ГРУ́НЕВАЛЬД (Grünewald) Матыяс [сапр.Готгарт Нітгарт (Найтгарт); Gothart Nithart (Neithart); 1460—80, г. Вюрцбург, Германія — 1.9.1528], нямецкі жывапісец эпохі Адраджэння. У 1508—1526 (?) прыдворны жывапісец майнцкіх архіепіскапаў і курфюрстаў. Творчасць звязана з ідэалогіяй нар. нізоў і містычнымі ерасямі. У гал. творы — 9 частках Ізенгаймскага алтара (1512—15) — трагічныя сцэны страсцей Хрыстовых («Распяцце») змяняюцца карцінамі радасці, пантэістычным успрыманнем прыроды («Раство»). Містычны вобраз Хрыста, які нібыта растае ў час успышкі яркага святла («Уваскрэсенне»),
саступае месца вобразам унутрана прасветленым, прасякнутым гуманістычным пачаткам («Святы Себасцьян»). У творах пач. 1520 г. відавочнае ўздзеянне мастацтва італьян. Адраджэння («Сустрэчы св. Эразма і Маўрыкія», 1520—24), у больш позніх зноў вяртанне да тэмы Хрыста і экспрэсіўнай драм. мовы познагатычнага жывапісу («Аплакванне Хрыста», 1524—25).
Літ.:
Немилов А.Н. Грюневвальд. М., 1972.
М.Груневальд. Распяцце Галава Хрыста. Фрагмент.М.Груневальд. Распяцце. Цэнтральная частка Ізенгаймскага алтара. 1512—15.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІЯНІ́СІЙ [каля 1440 — пасля 1502—03(7)],
рускі жывапісец. Працаваў пераважна ў Маскве і сярэднярус. манастырах. Большасць твораў Дз. не захавалася і вядома па пісьмовых крыніцах. Абразам Дз., з іх вытанчаным малюнкам і каларытам, з вельмі выцягнутымі, грацыёзнымі фігурамі, уласцівы ўзнёсласць і ўрачыстасць: «Божая Маці Адзігітрыя» (1482), «Спас у сілах» і «Распяцце» (абодва 1500); абразы для Ферапонтава манастыра і размалёўкі яго сабора выкананы разам з сынамі Уладзімірам і Феадосіем (1500—02 ці 1502—03). Дз. прыпісваюць таксама абразы «Мітрапаліт Пётр у жыцці», «Мітрапаліт Аляксій у жыцці» і інш.
Літ.:
Данилова И.Е. Фрески Ферапонтова монастыря. М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ЛЕК ((Bilek) Францішак) (6.11.1872, Хінаў, каля г. Табар, Чэхія — 13.10.1941),
чэшскі скульптар; прадстаўнік сімвалізму. Вучыўся ў АМ у Празе (1887—90) і ў акадэміі Каларосі ў Парыжы (1891—92). Сярод работ: рэльеф «Тлумачэнне слова «Мадонна» (1897), «Распяцце» (1899, сабор св. Віта, Прага), «Жах» (1907), помнік воінам, што загінулі ў Горжыцы (1922) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІПАЛІ́Т (Старац),
разьбяр па дрэве 17 ст. Манах з Оршы. Працаваў у палаце разьбяных і сталярных спраў Маск. Крамля. З вучнямі Яфімам Анціп’евым, Данілам Грыгор’евым і Ларкам Юр’евым рэзаў і залаціў стаўпы і гербы царскіх карэт, іканастасы, рызніцы, шафы, куфры, ракі для мошчаў і інш. У 1679 стварыў рэльефнае распяцце ў царкве Уваскрэсення Славушчага і малюнкі кафляных упрыгожанняў купалаў Верхняспаскага сабора Маск. Крамля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ЛЬНІКАЎ (Андрэй Андрэевіч) (н. 22.2.1919, г. Энгельс Саратаўскай вобл., Расія),
расійскі жывапісец. Нар. мастак Расіі (1968). Нар. мастак СССР (1976).
Акад. АМСССР (1966). Герой Сац. Працы (1989). Віцэ-прэзідэнт Рас.АМ (з 1997). Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна (1946), выкладае ў ім (з 1967 праф.). З 1962 кіраўнік творчай майстэрні Рас.АМ. Працуе пераважна ў станковым жывапісе ў быт. і гіст. жанрах, пейзажы, партрэце, а таксама ў манум.-дэкар. мастацтве, графіцы, скульптуры. Творы вызначаюцца драм.-эмацыянальным ладам, кампазіцыйнай яснасцю, яркасцю каларыту: «Партрэт маці» (1947), «На мірных палях» (1951), «Партрэт дачкі» (1955, 1964), «Белая ноч» (1963), «Партрэт С.Канёнкава» (1970), «Даша» («Прынцэса», 1971), «Раніца» (1972), «Развітанне» (1975), «Іспанскі трыпціх» («Распяцце», «Карыда», «Смерць Гарсія Лоркі», 1979—83), «Цішыня» (1987), «Распяцце» (1995) і інш. Аўтар мазаік для станцый метрапалітэна (1955) і манум. размалёвак ў Т-ры юнага гледача (1962) у С.-Пецярбургу. Дзярж. прэміі СССР 1951, 1977. Ленінская прэмія 1984.
