РА́СТРАВЫЯ АПТЫ́ЧНЫЯ СІСТЭ́МЫ,

клас аптычных сістэм з вял. колькасцю дробных адтулін, лінзаў, люстэркаў, прызмаў і інш. элементаў, размешчаных на агульнай паверхні (гл. Растр).

Адрозніваюць рэгулярныя і нерэгулярныя Р.а.с. Рэгулярныя сістэмы бываюць лінейныя (растр з паралельных ліній), радыяльныя (элементы «разбягаюцца» прамянямі з агульнага цэнтра), кальцавыя (утвараюцца кальцавымі зонамі) і інш. Найб. пашыраны Р.а.с. з пастаянным перыядам чаргавання элементаў на агульнай плоскасці. Выкарыстоўваюцца ў паліграфіі, высокаскарасной кіназдымцы, аб’ёмнай фатаграфіі, рэнтгенаграфіі і інш.

т. 13, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́СТРАВЫЯ ГРАФІ́ЧНЫЯ СІСТЭ́МЫ,

комплекс апаратна-праграмных сродкаў увядзення, апрацоўкі, захоўвання і ўзнаўлення аптычных відарысаў.

Зыходны 2-мерны відарыс дыскрэтызуецца з дапамогай растравага сканера і пераўтвараецца ў лічбавы відарыс у выглядзе матрыцы элементаў (пікселаў). Для каляровых відарысаў дадаткова праводзіцца колерадзяленне і фарміруюцца асобныя матрыцы для кожнага з асн. колераў. Для такога пераўтварэння 3-мерных відарысаў найб. пашыраны метад сячэння зыходнага аб’екта паралельнымі плоскасцямі і фарміравання паслядоўнасці 2-мерных матрыц, а таксама метад 2-мернага растравага ўвядзення эквівалентных светлавых ліній на паверхні аб’екта. Выкарыстоўваюцца ў сістэмах тэхн. зроку ў робататэхніцы, медыцыне, паліграфіі, лёгкай прам-сці і інш, Гл. таксама Лічбавая апрацоўка відарысаў.

На Беларусі Р.г.с. распрацоўваюцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.

В.​К.​Ерахавец.

т. 13, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТР (ад ням. Raster граблі),

1) у оптыцы — рашотка, паверхня з дробнымі лінзамі, адтулінамі, шчылінамі ці інш. для структурнага пераўтварэння накіраванага на яе светлавога пучка. Гл. таксама Растравыя аптычныя сістэмы.

2) У паліграфіі — празрыстая аснова з лініямі, штрыхамі і інш. для фотамех. ўзнаўлення паўтонавых відарысаў пры афсетным друку, высокім друку і глыбокім друку.

3) У тэлебачанні — святлівы прамавугольнік на экране тэлевізара, створаны радкамі тэлевізійнай разгорткі аднаго поўнага кадра.

Растры: 1 — лінейны; 2 — двухлінейны; 3 — рамбічны; 4 — карэньчыкавы; 5 — кантактавы; 6 — для глыбокага друку.

т. 13, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІШЭ́ (франц. cliché),

1) друкарская форма высокага друку, прызначаная для паліграф. ўзнаўлення ілюстрацый, а часам і тэксту.

Бываюць штрыхавыя (атрымліваюць са штрыхавога арыгінала з элементамі аднолькавай насычанасці — з чарцяжоў, рысункаў пяром і інш.), растравыя (атрымліваюць з паўтонавых выяў з элементамі рознай насычанасці — з фатаграфій, акварэльных малюнкаў і да т.п.) і камбінаваныя. Вырабляюць К. фотамеханічным (гл. Аўтатыпія), электрамеханічным (гравіраваннем металу) спосабамі і фотаполімерызацыяй (уздзеяннем святла на палімерныя матэрыялы, з якіх утвараюцца друкарскія элементы). К. звычайна робяць з дробнакрышталічнага цынку (гл. Цынкаграфія), магнію, часам з медзі і алюмінію. З аднаго К. атрымліваюць да 1 млн. адбіткаў.

2) Хадзячы (стэрэатыпны) выраз, які механічна ўзнаўляецца (ужываецца) у тыповых моўных кантэкстах і сітуацыях; шаблонная (збітая) фраза. Гл. таксама Штамп.

