ГЕ́РКЕ (Пётр Якаўлевіч) (12.7.1904, с. Вяляцічы Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 14.5.1985),

савецкі гістолаг і эмбрыёлаг. Акад. АН Латвіі (1951). Д-р мед. н. (1936), праф. (1937). Скончыў БДУ (1927). З 1927 у Мінскім мед. ін-це (з 1949 нам. дырэктара). З 1952 у Латвійскім НДІ эксперым. і клінічнай медыцыны (да 1971 дырэктар), адначасова ў 1953—72 у Рыжскім мед. ін-це. Навук. працы па вывучэнні развіцця ўнутр. органаў чалавека і млекакормячых, перыферычнай і цэнтр. нерв. сістэмы, эндакрыннай сістэмы, гісторыі медыцыны.

Тв.:

Общая эмбриология человека. Рига, 1955;

Основы теоретической анатомии человека. Рига, 1963 (разам з С.​І.​Лябёдкіным).

т. 5, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТЫ́ШСКІЯ СТРАЛКІ́,

ваеннаслужачыя латышскіх фарміраванняў рас. арміі, створаных у 1915 у час 1-й сусв. вайны для абароны Прыбалтыкі ад герм. войск. У 1916 разгорнуты ў стралк. дывізію. З мая 1917 знаходзіліся пад уплывам бальшавікоў. Л.с. актыўна ўдзельнічалі ў Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917, у грамадз. вайне, падаўленні антысав. выступленняў, у т. л. Доўбар-Мусніцкага мяцяжу 1918, ахоўвалі сав. ўрад у Маскоўскім Крамлі. У крас. 1918 з Л.с. сфарміравана 1-я Лат. стралк. дывізія, у пач. 1919 яна разгорнута ў Армію Сав. Латвіі. Пасля паражэнняў улетку 1919 зноў зведзены ў дывізію, якая ў ліст. 1920 расфарміравана.

Літ.:

История латышских стрелков (1915—1920): Пер. с латыш. Рига, 1972;

Революционные латышские стрелки (1917—1920). Рига, 1980.

т. 9, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУГУРЭ́ВІЧ (Эвалд Станіслававіч) (н. 6.4.1931, с. Баркава Рэзекненскага р-на, Латвія),

латышскі археолаг. Чл.-кар. АН Латвіі (1989). Д-р гіст. н. (1984), праф. (1990). Скончыў Латвійскі ун-т (1956). З 1956 навук. супрацоўнік гіст. музея ў Рызе, з 1958 навук. супрацоўнік, з 1971 заг. аддзела археалогіі і антрапалогіі Ін-та гісторыі Латвійскай АН. Асн. кірункі навук. дзейнасці — археалогія жал. веку і сярэдневякоўя Латвіі, культ. сувязі Латвіі з суседнімі землямі, у т. л. Беларусі.

Тв.:

Восточная Латвия и соседние земли в X—XIII вв. Рига, 1965;

Состояние и задачи археологического изучения этногенеза балтских народов (разам з А.​З.​Таўтавічусам) // Из древнейшей истории балтских народов: (по данным археологии и антропологии). Рига, 1980;

Находки железных частей пахотных орудий 10—17 вв. в Восточной Прибалтике // Новое в археологии Прибалтики и соседних территорий: Сб. ст. Таллинн, 1985.

т. 11, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́МПУР, Пумпурс (Pumpurs) Андрэйс (22.9.1841, Ліелюмправа, Латвія — 6.7.1902), латышскі паэт. Скончыў Адэскае юнкерскае вучылішча (1878). Друкаваўся з 1869. Асн. яго твор — гераічны эпас. «Лачплесіс», які напісаны на аснове нар. паданняў. Аўтар сатыр. твора «Краіна п’янчуг» (1870), зб. паэзіі «На радзіме і на чужыне» (1890), дарожных нататкаў «Ад Даўгавы да Дуная» (1895).

Тв.:

Рус. пер. — Лачплесис: Латыш. нар. герой. Рига, 1983.

