КО́ПЫСКАЯ КА́ФЛЯ,

архітэктурна-дэкаратыўныя вырабы канца 15 — пач. 20 ст. з мясц. гліны ў г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Выраблялі пліткі, вуглы, часткі карніза. У канцы 15—17 ст. была пашырана тэракотавая кафля з рэльефным геам. арнаментам, тэракотавая і зялёная паліваная з рэльефным раслінным і геральдычным (выявы конніка, арла з гербам Радзівілаў) арнаментамі. Аналагічная арнаментыка сустракаецца ў польскай, літоўскай (геральдычнай выявы) і мінскай (раслінныя матывы) кафлі. У 2-й пал. 17 ст. выхадцы з Копысі Я.​Андрэеў, С.​Аляксееў, П.​Будкееў, С.​Грыгор’еў, В.​Дарафееў, І.​Максімаў, П.​Фёдараў выраблялі шматколерную паліваную кафлю і аздаблялі ёй палацы і храмы ў Рус. дзяржаве. Найб. пашырыўся выраб кафлі ў канцы 19 — пач. 20 ст., калі ў Копысі працавала каля 20 заводаў. Тагачасная кафля вызначалася рысамі стылю мадэрн і мела форму рэльефных чатырохвугольных плітак або фасонных дэталей (медальёнаў, карыятыд, ільвіных галоў), якімі абліцоўвалі печы; пераважала ружова-бэзавая, зялёна-блакітная, белая з золатам расфарбоўка; узор — найчасцей кветкі рамонка, сланечніку, паслёну (многія ўзоры выконваліся па малюнках замежных каталогаў). К.к. вывозілі за межы Беларусі. З пач. 1980-х г. К.к., упрыгожаную традыц. бел. арнаментам, вырабляе Копыскі кафляны цэх Аршанскага камбіната сілікатных вырабаў.

Да арт. Копыская кафля. Фрагмент печы з кафлі, маляванай каляровымі палівамі. Канец 19 — пач. 20 ст.

т. 8, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТРЭ́ЛІ ((Rastrelli) Варфаламей Варфаламеевіч) (Барталамео Франчэска; 1700, Парыж — 1771),

расійскі архітэктар, прадстаўнік рус. барока сярэдзіны 18 ст. Па паходжанні італьянец. Сын Б.​К.​Растрэлі. У 1716 прыехаў з бацькам у Пецярбург. Вучыўся за мяжой, магчыма, у Італіі (паміж 1725—30). У 1730—63 прыдворны архітэктар. Раннія пабудовы блізкія рус. архітэктуры 1-й пал. 18 ст. (палацы Бірона ў Рундале, 1736—40, і Елгаве, 1738—40, абодва Латвія). Традыцыі архітэктуры еўрап. барока пераасэнсаваны Р. пад уплывам рус. нац. маст. культуры. Для пабудоў характэрны прасторавы размах арх. ансамбля, выкарыстанне званіц, купалаў, ганкаў, тонкіх калонак і інш.; расфарбоўка сцен, пазалота, расл. матывы ў дэкоры (Андрэеўская царква ў Кіеве, праект 1747, пабудавана ў 1748—67 арх. І.​Мічурыным). У 1747—52 будаваў Вял. палац у Петрадварцы. Творы 1750—60-х г. набылі большую пластычнасць, рэльефнасць арх. форм, складаны рытм каланад, прасторавы размах у іх спалучаецца з выразнасцю аб’ёмаў, строгасцю планаў: Вял. (Кацярынінскі) палац у Пушкіне, палацы Варанцова (1749—57), Строганава (1752—54) у Пецярбургу і інш. Магутнасцю і веліччу вылучаюцца гар. ансамблі Смольнага манастыра і Зімняга палаца ў Пецярбургу.

Літ.:

Денисов Ю.М., Петров А.Н. Зодчий Растрелли. Л., 1963;

Овсянников Ю. Ф.​Б.​Растрелли. Л., 1982.

В.В.Растрэлі.
В.Растрэлі. Андрэеўская царква ў Кіеве.

т. 13, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗЬБА́ АРХІТЭКТУ́РНАЯ,

арнаментальная ці сюжэтная кампазіцыя, выкананая спосабам маст. апрацоўкі (пераважна дрэва) для дэкору будынкаў і збудаванняў, від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Упрыгожвае фасады і інтэр’еры будынкаў, надае ім маст. каштоўнасць, узбагачае пластыку фасадаў вытанчанай святлоценявой мадэліроўкай, узмацняе іх рытмічную будову, кантрастна вылучае найб. значныя элементы кампазіцыі, падкрэслівае архітэктоніку будынкаў і збудаванняў.

Вядома з даўніх часоў (Стараж. Егіпет і Грэцыя, Індыя); у Расіі — з 12 ст. (Ноўгарад), асабліва пашырана з 19 ст.: у Расіі — Архангельская, Кастрамская, Маскоўская, Томская, Уладзімірская вобл., у краінах Еўропы — (Венгрыя, Славакія, Фінляндыя, Польшча, Швецыя, Нарвегія, Данія) і інш.