т. 8, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАТЫ́ПІЯ (ад аўта... + грэч. typos адбітак),

спосаб паліграфічнага ўзнаўлення паўтонавых і шматколерных відарысаў (фотаздымкаў, твораў жывапісу) сродкамі высокага друку. Арыгінал, што трэба ўзнавіць, фатаграфуюць праз растр, лініі якога ствараюць на фатаграфічнай пласціне цені і паўцені. За празрыстай адтулінай растра праектуецца адлюстраванне дыяфрагмы ў выглядзе светлай кропкі. Колькасць святла, адбітага ад арыгінала, уплывае на памеры кропак: найб. светлым месцам адпавядае найменшы дыяметр кропак. Пасля капіравання растравага негатыва на цынкавую пласціну з нанесеным святлоадчувальным слоем атрымліваюць аўтатыпнае (растравае) клішэ — рэльефнае пазітыўнае адлюстраванне (гл. Цынкаграфія). Шматколернае адлюстраванне аднаўляецца на аснове фатагр. колерападзелу: прамяні святла, адбітыя ад арыгінала, паслядоўна прапускаюць праз рознакаляровыя святлафільтры. Пасля 3- ці 4-разовага фатаграфавання атрымліваюць колерападзельныя растравыя негатывы, з якіх вырабляюць аўтатыпныя клішэ. З іх паслядоўна асн. фарбамі друкуюць шматкаляровую рэпрадукцыю.

т. 2, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАФАПАБУДАВА́ЛЬНІК,

прыстасаванне для аўтаматычнага вычэрчвання графічнай (ці алфавітна-лічбавай) інфармацыі на папяровыя, плёначныя або інш. носьбіты запісу. Бываюць буйна- (памеры да 2×6 м) і малагабарытныя, вектарныя і растравыя, планшэтныя, барабанныя і ролікавыя, эл.-мех. (найб. пашыраныя), эл.-статычныя, струменныя і інш.

Графічная інфармацыя непасрэдна ад ЭВМ (ці з прамежкавых носьбітаў інфармацыі, напр. магн. дыскаў) узнаўляецца сімваламі (неперарыўнымі лініямі, штрыхамі, кропкамі і інш.) у адна- і шматколерным выкананні. Пішучы элемент перамяшчаецца з дапамогай крокавых або серварухавікоў. Дакладнасць узнаўлення ліній да 0,005 мм, скорасць вычэрчвання да 5 м/с, раздзяляльная здольнасць да 20 ліній на міліметр. Выкарыстоўваецца як знешняе прыстасаванне вываду даных з ЭВМ, у аўтаматызаваных сістэмах праектавання, машына- і прыладабудаванні, метэаралогіі, картаграфіі і інш. На Беларусі сям’я графапабудавальнікаў «ІТЭКАН» распрацавана Ін-там тэхн. кібернетыкі Нац. АН.

М.​П.​Савік.

т. 5, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСПЛЕ́Й (ад англ. display паказваць, узнаўляць),

прылада для візуальнага адлюстравання алфавітна-лічбавай і графічнай інфармацыі ў дыялогавым рэжыме работы чалавека з ЭВМ. Адрозніваюць алфавітна-лічбавыя, вектарныя і растравыя Д.; чорна-белага і каляровага адлюстравання; малога, сярэдняга і высокага раздзялення. Д. уваходзіць у склад персанальнай ЭВМ або далучаецца да ЭВМ з дапамогай ліній сувязі.

Д. мае экран (электронна-прамянёвыя трубкі, вадкакрышталічны або інш), генератар сімвалаў і ліній, пульт кіравання з клавіятурай, запамінальнае прыстасаванне і блокі сувязі са знешнімі крыніцамі інфармацыі, таксама можа мець сродкі адваротнай сувязі («мыш», светлавы аловак і інш.) для аператыўнай карэкцыі інфармацыі на экране. Алфавітна-лічбавы Д. адлюстроўвае інфармацыю з дапамогай зададзенага набору сімвалаў (на экране да 24 радкоў тэксту па 80 сімвалаў у радку). Вектарны Д. — спецыялізаваны Д. для адлюстравання графічнай інфармацыі ў выглядзе адрэзкаў ліній (вектараў). Найб. дасканалы растравы Д., адлюстроўвае інфармацыю ў выглядзе мазаікі святлівых пунктаў (элементаў відарысу), інфармацыя пра кожны элемент захоўваецца ў апорнай памяці Д., ад аб’ёму якой залежыць яго раздзяляльная здольнасць. Выкарыстоўваецца як выхадная прылада (тэрмінал) выліч. сістэм і сетак, а таксама ў аўтаматызаваных сістэмах праектавання, кіравання, інфармацыйна-пошукавых сістэмах, сістэмах перадачы даных і інш.

М.​П.​Савік.

т. 6, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)