АМО́НІМЫ (ад гама + грэч. onyma імя),
словы, што супадаюць у гучанні і напісанні, але маюць рознае значэнне. Гл. ў арт. Аманімія.
т. 1, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАСА́ТЫЯ СПЕ́КТРЫ,
аптычныя спектры малекул і крышталёў. Узнікаюць пры электронных пераходах у малекулах і міжзонных пераходах у крышталях, складаюцца з шырокіх спектральных палос, размяшчэнне якіх у спектрах рознае для розных рэчываў. П.с. простых малекул распадаюцца на больш вузкія вагальныя палосы і вярчальныя лініі, у складаных малекул звычайна суцэльныя (не маюць дыскрэтнай структуры). Гл. таксама Малекулярныя спектры, Спектры крышталёў.
т. 11, с. 538
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАПО́ЛЫЯ КВЕ́ТКІ,
кветкі, у якіх ёсць толькі тычынкі і няма песціка (песцікаў) або ёсць толькі песцік (песцікі), але няма тычынак. Першыя наз. тычынкавыя (мужч.), другія — песцікавыя (жан.). У многіх аднаполых кветак органы другога полу захоўваюцца ў рэдукаваным стане і не функцыяніруюць. Паводле эвантавай тэорыі паходжання кветкі, аднаполыя кветкі ўзніклі ў працэсе эвалюцыі ад двух кветак у выніку прыстасавання да апылення ветрам. Такія кветкі наз. функцыянальна-мужчынскімі або функцыянальна-жаночымі. Размеркаванне аднаполых кветак на раслінах рознае (гл. Аднадомныя расліны, Двухдомныя расліны, Шматдомныя расліны).
т. 1, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́НІЯ (ад лац. linea льняная нітка, шнурок),
старажытная мера (адзінка) даўжыні, якой карысталіся да ўвядзення метрычнай сістэмы мер. У розныя часы ў розных краінах мела рознае лікавае значэнне. На Беларусі і ў Расіі ў 18 — пач. 20 ст. 1 Л. = 0,1 цалі = 2,54 мм. У Л. вымяралі калібр стралковай зброі (адсюль «трохлінейная вінтоўка»), памер шкла для газавых лямпаў. У сістэме англ. мер 1 Л. = 1/12 цалі = 2,117 мм. У гадзіннікавай прамысловасці многіх краін да нашага часу выкарыстоўваецца швейц. Л., роўная 2,0833 мм.
т. 9, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАКА́РПІЯ (ад гетэра... + грэч. karpos плод),
разнаплоддзе, генетычна абумоўленая ўласцівасць некаторых відаў кветкавых раслін фарміраваць на адной асобіне рознатыповыя генератыўныя зачаткі (дыяспоры), розныя па марфалогіі і фізіял. уласцівасцях, прыстасаваннях да пашырэння. Неаднароднымі бываюць цэлыя плады (у складанакветных, лебядовых, некаторых крыжакветных) або іх часткі — мерыкарпій, членікі (у парасонавых, агурочнікавых, часткі крыжакветных). Плады могуць займаць рознае становішча ў межах суквецця. Гетэракарпія характэрна пераважна для аднагадовых і эфемерных відаў пустынь, паўпустынь, пустазелля. У флоры Беларусі тыповы прадстаўнік гетэракарпных раслін — наготкі лекавыя, у суквеццях якіх развіваюцца плады, прыстасаваныя да разнясення жывёламі або ветрам.
т. 5, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖЗО́РНАЕ ПАГЛЫНА́ННЕ,
аслабленне святла пры праходжанні ў міжзорным асяроддзі. Абумоўлена рассеяннем і паглынаннем святла пылавымі часцінкамі і ў бачнай вобласці спектра залежыць ад даўжыні хвалі λ прыкладна як 1/λ. Важная ўласцівасць М.п. — яго выбіральнасць (залежнасць паглынання ад даўжыні хвалі святла — паглынанне павялічваецца да сіняй часткі спектра). Таму далёкія зоркі выглядаюць больш чырвонымі. Пылавая матэрыя размеркавана нераўнамерна: канцэнтруецца да плоскасці Галактыкі і асабліва да яе спіральных рукавоў. У галактычнай плоскасці М.п. рознае ў розных напрамках і мяняецца ад некалькіх дзесяткаў да некалькіх зорных велічынь ад адлегласці ў 1 КПС.
А.А.Шымбалёў.
т. 10, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Б,
другая літара беларускага і некаторых інш. слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай
(«букі»), утворанай графічным відазмяненнем візантыйскай літары B. Рознае напісанне лац. B і слав. Б абумоўлена тым, што лац. алфавіт узнік на асн. грэчаскага (праз пасрэдніцтва этрускага) у 7—6 ст. да нашай эры, калі β перадавала гук «б», у перыяд станаўлення слав. алфавіта ў 9 ст. β вымаўлялася грэкамі як «в» і замацавалася ў кірыліцы для перадачы гэтага гуку. Не мела лікавага значэння. У сучаснай бел. мове абазначае выбухныя звонкія губна-губныя фанемы («б») і («б’»), што рэалізуюцца па-рознаму ў залежнасці ад якасці суседніх гукаў ці пазіцыі ў слове.
