Рупар 9/183

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ПАР (галанд. roeper ад roepen крычаць),

адрэзак трубы звычайна круглага або прамавугольнага сячэння з плаўна павялічвальнымі папярочнымі памерамі. Прыстаўлены вузкім канцом да крыніцы гуку, Р. узмацняе яго (канцэнтруе гукавую энергію ў напрамку сваёй восі), а накіраваны шырокім канцом на прымаемы гук — канцэнтруе яго каля прыёмніка гуку (напр., вуха). Р. найчасцей выкарыстоўваюцца ў рупарных гучнагаварыцелях і мегафонах (прызначаны для ўзмацнення гучання галасу ў месцах з павышаным узроўнем шуму).

т. 13, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ПАРНА-ЛЮСТРА́НАЯ АНТЭ́НА накіраваная антэна ў выглядзе спалучэння рупара з адным ці больш люстэркамі. Сферычная хваля, узбуджаная на вяршыні рупара, пераўтвараецца ў плоскую хвалю пасля адбіцця люстэркамі. Найб. пашырана рупарна-парабалічная антэна, дзе рупар аб’яднаны з парабалічным люстэркам, у фокусе якога размешчана вяршыня рупара. Такія антэны выкарыстоўваюцца ў радыёрэлейных лініях сувязі, для сувязі з ШСЗ і інш.

Рупарна-люстраная антэна: 1 — рупарны апрамяняльнік; 2 — фронт хвалі, што падае на люстэрка; 3 — фронт адбітай хвалі; 4 — люстэрка; F — фокус люстэрка.

т. 13, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ТЛЕДЖ, Сатладж (у ніжнім цячэнні наз. Панджнад),

рака ў Пакістане, Індыі і Кітаі, самы буйны (левы) прыток р. Інд. Даўж. 1450 км, пл. басейна 395 тыс. км². Вытокі на Тыбецкім нагор’і, на схілах хр. Кайлас. У вярхоўях цячэ па шырокай даліне ўздоўж паўн. падножжа Гімалаяў, перасякае іх у вузкай цясніне, потым выходзіць на раўніну Пенджаба і цячэ па ёй да вусця. Асн. прытокі: Біяс і Чынаб (справа). Сярэдні расход вады каля г. Рупар каля 500 м³/с, макс. летам (каля 20 тыс. м³/с). Гідратэхн. комплекс Бхакра-Нангал (Індыя). У межах Пенджаба ад С. адыходзяць буйныя арашальныя каналы. Суднаходная ў разводдзе на асобных участках. На С. — гарады Нангал, Лудхіяна (Індыя), Бахавалпур (Пакістан).

т. 14, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)