ручная агнястрэльная і пнеўматычная зброя з доўгім ненаразным ствалом; разнавіднасць стрэльбы. Агнястрэльныя Р. бываюць баявыя, паляўнічыя і спартыўныя; прызначаны для стральбы шротам, карцеччу і спец. свінцовымі кулямі. Пнеўматычныя (духавыя) Р. — спартыўныя, спружынныя або газабалонныя, дзейнічаюць ад сціснутага паветра ці інш. газу (гл.Пнеўматычная зброя).
Баявыя Р. (аркебуза, куляўрына, пішчаль, петрыналь) з’явіліся ў 14—15 ст., з 16 ст. пашырыліся кнотавыя Р. — мушкеты. Са стварэннем ударна-крамянёвага замка (16 ст.) і штыка з трубкай (17 ст.) усталяваўся тып баявога дульназараднага Р., якое стала асн. зброяй пяхоты да 1840-х г. (гл.Крамянёвая зброя), калі было заменена капсульным. У 2-й пал. 19 ст. гладкаствольныя Р. заменены наразнымі вінтоўкамі (гладкаствольныя Р. захаваліся як паляўнічыя). Паляўнічыя Р. больш лёгкія за баявыя; аднаствольныя з’явіліся ў 17 ст. (гл.Паляўнічая зброя). Яны былі шомпальныя (зараджаліся з дула з дапамогай шомпала), у пач. 20 ст. выцеснены казназараднымі Р. (зараджаліся унітарным патронам з задняй — т.зв. казённай — часткі ствала). Сучасныя паляўнічыя Р. прызначаны для прамысл. і спарт. (аматарскага) палявання, для спарт. стральбы на стэндзе (дакладная класіфікацыя Р. і тэрміналогія пакуль не ўсталяваліся). У 2-ю сусв. вайну шырока выкарыстоўвалася процітанкавая наразная стрэльба (усталяваная назва — процітанкавае ружжо).
В.І.Вараб’ёў.
Ружжо: а—г — кнотавы, калясцовы, крамянёвы і капсульны замкі (1 — курок, 2 — капсуль, 3 — запальны стрыжань, 4 — запал, 5 — зарад); д — ружжо аўтаматычнае магазіннае; е — двухствольнае з двума куркамі; ж — з ручным «помпавым» перазараджэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Вінтавое ружжо 3/98
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОЦІТА́НКАВАЕ РУЖЖО́,
наразная агнястрэльная зброя для паражэння браніраваных цэлей на адлегласці да 500 м. З’явіліся ў канцы 1-й сусв. вайны. Шырока выкарыстоўваліся ў 2-ю сусв. вайну. Існавалі адназараднае П.р. канструкцыі В.А.Дзегцярова, магазіннае самазараднае С.Г.Сіманава і інш.
Р.І.Флярко.
Процітанкавае ружжо. 1 — канструкцыі Дзегцярова; 2 — канструкцыі Сіманава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯЎНІ́ЧАЯ ЗБРО́Я,
халодная і агнястрэльная зброя для палявання на дзікіх звяроў і птушак, а таксама для спартыўных мэт. З глыбокай старажытнасці як П.з. выкарыстоўваліся апрацаваныя камяні, каменная сякера, кап’ё, дроцік, прашча, суліца, пазней — рагаціна, кінжал, нажы. Найважнейшымі якасцямі розных відаў П.з. была магчымасць дзеяння іх на аддаленні ад аб’екта палявання і паўторнае выкарыстанне.
