Ронда 7/309; 9/152, 276

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

РО́НДА (італьян. rondo, франц. rondeau ад rond круг),

музычная форма, заснаваная на шматразовым чаргаванні гал. тэмы (рэфрэна) з эпізодамі. Рэфрэн праводзіцца ў асн. танальнасці, эпізоды — у пабочных.

Паходзіць ад нар. карагодных песень. Шырока прадстаўлена ў музыцы франц. клавесіністаў 17—18 ст. У класіч. музыцы выкрышталізавалася Р. 5-часткавай структуры (з 2 эпізодамі) з больш развітой гал. тэмай. Венскія класікі выпрацавалі вышэйшую форму Р. (традыц. назва — Р.-саната), дзе асн. прынцып рандальнасці спалучаецца з рысамі складанай трохчасткавай і санатнай форм. У форме Р. пішуцца інстр. п’есы, ч. санатна-сімф. і сюітных цыклаў, радзей рамансы, оперныя арыі.

У бел. музыцы Р. для розных інструментаў, камерных саставаў і аркестраў пісалі М.​Аладаў, А.​Багатыроў, Р.​Бутвілоўскі, Р.​Сурус, М.​Чуркін і інш. У форме Р. напісаны фіналы сімфаньеты Аладава, 2-й сімфоніі Г.​Вагнера, скрыпічнага канцэрта Г.​Гарэлавай, 3-га цымбальнага канцэрта Дз.​Смольскага і інш. Прыклады Р. ёсць і ў бел. нар. інстр. музыцы.

т. 13, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ГАН (Wihan, Vihan) Гануш (5.6.1855, г. Поліцэ, Чэхія — 1.5.1920), чэшскі віяланчэліст. Скончыў Пражскую кансерваторыю (1873), выкладаў у ёй. З 1873 праф. Акадэміі музыкі і сцэн. мастацтва «Моцартэум» (Зальцбург). Працаваў у прыдворных капэлах розных гарадоў Германіі. У 1891 арганізаваў «Чэшскі квартэт» (іграў у ім да 1913), з якім выступаў у краінах Еўропы і ў Расіі. Сябраваў з Б.Сметанам, А.Дворжакам, які напісаў для Вігана «Ронда» і канцэрт для віяланчэлі з арк. У 1950 і 1955 у Празе праводзіліся Міжнар. конкурсы імя Вігана (сярод лаўрэатаў М.Растраповіч, Д.Шафран, М.Хоміцэр і інш.).

т. 4, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́МЕЛЬ,

(Hummel) Іаган Непамук (14.11.1778, Браціслава — 17.10.1837), аўстрыйскі кампазітар, піяніст, дырыжор, педагог. Вучань В.А.Моцарта і А.Сальеры. Прыдворны капельмайстар у Айзенштаце, Штутгарце, Веймары. Як піяніст-віртуоз выступаў у многіх краінах Еўропы. Лёгкі, бліскучы стыль Гумеля-піяніста ўласцівы і яго творам для фп. (7 канцэртаў з аркестрам, фантазія для фп. з аркестрам, фп. санаты, у т. л. ў 4 рукі, варыяцыі, капрычыо, ронда, эцюды). Сярод інш. твораў: 9 опер, 5 балетаў, кантаты, месы, камерна-інстр. творы. Сярод вучняў: Ф.​Гілер, К.Чэрні, А.​Гензельт і інш. Аўтар муз.-тэарэт. прац.

т. 5, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЁЦІ ((Viotti) Джавані Батыста) (12.5.1755, г. Фантанета-да-По, Італія — 3.3.1824),

італьянскі скрыпач, кампазітар. Вучань Г.​Пуньяні. Папярэднік Н.​Паганіні. Працаваў у Парыжы (у 1782—91 і 1819—22 узначальваў Парыжскую оперу), Лондане (1794—98 і з 1802) і інш. Аўтар канцэртаў для скрыпкі з аркестрам, у якіх узмацніў ролю сольнай партыі, павялічыў склад аркестра, канчаткова зацвердзіў для 1-й ч. форму санатнага алегра, а таксама тып фінальнага ронда. Зрабіў уплыў на развіццё скрыпічнага мастацтва 19 ст. і фарміраванне т.зв. парыжскай школы. Сярод яго вучняў М.​Казімір Агінскі і М.​Клеафас Агінскі. З 1950 у г. Верчэлі праводзіцца міжнар. конкурс музыкі і танца імя Віёці.

т. 4, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТРАДУ́КЦЫЯ (ад лац. introductio уводзіны, уступ) у музыцы, частка муз. твора, якая выконвае функцыю ўступу. Нярэдка пазначаецца ў назве («Інтрадукцыя і Паланэз» для віяланчэлі і фп. Ф.​Шапэна). Часам уяўляе сабой род уверцюры да оперы, балета ці асобнага акта (звычайна больш кароткая, свабоднай будовы). У айч. музыказнаўстве прынята адрозніваць паняцці І. і ўступу (апошні менш развіты кампазіцыйна і менш самастойны ў адносінах да цэлага; у назве звычайна не пазначаецца). У класічнай музыцы лепшы ўзор І. — «Інтрадукцыя і ронда-капрычыёза» К.​Сен-Санса. У бел. музыцы І.-ўступ, І.-пралог сустракаюцца ў операх А.​Багатырова («У пушчах Палесся»), Я.​Цікоцкага (2-я рэд. «Алесі»), балеце Я.​Глебава («Тыль Уленшпігель») і інш.