т. 13, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́СМАНІС ((Osmanis) Язэп) (н. 11.7.1932, хутар Мікіцішкі Даўгаўпілскага р-на, Латвія),

латышскі паэт. Засл. дз. культ. Польшчы (1970). Засл. дз. культ. Латвіі (1982). Канд. філал. н. (1978). Скончыў Латвійскі ун-т (1956). Друкуецца з 1947. Аўтар зб-каў паэзіі «Крокі» (1966), «Заснежаная галінка» (1972), «Рагоз» (1974), «З лёгкім парам» (1981), «Чырвоныя доўгія, доўгія ружы» (1982), «Шэпт і вецер» (1985), «Што маеш, тое і маеш» (1988) і інш. Даследуе сучасную лат. (манаграфія «Камень сонца», 1977) і бел. дзіцячую л-ру. Складальнік кніг вершаў, апавяданняў, казак лат. пісьменнікаў на бел. мове («Песня Даўгавы», 1986, з С.​Панізнікам). Піша для дзяцей. Пераклаў на лат. мову кн. вершаў Э.​Агняцвет «Залатыя рукі» (1960), асобныя творы П.​Броўкі, А.​Вольскага, С.​Гаўрусёва, А.​Грачанікава, К.​Кірэенкі, А.​Русецкага, Панізніка, А.​Пысіна. На бел. мову творы О. пераклалі Э.​Агняцвет, В.​Вітка, Грачанікаў, В.​Лукша, Панізнік, У.​Скарынкін.

Тв.:

Бел. пер. — Сабака з рагаткай. Мн., 1976;

Рус. пер. — Носик-курносик. Рига, 1967;

Волшебник. Рига, 1978;

Аистенок. М., 1982.

С.​С.​Панізнік.

т. 11, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТГА́ЛЕ (Latgale),

Латгалія, 1) гістарычная вобласць ва ўсх. Латвіі, у канцы 1-га — пач. 2-га тыс. н.э. населеная латгаламі. У 10—11 ст. туг сяліліся таксама крывічы (палачане). У 11—13 ст. існавалі ўдзельныя гарады-княствы Герцыке, Кукенойс (былі падуладныя Полацку), Талава (падуладная Пскову). У 13 ст. заваявана ням. рыцарамі-крыжакамі, якія ў 1274 заснавалі крэпасць Дынабург (цяпер г. Даўгаўпілс). Частка Лівоніі, з 1561 у складзе ВКЛ.

2) 3 пач. 17 ст. назва сумежнай з Беларуссю паўд.-ўсх. часткі Латвіі на Пд ад р. Айвіекстэ. Да 1629 частка Задзвінскага герцагства, потым у складзе Рэчы Паспалітай (польскія Інфлянты). У 1772—1917 у Рас. імперыі (Дзвінская прав., з 1777 у Полацкай, з 1796 у Беларускай, з 1802 у Віцебскай губернях). Паводле перапісу 1897 тут жыло 20,5% беларусаў. З 1920 у складзе Латвіі (да 1940 правінцыя з цэнтрам у Даўгаўпілсе). У 1920-я г. тут існавала больш за 20 бел. школ і 2 гімназіі. У 1939—570 тыс. жыхароў. Паводле перапісу 1989 адно з гал. кампактных месцаў пражывання бел. дыяспары ў Латвіі.

Літ.:

Мугуревич Э.С. Восточная Латвия и соседние земли в X—XIII в.: Пер. с латыш. Рига, 1965;

Ефремова Л.С. Латышская крестьянская семья в Латгале, 1860—1939. Рига, 1982;

Данько Л.Ф. История Полоцка и его уделов конца XII — первой четверти XIII вв. // Полоцкий летописец. 1992. № 1.

т. 9, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯБЁДКІН (Сяргей Іванавіч) (17.12. 1886, Масква — 8.3.1942),

бел. вучоны ў галіне анатоміі і эмбрыялогіі; адзін з заснавальнікаў марфал. мед. навукі ў Беларусі. Д-р мед. н. (1934), праф. (1925). Скончыў Маскоўскі ун-т (1911, 1914). З 1922 заг. кафедры Мінскага мед. ін-та, з 1934 заг. аддзела Прыродазнаўча-навук. ін-та (Ленінград). Навук. працы па будове ўнутр. вуха пазваночных жывёл, спіннога мозга, анта- і філагенезе і інш. Распрацаваў шэраг тэарэт. праблем эвалюц. марфалогіі і метадаў графічных і пластычных рэканструкцый.