На Беларусі Р.а. пашырана з 12 ст. ў драўляным дойлідстве (Полацк, Віцебск, Мінск, Пінск і інш.). У 17 ст. бел. майстры, якія пераехалі ў Маскоўскую дзяржаву, прынеслі з сабой майстэрства аб’ёмна-ажурнай разьбы, што развівалася на Беларусі з 16 ст. (гл. Беларуская рэзь). У 16 — пач. 20 ст. Р.а. выкарыстоўвалася пераважна ў афармленні фасадаў і інтэр’ераў культавых збудаванняў (Пінскі касцёл францысканцаў), палацаў, сядзібных дамоў, з 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. шырока ўжывалася для знадворнага дэкарыравання гар. і сельскага нар. жылля. Найб. росквіту ў арх. дэкоры дасягнулі веткаўская разьба, разьба ў Магілёве, Гомелі, Шклове, Віцебску, Чачэрску і інш. На Беларусі пашырана некалькі відаў Р.а.: гранёна-выемчатая (геам. ўзор заглыблены ў гладкі фон), скразная (плоска-ажурная і аб’ёмна-ажурная кампазіцыя без фону), рэльефная (над заглыбленым фонам узнята выява), камбінаваная (спалучае некалькі відаў Р.а. або розныя матэрыялы і спосабы апрацоўкі). У нар. жыллі найб. пашыраны стылізаваныя салярныя (Жыткавіцкі, Лельчыцкі, Пінскі, Слонімскі, Шклоўскі р-ны), зааморфныя (Капыльскі, Клецкі, Дзятлаўскі, Івацэвіцкі, Нясвіжскі р-ны), расл. (паўд. раёны Беларусі), геам. і інш. дэкар. матывы. У творчасці разьбяроў Гомельшчыны сустракаюцца тэмы «Свет Божы», «Рай нябесны», «Рай зямны» і інш. У нар. дойлідстве найб. старадаўнімі элементамі дэкору былі вільчакі. Скразной або краявой разьбой упрыгожвалі падзоры. Р.а. аздаблялі франтоны. Найчасцей дэкор франтонаў — простая (верт., гарыз.), фігурная («квадратам», «ромбам», «у елачку», салярныя матывы) і камбінаваныя шалёўкі, накладкі з разным прафіляваным геам. арнаментам і расфарбоўка (Слуцкі і Любанскі р-ны, Цэнтр. і Зах. Палессе). Асн. дэкор сцен — фігурная шалёўка з элементамі разьбы (найб. пашыраны ў 1950—80-я г. ва ўсх. і цэнтр. р-нах Беларусі). У дэкор уваходзіць таксама ўпрыгожванне Р.а. вуглоў (пашыраны ў 1950—60-я г.; асабліва апрацоўка плоскімі нашчыльнікамі, аздобленымі накладкамі з геам., расл., радзей зааморфнай арнаментыкай). Адзін з гал. элементаў разнога дэкору знадворнай ч. жылля і грамадскіх будынкаў — упрыгожаныя разьбой аконныя ліштвы. Р.а. упрыгожваюць франтончыкі, карнізы, слупы і інш. элементы веранды, ганка, падчэняў. Іх дэкар. выгляд ствараецца маст. шаляваннем у выглядзе выявы сонца з прамянямі, рэльефнымі разеткамі, ажурнай разьбой закрылін па краях стрэшкі, фігурнай апрацоўкай слупоў у выглядзе калон з разнымі капітэлямі, адмысловым малюнкам фігурных аконных пераплётаў у спалучэнні з паліхромнай расфарбоўкай у выглядзе ромбаў, квадратаў, авальных круглых і расл. форм. Для дэкору дзвярэй характэрна маст. разьба з салярнымі выявамі, разеткамі. расл. арнаментам, геральдычнымі і зааморфнымі матывамі. У афармленні малых арх. форм (вароты, калодзежы, альтанкі і інш.) выкарыстоўваюць такія самыя прыёмы Р.а., як і для аддзелкі жылля. На Беларусі вылучаюць некалькі асн. арх.-дэкар. ансамбляў традыц. аздаблення нар. жылля, у т. л. навагрудска-мядзельскі. турава-пінскі, слуцка-любанскі, барысаўска-асіповіцкі, мазырска-хойніцкі, полацка-віцебскі, шклоўска-магілёўскі, веткаўска-гомельскі.

Літ.:

Беларуская народная архітэктурная разьба. Мн., 1958;

Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;

Сахута Я.М. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978;

Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978;

Хіцько І.П. Мастацтва разьбы па дрэве. Мн., 1998.

І.​П.​Хіцько.

Да арт. Разьба архітэктурная. Дэталь фасада 19-й пячоры Аджанты. Індыя. 5—7 ст.
Да арт. Разьба архітэктурная. Галоўны алтар Пінскага касцёла францысканцаў. Каля 1730.
Да арт. Разьба архітэктурная. Ліштвы жылога дома ў г. Ветка Гомельскай вобл.

т. 13, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)