КЖЫ́ВАНЬ (Анеля Тадэвушаўна) (1925, хутар каля с. Садовае Цярнопальскай вобл., Украіна — 12.10.1943),
удзельніца баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1943). У 1943 добраахвотна ўступіла ў жаночую роту аўтаматчыкаў 1-й Польскай дывізіі імя Т.Касцюшкі. Вызначылася 12.10.1943 у час бою каля в. Леніна Горацкага р-на Магілёўскай вобл. Калі ў час бамбардзіроўкі загарэлася машына з дакументамі штаба дывізіі, К. кінулася ратаваць дакументы і параненых. Загінула ў агні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМАНІ́ЗМ (ад лац. germanus германскі),
слова або выраз, запазычаны з германскіх моў, пераважна з нямецкай. Трапляюцца ў бел. граматах 13—14 ст., якія адлюстроўваюць гандл. зносіны паўн. гарадоў Беларусі з ням. насельніцтвам Рыгі і Гоцкага берага (напр., «кунторъ» — чын у тэўтонскім ордэне). Вял. колькасць слоў ням. паходжання пранікла ў бел. мову праз польск. і яўр. мовы, у меншай меры на працягу 15—17 ст. непасрэдна з нямецкай («дах», «ліхтар», «труна», «цыбуля», «вандраваць», «віншаваць», «дзякаваць», «маляваць», «ратаваць» і інш.). Такія германізмы асіміляваны бел. мовай у фанет., семантычных і граматычных адносінах, увайшлі ў яе слоўнікавы склад і не адрозніваюцца ад спрадвечна бел. слоў, іх іншамоўнае паходжанне ўстанаўліваецца спец. этымалагічнымі даследаваннямі. У апошнія часы атрымліваюць пашырэнне германізмы англа-амер. паходжання тыпу «бітнік», «дансінг», «хіпі» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРА́ЙЗЕР ((Dreiser) Тэадор) (27.8.1871, г. Тэрэ-Хот, ЗША — 28.12.1945),
амерыканскі пісьменнік. У 1888—89 вучыўся ва ун-це г. Блумінгтан. З 1892 пачаў працаваць журналістам, у 1897 апублікаваў першыя нарысы і апавяданні. Найб. вядомасць яму прынеслі раманы «Сястра Керы» (1900), «Джэні Герхарт» (1911), «Трылогія жадання» («Фінансіст», 1912; «Тытан», 1914; «Стоік», 1947, незак.), «Геній» (1915), «Амерыканская трагедыя» (1925). Аўтар зб-каў апавяд. «Вызваленне» і іншыя апавяданні (1918), «Дванаццаць мужчын» (1919), «Фарбы вялікага горада» (1923), кн. публіцыстыкі «Драйзер глядзіць на Расію» (1928; нап. пад уражаннем паездкі ў Расію ў 1927—28), «Трагічная Амерыка» (1931), «Амерыку варта ратаваць» (1941). Адыграў вял. ролю ў развіцці рэалізму ў амерыканскай л-ры. Надаў новае гучанне надзвычай распаўсюджанай у л-ры ЗША тэме «амерыканскай мары»: паказаў яе адваротны бок — «амерыканскую трагедыю», раскрыў механізм уздзеяння грамадства на псіхалогію і лёс як звычайнага чалавека, так і асобы адоранай; паказаў будзённасць і шматлікасць трагедый, выкліканых імкненнем людзей любымі сродкамі дасягнуць поспеху, зрабіць кар’еру. Пасля смерці пісьменніка выйшлі раман «Апірышча» (1946) і яго лісты (т. 1—3, 1959).