Тв.:

Біягенетычны закон і тэорыя рэкапітуляцый. Мн., 1936;

Основы теоретической анатомии человека. Рига, 1963 (разам з П.​Я.​Герке).

т. 9, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЧО́Ў (Уладзімір Карпавіч) (14.7.1926, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне эканомікі. Д-р эканам. н. (1977), праф. (1979). Засл. дз. н. Латвіі (1986). Скончыў Ленінградскі дзярж. ун-т (1957). З 1968 у Мінскім радыётэхн. ін-це, з 1969 у БДУ (у 1971—78 заг. кафедры палітэканоміі). У 1978—92 заг. кафедры палітэканоміі Рыжскага ін-та інжынераў грамадз. авіяцыі. З 1992 на прамысл. прадпрыемствах Рэчыцы. Даследуе тэаратыка-метадалагічныя праблемы фарміравання эканам. свядомасці, методыкі выкладання і вывучэння эканам. тэорыі ў ВНУ, метады эканоміка-матэм. аналізу работы прамысл. прадпрыемстваў.

Тв.:

Экономическое сознание как фактор развития общественного производства при социализме (методологический анализ). Мн., 1977;

Экономические знания — наука и идеология. Рига, 1988.

т. 6, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУРЫШКЕ́ВІЧ (Уладзімір Мітрафанавіч) (24.8.1870, Кішынёў — лют. 1920),

расійскі паліт. дзеяч. Адзін з заснавальнікаў чарнасоценнага Саюза рускага народа (1905), пасля расколу якога ўзначаліў Саюз Міхаіла Архангела (1908). Дэп. 2—4-й Дзярж. думы, быў адным з лідэраў крайне правых. У 1-ю сусв. вайну патрабаваў «моцнай улады» для дасягнення перамогі. Удзельнік забойства Р.Я.Распуціна (30.12.1916). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 выступаў за разгон Саветаў і аднаўленне манархіі. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 узначаліў антыбальшавіцкую змову ў Петраградзе. Арыштаваны і прыгавораны сав. судом да прымусовых работ. Пасля амністыі (1.5.1918) супрацоўнічаў з белагвардз. рухам на Пд Расіі, выдаваў у Растовена-Доне газ. «Благовест».

Тв.:

Дневник «Как я убил Распутина». М., 1990 [рэпр. выд.: Рига, 1924].

т. 13, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛА́ЎМАН ((Blaumanis) Рудольф Мацісавіч) (1.1.1863, пас. Эрглі Мадонскага р-на, Латвія — 4.9.1908),

латышскі пісьменнік. Скончыў Рыжскую гандл. школу (1881). Друкаваўся з 1882. Тонкі бытапісальнік лат. вёскі, псіхолаг, майстар стылю і кампазіцыі. Узнімаў сац.-псіхал. праблемы, характары раскрываў праз складаныя духоўныя перажыванні. Аўтар навел і апавяданняў «Пустазелле» (1887), «У Спіенах» (1888), «Раўдупіетэ» (1889), «Веснавыя замаразкі» (1898), «Андрыксон» і «У цені смерці» (1899), драм «Злы дух» (1891), «Блудны сын» (1893), «Індраны» (1904), «У агні» (1905), камедый «Грахі Трыны» (1891), «Дні краўцоў у Сілмачах» (1902) і інш. Вядомы і як паэт-лірык, сатырык і гумарыст. На бел. мову творы Блаўмана перакладала Х.​Лялько.

Тв.:

Kopoti raksti. Sēj. 1—8.Riga, 1958—60;

Бел. пер. — у кн.: Песня Даўгавы. Мн, 1986;

Рус. пер. — Танец втроем: Рассказы. Рига, 1988.

Э.​Кнопэ.

т. 3, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)