Э.​А.​Алейнікава.

т. 7, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́ЗНА (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 30.9.1962, в. Опса Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. кампазітар. Сын У.І.Карызны. Скончыў Бел. кансерваторыю (1990, клас Я.Глебава). Яго лепшыя творы ўвасабляюць нац. вобразы і рамант. муз. традыцыі. Значнае месца ў творчасці займае песенны жанр. Сярод твораў: кантата «Таемнасць цішыні» на словы П.​Броўкі, М.​Танка, А.​Гаруна, П.​Ланчанкі, У.​І.​Карызны; сюіта «На гары дубочак» на нар. словы (1990), ронда «Пачастунак» для аркестра бел. нар. інструментаў; цыкл для фп. «Дзіцячыя песні», саната для скрыпкі і фп.; хары, рамансы, песні на словы бел. паэтаў («Зямля мая», «Звон часу», «На азёрах сініх» і інш.). Лаўрэат Рэсп. конкурсаў патрыят. песні 1986, 1987.

Э.​А.​Алейнікава.

У.І.Карызна.

т. 8, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕВАНЕ́Ц (Аляксандр Васілевіч) (н. 14.5.1948, г. Бердск Новасібірскай вобл., Расія),

бел. кампазітар. Скончыў Новасібірскую (1972, клас фп.) і Бел. (1980, клас Я.Глебава) кансерваторыі. З 1980 выкладае ў Бел. ун-це культуры Працуе пераважна ў галіне аркестравай, камерна-інстр. і вак. музыкі. Сярод твораў: араторыя «Беларускі народ» на словы М.​Багдановіча (1978), 6 сімфоній (1981—98, у т. л. 6-я «Чарнобыль»), 6 інстр. канцэртаў 1979—92, (у т. л. 4 для нар. інструментаў); аркестравая сюіта «Летнія падарожжы»; уверцюра «Юнацтва»; п’есы для камерна-інстр. ансамбля; санаты, прэлюдыі, ронда, варыяцыі для фп.; вак. цыклы «Я мужык-беларус» на словы Я.​Купалы (1979), «Кацярына» на словы М.​Някрасава (1981), апрацоўкі бел. нар. песень.

Э.​А.​Алейнікава.

т. 8, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЛА́ЎСКІ (Канстанцін Іосіфавіч) (20.6.1912, в. Сівіца Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 11.11.1984),

бел. харавы дырыжор, кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1967). Скончыў дырыжорска-хар. (1951) і гісторыка-тэарэт. (1952) ф-ты Бел. кансерваторыі, у 1975—80 выкладаў у ёй. З 1947 кіраваў створаным ім дзіцячым хорам Бел. радыё. З 1952 гал. хормайстар, з 1958 муз. кіраўнік, у 1974—75 маст. кіраўнік Дзярж. акад. нар. хору Беларусі. З 1981 кіраваў Мінскім нар. хорам Палаца культуры Белсаўпрофа. Аўтар твораў для арк. нар. інструментаў «Чэрвеньскія росы», «Канцэртная полька», «Палеская рапсодыя», «Беларускія напевы», «Ронда», «Беларускія малюнкі», «Фантазія на беларускія народныя тэмы», песень «Край беларускі», «Песня дружбы», «Сёстры-рэспублікі», драм. балады «Міннае поле», фалькл.-ігравой кампазіцыі «Дажынкі», апрацовак бел. нар. песень.

А.​Я.​Ракава.

т. 12, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭФРЭ́Н (ад франц. refrain прыпеў),

1) у музыцы тэма інстр. або вак. муз. твора, якая праходзіць у ім не менш як 3 разы і замацоўвае яго кампазіцыйна. Характэрны для ронда і блізкіх да яго муз. форм. Часам Р. становіцца лейттэмай (гл. Лейтматыў) правядзенне якой звязана з увасабленнем найб. важных ідэй.

Тэрмін «Р.» уведзены ў 12—16 ст. для абазначэння паўтарэнняў заканчэння страфы ў песенных формах; у музыказнаўстве часцей карыстаюцца тэрмінам «прыпеў».

У вершаскладанні слова, радок або страфа, якія паўтараюцца праз пэўную колькасць радкоў у вершы. Р. нясе вял. сэнсавую нагрузку, звычайна ў ім увасоблена гал. ідэя твора. Так, у «Песні вольнага чалавека» Я.​Купалы кожнаму катрэну спадарожнічае наступны Р.:

Душой я вольны чалавек,
І гэткім буду цэлы век!

В.​П.​Рагойша (у вершаскладанні).

т. 14, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)