Вял. значэнне мела вынаходства лука, які на працягу многіх тысячагоддзяў (аж да з’яўлення агнястрэльнай зброі) быў асн. відам П.з. ў большасці народаў (некаторыя народнасці-абарыгены карыстаюцца ім і цяпер, а стральба з лука стала самаст. відам спорту). З 1-га тыс. да н.э. на Крайняй Поўначы для палявання на марскіх звяроў выкарыстоўваўся гарпун — кідальнае дрэўка з зубчастым касцяным або метал. наканечнікам, які пасля пападання заставаўся ў целе жывёлы і цягнуў на рэмені бачнае на вадзе дрэўка. Сучасны гарпун — метал. страла на канаце, якая мае галоўку з раскрыўнымі лапамі і навінчанай гранатай, што разрываецца ў целе жывёлы; выстрэльваецца гарпуннай пушкай. У Інданезіі і Паўд. Амерыцы выкарыстоўвалася духавое ружжо — трубка (даўж. да 3 м), укладзеная ў другую трубку. Пад ціскам паветра, што ўдзімалася стралком, атручаныя стрэлы ляцелі да 40 м, паражаючы жывёл (пераважна птушак). У Стараж. Егіпце і Аўстраліі для палявання шырока выкарыстоўваўся бумеранг, які пры промаху вяртаўся да паляўнічага. У 10 ст. ў Кіеўскай Русі з’явіўся лук-самастрэл — арбалет (у Зах. Еўропе пашырыўся ў 12 ст.). Новы этап у развіцці П.з. пачаўся з паяўленнем агнястрэльнай зброі (у 12 ст. ў арабаў — модфа, у 14 ст. ў Зах. Еўропе і на Русі). У 14—15 ст. з’явіліся гладкаствольныя ружжы — аркебуза, куляўрына, пішчаль, у 16 ст. — вінтоўкі (у т. л.штуцэры), пасля вынаходства кнотавага замка створаны мушкет. З 17 ст. для палявання акрамя ваенных пачалі выкарыстоўвацца спец. паляўнічыя стрэльбы — аднаствольныя, а з 1738 двухствольныя. З 16 ст. знайшлі выкарыстанне пісталеты, з 19 ст. — рэвальверы, паляванне з якімі набывае значную папулярнасць (асабліва ў ЗША).
На тэр. Беларусі з часоў сярэдняга палеаліту выкарыстоўвалі розныя рубілы, адшчэпы, востраканечнікі, коп’і, пазней — дроцікі, кап’якідальнікі, рагаціны, гарпуны. Наканечнікі коп’яў і гарпуноў найчасцей рабілі з рагоў паўн. аленя. У раннім сярэдневякоўі быў удасканалены лук, з 12 ст. пашыралася куша (арбалет) з кольбай, ложам і мех. напінаннем цецівы. Агнястрэльная зброя пашырылася з 15 ст., да канца 19 ст. карысталіся шомпальнымі стрэльбамі: «звярынымі» і «птушынымі» ручніцамі, крамянёвымі, аднаствольнымі, пазней двухствольнымі дубальтоўкамі, у канцы 19 — пач. 20 ст. бярданкамі. Гл. таксама Зброя, Ружжо, Стрэльба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́МАНАЎ (Сяргей Гаўрылавіч) (4.10.1894, в. Фядотава Уладзімірскай вобл., Расія — 1986),
савецкі канструктар стралк. зброі. Герой Сац. Працы (1954). Засл. вынаходнік РСФСР (1964). З 1929 на кулямётным з-дзе (нач. цэха, канструктар, кіраўнік эксперым. майстэрні). Сканструяваў ручны кулямёт і 15-зарадную аўтам. вінтоўку, якая была прынята на ўзбраенне ў 1936. Стварыў 14,5-міліметровае процітанкавае самазараднае ружжо (1941), самазарадны карабін (1945). Дзярж. прэміі СССР 1942, 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕГЦЯРО́Ў (Васіль Аляксеевіч) (2.1.1880, г. Тула, Расія — 16.1.1949),
савецкі канструктар стралковай зброі. Ген.-маёр інжынерна-артыл. службы (1940), д-ртэхн.н. (1940). Герой Сац. Працы (1940). З 1931 нач. праектна-канструктарскага бюро аўтам. стралковай зброі. У 1920—30-я г. сканструяваў ручны, авіяц., танкавы і буйнакаліберны кулямёты, пісталет-кулямёт. У гады Вял.Айч. вайны 1941—45 стварыў процітанкавае ружжо і новы ручны кулямёт. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1944, 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГНЯМЁТ,
зброя, прызначаная для паражэння жывой сілы праціўніка струменем агню запаленай сумесі, падпалу тэхн. сродкаў і матэрыяльных запасаў, стварэння ачагоў пажару. Складаецца з рэзервуара, брандспойта і запальніцы. Адрозніваюць агнямёты ранцавыя (пераносныя), цяжкія пяхотныя (на двухколавым лафеце), механізаваныя (на самаходным шасі), танкавыя (асн. або дадатковае ўзбраенне), фугасныя (стацыянарныя з выкідам агнясумесі парахавым зарадам) і рэактыўныя (пераносныя — ружжо з рэактыўным снарадам з агнясумессю). Адлегласць вогнемятання ранцавых да 70 м, рэактыўных — да 800 м, астатніх — да 200 м. Упершыню агнямёты выкарыстаны герм. войскамі ў 1915.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУШКЕ́Т (ісп. mosquete, франц. mousquet ад лац. musca муха),
дульназараднае ружжо; ручная агнястрэльная зброя з кнотавым замком. М. з’явіўся ў пач. 16 ст. ў Іспаніі, пазней у інш. краінах Еўропы, у т. л.ВКЛ. Прызначаўся для паражэння ў блізкім баі воінаў праціўніка, якія мелі на сабе засцерагальнае ўзбраенне (кальчуга, панцыр і інш.). Калібр да 23 мм, маса 8—10 кг, далёкасць стральбы да 250 м. Для зручнасці вядзення з М. агню выкарыстоўваліся сошкі (падпоркі). М. ўзбройваліся адборныя салдаты — мушкецёры. Больш лёгкі і кароткі М., які страляў шротам і быў на ўзбраенні кавалерыі, называўся мушкетонам. З канца 17 ст. М. заменены крамянёвым ружжом (гл.Крамянёвая зброя).
