клас аптычных сістэм з вял. колькасцю дробных адтулін, лінзаў, люстэркаў, прызмаў і інш. элементаў, размешчаных на агульнай паверхні (гл.Растр).
Адрозніваюць рэгулярныя і нерэгулярныя Р.а.с. Рэгулярныя сістэмы бываюць лінейныя (растр з паралельных ліній), радыяльныя (элементы «разбягаюцца» прамянямі з агульнага цэнтра), кальцавыя (утвараюцца кальцавымі зонамі) і інш.Найб. пашыраны Р.а.с. з пастаянным перыядам чаргавання элементаў на агульнай плоскасці. Выкарыстоўваюцца ў паліграфіі, высокаскарасной кіназдымцы, аб’ёмнай фатаграфіі, рэнтгенаграфіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́СТРАВЫЯ ГРАФІ́ЧНЫЯ СІСТЭ́МЫ,
комплекс апаратна-праграмных сродкаў увядзення, апрацоўкі, захоўвання і ўзнаўлення аптычных відарысаў.
Зыходны 2-мерны відарыс дыскрэтызуецца з дапамогай растравага сканера і пераўтвараецца ў лічбавы відарыс у выглядзе матрыцы элементаў (пікселаў). Для каляровых відарысаў дадаткова праводзіцца колерадзяленне і фарміруюцца асобныя матрыцы для кожнага з асн. колераў. Для такога пераўтварэння 3-мерных відарысаў найб. пашыраны метад сячэння зыходнага аб’екта паралельнымі плоскасцямі і фарміравання паслядоўнасці 2-мерных матрыц, а таксама метад 2-мернага растравага ўвядзення эквівалентных светлавых ліній на паверхні аб’екта. Выкарыстоўваюцца ў сістэмах тэхн. зроку ў робататэхніцы, медыцыне, паліграфіі, лёгкай прам-сці і інш, Гл. таксама Лічбавая апрацоўка відарысаў.
На Беларусі Р.г.с. распрацоўваюцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.
Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
РАСТР (ад ням. Raster граблі),
1) у оптыцы — рашотка, паверхня з дробнымі лінзамі, адтулінамі, шчылінамі ці інш. для структурнага пераўтварэння накіраванага на яе светлавога пучка. Гл. таксама Растравыя аптычныя сістэмы.
2) У паліграфіі — празрыстая аснова з лініямі, штрыхамі і інш. для фотамех. ўзнаўлення паўтонавых відарысаў пры афсетным друку, высокім друку і глыбокім друку.
3) У тэлебачанні — святлівы прамавугольнік на экране тэлевізара, створаны радкамі тэлевізійнай разгорткі аднаго поўнага кадра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІШЭ́ (франц. cliché),
1) друкарская форма высокага друку, прызначаная для паліграф. ўзнаўлення ілюстрацый, а часам і тэксту.
Бываюць штрыхавыя (атрымліваюць са штрыхавога арыгінала з элементамі аднолькавай насычанасці — з чарцяжоў, рысункаў пяром і інш.), растравыя (атрымліваюць з паўтонавых выяў з элементамі рознай насычанасці — з фатаграфій, акварэльных малюнкаў і да т.п.) і камбінаваныя. Вырабляюць К. фотамеханічным (гл.Аўтатыпія), электрамеханічным (гравіраваннем металу) спосабамі і фотаполімерызацыяй (уздзеяннем святла на палімерныя матэрыялы, з якіх утвараюцца друкарскія элементы). К. звычайна робяць з дробнакрышталічнага цынку (гл.Цынкаграфія), магнію, часам з медзі і алюмінію. З аднаго К. атрымліваюць да 1 млн. адбіткаў.
