўкрывае б.ч. паверхні вырабаў (гл.Неглюбскія ручнікі). Кіруе гуртком «Юныя ткачыхі» пры Неглюбскай сярэдняй школе (з 1979).