Мушкет: 1 — лёгкі аўстрыйскі з кнотавым замком. 1600; 2 — лёгкі французскі з прыкладам для ўпору ў грудзі. 1575; 3 — наразны дацкі мадэлі 1763, калібру 27 мм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАМЯНЁВАЯ ЗБРО́Я,
ручная гладкаствольная або наразная агнястрэльная зброя (ружжо, пісталет) з крамянёвым (калясцовым або ўдарна-крамянёвым) замком. Узнікла ў 16 ст. Прынцып яе дзеяння заключаўся ў тым, што запальванне зарада адбывалася пры дапамозе іскраў, што высякаліся крэменем пры трэнні стальнога кольца (калясцовы замок, ужываўся да канца 16 ст.) ці ў момант яго ўдару аб крэсіўную пласцінку (ударна-крамянёвы замок, што выцесніў калясцовы). К.з. была на ўзбраенні многіх армій свету, у т. л. ў ВКЛ. Найб. пашыраныя яе ўзоры ва Усх. Еўропе мелі калібр 17,5—21,5 мм, масу 4,0—5,6 кг, далёкасць стральбы ад 140 да 800 м, скарастрэльнасць 1 стрэл за 1—1,5 мін (гладкаствольныя) і 1 стрэл за 5 мін (наразныя, з тугім загонам кулі). У сярэдзіне 19 ст. ўсюды заменена ўдарнай зброяй — вінтоўкай з ударным замком (з выкарыстаннем капсуля).
Да арт.Крамянёвая зброя. Крамянёвыя ружжы: 1 — з кольцава-крамянёвым замком; 2 — з крамянёвым ударным замком; 3 — расійскае пяхотнае ўзору 1826.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННА-ПРАМЫСЛО́ВЫ КО́МПЛЕКС (ВПК),
альянс ваеннай прамысловасці, узбр. сіл і звязаных з імі дзярж. апарату, навукі і сродкаў масавай інфармацыі. Пачаў фарміравацца ў ЗША і СССР у 2-ю сусв. вайну. Тэрмін уведзены амер. прэзідэнтам Д.Эйзенхаўэрам у 1950-я г. ВПК асабліва актыўна развіваўся пасля 2-й сусв. вайны ў сувязі з нарастаннем процістаяння 2 процілеглых сусв. сістэм, «халоднай вайны». У выніку ўзніклі блокі ваенныя, у т. л. Паўночны Атлантычны пакт і Варшаўскі дагавор 1955. У ВПК выкарыстоўваліся найноўшыя дасягненні навук.-тэхн. прагрэсу, ён быў асновай мілітарызацыі эканомікі. У свеце ў канцы 1980-х г. у ваен. вытв-сці было занята каля 30 млн.чал. і столькі ж пастаўлена пад ружжо ва ўзбр. сілах, каля 500 тыс. вучоных займаліся ваен.-навук. распрацоўкамі. У сувязі з раззбраеннем, асабліва пасля распаду СССР, сусв.сацыяліст. сістэмы і яе ваен. блока на многіх прадпрыемствах ВПК пачалася канверсія. Але ён па-ранейшаму мае магутны патэнцыял, выпускае вял. колькасць узбраенняў для сваіх краін і ваен. бізнесу. На Беларусі на ВПК працавала больш за 100 прадпрыемстваў — пераважна радыёэлектроннай прам-сці і прыладабудавання.