ГРАЗДО́ЎНІК

(Botrychium),

род споравых папарацепадобных раслін сям. вужоўнікавых. Каля 40 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, пераважна ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі 6 відаў: гваздоўнік віргінскі (В. virginianum), ланцэтападобны (В. lanceolatum), паўмесяцавы (В. lunaria), просты (В. simplex), рамонкалісты (В. matricariifolium) і шматраздзельны (В. multifidum). Растуць у лясах, на ўзлесках, схілах узгоркаў. Гваздоўнік віргінскі і рамонкалісты занесены ў Чырв. кнігу Беларусі, гваздоўнік просты, магчыма, знік з флоры рэспублікі.

Спарафіты — шматгадовыя, звычайна невял. травяністыя расліны з кароткім неразгалінаваным карэнішчам. Вегетатыўны сегмент ліста звычайна перыста-рассечаны; спараносна-мяцёлчата-галінасты. Гематафіты (зарасткі) — яйцападобныя, плоскаклубне- або дыскападобныя, даўж. 1—20 мм, з мікарызай. Лек. (ранагаючы сродак) і дэкар. расліны.

Г.У.Вынаеў.

т. 5, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРА́НЫ

(Varanidae),

сямейства паўзуноў падатр. яшчарак. 1 сучасны род, 24 віды. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і часткова ва ўмераным паясах Усх. паўшар’я (акрамя Мадагаскара). Жывуць у парослых кустамі мясцінах, многія — каля прэснаводных вадаёмаў, добра плаваюць і ныраюць. Найб. вядомы варан шэры (Varanus griseus), пашыраны ў Паўн. Афрыцы, Сярэдняй і Паўд.-Зах. Азіі.

Даўж. выкапнёвых продкаў з плейстацэну да 10 м, сучасных — ад 0,8 да 3,7 м (варан камодскі — Varanus komodoensis — самая вял. яшчарка свету масай да 150 кг). Цела падоўжанае, ногі добра развітыя, хвост у многіх відаў прыплясканы з бакоў. Галава ўкрыта дробнымі рагавымі шчыткамі. Язык доўгі, глыбока рассечаны на канцы. Драпежнікі, кормяцца яшчаркамі, змеямі, дробнымі млекакормячымі, воднымі жывёламі. Мяса варана ядомае, скура ідзе на выраб абутку. Варан камодскі ў Чырв. кнізе МСАП.

т. 4, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)