А.М.Булыка.
т. 2, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
В,
трэцяя літара бел. і некаторых інш. слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай
(«ведзі»). Рознае вымаўленне лац. B і слав. В абумоўлена тым, што лац. алфавіт узнік на аснове грэчаскага (праз пасрэдніцтва этрускага) у 7—6 ст. да н.э., калі β перадавала гук «б», а ў перыяд стварэння слав. алфавіта ў 9 ст. β вымаўлялася грэкамі як «в» і замацавалася ў кірыліцы для перадачы гэтага гуку. Мела лікавае значэнне 2. У сучаснай бел. мове абазначае звонкія губна-зубныя фанемы («в») і («в’»), якія ў адрозненне ад рус. мовы функцыянальна не суадносяцца з губна-зубнымі («ф») і («ф’») і пасля галосных перад зычнымі, а таксама на канцы слоў пераходзяць у «ў» («траўка», «раўнапраўе», «высноў», «любоў»).
А.М.Булыка.
т. 3, с. 421
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТАСЦЯБЛО́ВЫЯ ІМХІ́, сапраўдныя імхі (Bryopsida, або Musci),
клас мохападобных. 3 падкл.: андрэевыя імхі, брыевыя імхі і сфагнавыя імхі. Каля 15 тыс. відаў (паводле інш. звестак да 25 тыс.). На Беларусі каля 315 відаў. Пашыраны ўсюды, асн. дамінанты ніжняга яруса балотных, лясных, лугавых фітацэнозаў, першасныя глеба і торфаўтваральнікі. Ствараюць суцэльнае мохавае покрыва.
Шматгадовыя, радзей аднагадовыя расліны з радыяльна або двухбакова аблісцелым сцяблом (даўж. 1 мм — 60 см), прымацаваныя да субстрату рызоідамі (акрамя сфагнавых). Лісце сядзячае, суцэльнае, рознае па анат. будове. Размнажэнне вегетатыўнае, палавое і бясполае. Спарагоны на ножках, верхавінкавыя ці бакавыя. Каробачка ад цыліндрычнай да грушападобнай, прамастойная ці гарызантальная, з каўпачком. Споры аднаклетачныя. Маюць водаахоўнае значэнне ў жыцці лесу; часам спрыяюць забалочванню мясцовасці, значна ўплываюць на агульную забяспечанасць сушы вільгаццю.
Літ.:
Жизнь растений. Т. 4. Мхи. Плауны, хвощи, папоротники, голосеменные растения. М., 1978;
Водоросли, лишайники и мохообразные СССР. М., 1978.
т. 9, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСТА́ (ад грэч. kystis пузыр),
паталагічная поласць у органах і тканках арганізма з вадкім ці паўвадкім змесцівам, высланая злучальна-тканкавай абалонкай або эпітэліем. Паводле механізма ўтварэння адрозніваюць К. рэтэнцыйныя, рамаліцыйныя, дызонтагенетычныя, пухлінныя, траўматычныя, паразітарныя.
Рэтэнцыйныя К. (як правіла, набытыя) утвараюцца ў залозах (напр., слінных, тлушчавых, малочных) пры парушэнні адтоку сакрэту, што вядзе да расцяжэння залозы ці пратокі. Рамаліцыйныя К. ўзнікаюць у кампактнай тканцы пры яе размякчэнні (пры кровазліцці, запаленні, некрозе) на абмежаваным участку (напр., К. галаўнога мозга). Утварэнне дызонтагенетычных К. звязана з расшырэннем эмбрыянальных каналаў і шчылін ці з заганамі развіцця органа (напр., кістозныя ныркі). Пухлінныя К развіваюцца найчасцей у жалезістых, сасудзістых ці касцявых пухлінах па розных прычынах (кістадэрма, лімфангіёма). Траўматычныя К. лакалізуюцца на кісцях рук, у радужнай абалонцы вока, іншы раз у падстраўнікавай залозе і касцявой тканцы пры траўматычным зрушэнні эпітэлію. Паразітарныя К. ўяўляюць сабой пузыраватыя лічынкавыя стадыі (фіны) стужкавых чарвей (эхінакок, цыстыцэрк). К. могуць мець рознае паходжанне, напр., эпідэрмоідныя К. бываюць рэтэнцыйнымі, траўматычнымі і дызонтагенетычнымі. Памеры, будова і знешнія праяўленні К. залежаць ад іх паходжання. Лячэнне хірургічнае.
А.С.Арцюшкевіч.
т. 8, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)