2) Хадзячы (стэрэатыпны) выраз, які механічна ўзнаўляецца (ужываецца) у тыповых моўных кантэкстах і сітуацыях; шаблонная (збітая) фраза. Гл. таксама Штамп.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАТЫ́ПІЯ (ад аўта... + грэч. typos адбітак),
спосаб паліграфічнага ўзнаўлення паўтонавых і шматколерных відарысаў (фотаздымкаў, твораў жывапісу) сродкамі высокага друку. Арыгінал, што трэба ўзнавіць, фатаграфуюць праз растр, лініі якога ствараюць на фатаграфічнай пласціне цені і паўцені. За празрыстай адтулінай растра праектуецца адлюстраванне дыяфрагмы ў выглядзе светлай кропкі. Колькасць святла, адбітага ад арыгінала, уплывае на памеры кропак: найб. светлым месцам адпавядае найменшы дыяметр кропак. Пасля капіравання растравага негатыва на цынкавую пласціну з нанесеным святлоадчувальным слоем атрымліваюць аўтатыпнае (растравае) клішэ — рэльефнае пазітыўнае адлюстраванне (гл.Цынкаграфія). Шматколернае адлюстраванне аднаўляецца на аснове фатагр. колерападзелу: прамяні святла, адбітыя ад арыгінала, паслядоўна прапускаюць праз рознакаляровыя святлафільтры. Пасля 3- ці 4-разовага фатаграфавання атрымліваюць колерападзельныя растравыя негатывы, з якіх вырабляюць аўтатыпныя клішэ. З іх паслядоўна асн. фарбамі друкуюць шматкаляровую рэпрадукцыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАФАПАБУДАВА́ЛЬНІК,
прыстасаванне для аўтаматычнага вычэрчвання графічнай (ці алфавітна-лічбавай) інфармацыі на папяровыя, плёначныя або інш. носьбіты запісу. Бываюць буйна- (памеры да 2×6 м) і малагабарытныя, вектарныя і растравыя, планшэтныя, барабанныя і ролікавыя, эл.-мех. (найб. пашыраныя), эл.-статычныя, струменныя і інш.
Графічная інфармацыя непасрэдна ад ЭВМ (ці з прамежкавых носьбітаў інфармацыі, напр.магн. дыскаў) узнаўляецца сімваламі (неперарыўнымі лініямі, штрыхамі, кропкамі і інш.) у адна- і шматколерным выкананні. Пішучы элемент перамяшчаецца з дапамогай крокавых або серварухавікоў. Дакладнасць узнаўлення ліній да 0,005 мм, скорасць вычэрчвання да 5 м/с, раздзяляльная здольнасць да 20 ліній на міліметр. Выкарыстоўваецца як знешняе прыстасаванне вываду даных з ЭВМ, у аўтаматызаваных сістэмах праектавання, машына- і прыладабудаванні, метэаралогіі, картаграфіі і інш. На Беларусі сям’я графапабудавальнікаў «ІТЭКАН» распрацавана Ін-там тэхн. кібернетыкі Нац.АН.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСПЛЕ́Й (ад англ. display паказваць, узнаўляць),
прылада для візуальнага адлюстравання алфавітна-лічбавай і графічнай інфармацыі ў дыялогавым рэжыме работы чалавека з ЭВМ. Адрозніваюць алфавітна-лічбавыя, вектарныя і растравыя Д.; чорна-белага і каляровага адлюстравання; малога, сярэдняга і высокага раздзялення. Д. уваходзіць у склад персанальнай ЭВМ або далучаецца да ЭВМ з дапамогай ліній сувязі.
Д. мае экран (электронна-прамянёвыя трубкі, вадкакрышталічны або інш), генератар сімвалаў і ліній, пульт кіравання з клавіятурай, запамінальнае прыстасаванне і блокі сувязі са знешнімі крыніцамі інфармацыі, таксама можа мець сродкі адваротнай сувязі («мыш», светлавы аловак і інш.) для аператыўнай карэкцыі інфармацыі на экране. Алфавітна-лічбавы Д. адлюстроўвае інфармацыю з дапамогай зададзенага набору сімвалаў (на экране да 24 радкоў тэксту па 80 сімвалаў у радку). Вектарны Д. — спецыялізаваны Д. для адлюстравання графічнай інфармацыі ў выглядзе адрэзкаў ліній (вектараў). Найб. дасканалы растравы Д., адлюстроўвае інфармацыю ў выглядзе мазаікі святлівых пунктаў (элементаў відарысу), інфармацыя пра кожны элемент захоўваецца ў апорнай памяці Д., ад аб’ёму якой залежыць яго раздзяляльная здольнасць. Выкарыстоўваецца як выхадная прылада (тэрмінал) выліч. сістэм і сетак, а таксама ў аўтаматызаваных сістэмах праектавання, кіравання, інфармацыйна-пошукавых сістэмах, сістэмах перадачы даных і інш.