РУ́ЖАВЫЯ, ружакветныя (Rosaceae),

сямейства двухдольных раслін. Больш за 120 родаў, каля 3,5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 24 роды, каля 70 відаў. Сярод Р. пладовыя (абрыкос, айва, вішня, груша, міндаль, мушмула, сліва), ягадныя (ажына, клубніцы, маліна, марошка, суніцы), дэкар. (глог, ружа, спірэя), лек. (дуброўка, крывасмок, лаўравішня, шыпшына) расліны. Інтрадукавана больш за 500 відаў. Некат. віды (напр., валжанкі двухдольная і звычайная, дуброўка скальная, кізільнік алаунскі, сліва калючая, або цёрн, марошка прысадзістая) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Лістападныя і вечназялёныя дрэвы, кусты, травы. Лісце чаргаванае, радзей супраціўнае, простае ці складанае. Кветкі правільныя, пераважна двухполыя ў гронкавых, мяцёлчатых або шчытковых суквеццях. Плады рознага тыпу — сухія або сакаўныя, шматлістоўкі, каробачкі, арэшкі, касцянкі, яблыкі. Харч., лек., эфіраалейныя, тэхн., кармавыя, меданосныя, дэкар. расліны.

Літ.:

Вульф Е.В. Малеева О.Ф. Мировые ресурсы полезных растений. Л., 1969. Жизнь растений. Т. 5 (ч. 2). М., 1982.

т. 13, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАНЛЫ́КСКАЯ РУ́ЖА (Rosa damascena),

кветкавая расліна сям. ружавых. Культывуецца ў Казанлыкскай даліне ў Балгарыі з 18 ст. Атрымана ў выніку гібрыдызацыі. Займае вядучае месца сярод руж, якія вырошчваюць для атрымання ружавага алею (у кветках да 0,15%; спецыфічны клімат «даліны руж» спрыяе яго назапашванню ў пялёстках). Плантацыі К.р. ёсць у Малдове, Крыме, на Каўказе.

Да арт. Казанлыкская ружа. Ружа эфіраалейная.

Шматгадовыя кусты з прамастойнымі, звычайна шыпаватымі парасткамі выш. да 2 м. Лісце складанае, няпарнаперыстае. Кветкі буйныя, двухполыя, духмяныя, махрыстыя, разнастайнай афарбоўкі, адзіночныя. Плод — арэшак, змешчаны ў мясістым несапраўдным плодзе (відазмененым гіпантыі). З кветак здабываюць ружавыя алей і ваду Для 1 кг алею патрабуецца каля 3 тыс. кг пялёсткаў. Выкарыстоўваюцца ў касметыцы, парфумерыі, кандытарскай прам-сці, нар. медыцыне (супраць хвароб скуры і вачэй).

т. 7, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКРЫТАНАСЕ́ННЫЯ, кветкавыя расліны (Magnoliophyta, або Angiospermae),

аддзел вышэйшых раслін, якія маюць кветку. 2 класы (аднадольныя і двухдольныя), больш за 450 сям., каля 12,5 тыс. родаў і каля 250 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 112 сям., 560 родаў, каля 1500 відаў; таксама інтрадукавана больш за 6 тыс. відаў, форм і сартоў раслін. Прадстаўлены дрэвамі, кустамі, травамі, наземнымі, воднымі, эпіфітамі, сапратрофамі, паразітамі, насякомаеднымі раслінамі. У параўнанні з інш. вышэйшымі раслінамі П. маюць больш дасканалую анат. будову: у ксілеме — сапраўдныя сасуды-трахеі, у флаэме (лубе) — клеткі-спадарожніцы. Семязародкі (семязавязі) размешчаны ў поласці завязі. Гаметафіты спрошчаныя і развіваюцца хутчэй за голанасенныя. Характэрная асаблівасць П. — двайное апладненне (адзін з 2 сперміяў зліваецца з яйцаклеткай, а другі — з 2 палярнымі ядрамі зародкавага мяшка). Пасля апладнення развіваецца зародак, заключаны ў семя, якое знаходзіцца ў плодзе (адсюль назва). З-за адсутнасці пераканаўчых выкапнёвых продкавых форм П. няма агульнапрынятай гіпотэзы аб іх паходжанні і эвалюцыі. Першаснымі П. былі, верагодна, дрэвавыя расліны з вечназялёным лісцем і двухполымі кветкамі. Эвалюцыя ішла шляхам шырокай адаптыўнай радыяцыі вельмі хуткімі тэмпамі. Самыя стараж. выкапнёвыя рэшткі адносяць да раннемелавога перыяду, але дзякуючы высокай эвалюц. пластычнасці ў сярэдзіне мелавога перыяду П. займаюць дамінуючае становішча. Вял. ролю ў іх эвалюцыі і рассяленні адыгралі насякомыя-апыляльнікі. П. — адзінкавая група раслін, якая ўтварае складаныя шмат’ярусныя згуртаванні, што спрыяе больш інтэнсіўнаму выкарыстанню навакольнага асяроддзя і асваенню новых мясцін існавання. Самая важная для чалавека група раслін. Харч., лек., карм., тэхн., дэкар. расліны.

Літ.:

Жизнь растений. Т. 5 (ч. 1—2), 6. М., 1980—82;

Тахтаджян А.Л. Система магнолиофитов. Л., 1987.

Пакрытанасенныя. Двухдольныя (1—12). Складанакветныя: 1 — нівянік звычайны; 2 — піжма звычайная; 3 — васілёк перысты. Бабовыя: 4 — цэзальпінія Джыліса; 5 — чына лясная; 6 — куравай эспарцэтавы. Казяльцовыя: 7 — боцікі клабучковыя; 8 — сон-трава расчыненая; 9 — пылюшнік водазбіральналісты. Ружавыя: 10 — дуброўка гусіная; 11 — яблыня ягадная; 12 — вятроўнік звычайны. Аднадольныя (13—20). Злакі: 13 — трыснёг звычайны; 14 — купкоўка зборная; 15 — авёс пасяўны; 16 — кукуруза. Архідныя: 17 — дэндробіум высакародны; 18 — катлея Трыяны; 19 — ятрышнік Фукса; 20 — чараўнік двухлісты.

т. 11, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)