Літ.:
Каганович А.Л. А.А.Мыльников. Л., 1980;
А.А.Мыльников: [Альбом]. Л., 1977.
А.Мыльнікаў. Карыда. Цэнтральная частка «Іспанскага трыпціха». 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́ТЦАР (Якуб) (23.7.1690, г. Пінск Брэсцкай вобл. — 11.8.1733),
бел. жывапісец. Зрабіў размалёўку інтэр’ера касцёла езуітаў у Слуцку (1715—17, не захаваўся), капліцы ў Полацку (1717—21); стварыў абразы «Распяцце», «Маці Божая», шэраг партрэтаў. У 1721—22 у Мінскім кафедральным касцёле св. Станіслава выканаў паліхромную размалёўку ў сакрысціях і алтар Маці Божай. У 1731—32 у Віцебску размаляваў карнізы і капітэлі ў езуіцкім касцёле (не захаваліся), напісаў абразы св. Андрэя Баболі і св. Тадэвуша. З 1732 працаваў у Нясвіжы, Пінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАНЕ́ЛА ДА МЕСІ́НА (Antonello da Messina; каля 1430, г. Месіна, Сіцылія — паміж 14 і 25.2.1479),
італьянскі жывапісец ранняга Адраджэння. Прадстаўнік Венецыянскай школы жывапісу. Працаваў пераважна ў Месіне. Запазычыўшы ў нідэрл. мастакоў тэхніку алейнага жывапісу, дасягнуў надзвычайнай глыбіні колеру, выкарыстаў і асвятленне як маст.-выразны сродак. Створаныя ім вобразы адметныя велічным спакоем, класічнай раўнавагай. Значны ўклад яго ў станаўленне рэнесансавага рэаліст. партрэта. Асн. творы: т.зв. аўтапартрэт (каля 1473), «Распяцце» (1477), фрагменты алтара з царквы Сан-Касіяна ў Венецыі (1475 76), «Святы Себасцьян» (1475) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДСЛАЎСКІ КАСЦЁЛ БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ,
помнік архітэктуры позняга барока. Пабудаваны ў 1767—83 у в. Будслаў (Мядзельскі р-н Мінскай вобл.). Мураваная 3-нефавая базіліка з прамавугольным прэсбітэрыем і трансептам каля ўвахода. Тарцы нефа і трансепта завершаны фігурнымі франтонамі. Гал. фасад з 2 шмат’яруснымі вежамі па баках аздоблены багатай дэкар. пластыкай. У інтэр’еры гал. драўляны алтар (1784—90), арган з драўлянай пазалочанай разьбой. У бакавой капліцы (першапачаткова была храмам, 1643) захаваўся унікальны 2-ярусны алтар (завершаны да 1651) з 20 скульптурамі і карцінамі «Распяцце», «Засмучоная Маці Божая» (18 ст.; раней у алтары знаходзіўся абраз Марыі, 1598).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧАРУ́К (Уладзімір Іванавіч) (н. 6.7.1961, пас. Качубееўка Стаўрапольскага краю, Расія),
бел. жывапісец, педагог. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1989). У 1991—94 вучыўся ў Творчых акад. майстэрнях у М.Савіцкага. З 1994 у Бел. акадэміі мастацтваў. Працуе ў жанры тэматычнай карціны, партрэта, нацюрморта. Філас. разважанні аб шматграннасці жыцця, свой духоўны, эстэт. ідэал Ганчарук выяўляе праз зварот да міфалагічных сюжэтаў, легендаў, паданняў. Сярод твораў: «Казачніца» (1985), «Лістапад», «Забыты Бог», «Прадказальнік» (усе 1988), трыптых «Датычнасць» (1989), «Знак зацьмення» (1991), «Адзінокая зорка», «Тэсей і мінатаўр» (абедзве 1992), «Блаславенне» (1993), «Жнівень», «Распяцце», «Зварот», «Усім самотным» (усе 1994), «Прэлюдыя ночы», серыя «Цыганскі барон» (усе 1996).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУТУ́ЗА ((Guttuso) Рэната) (2.1.1912, г. Багерыя, Італія — 18.1.1987),
італьянскі жывапісец і графік. Акадэмік АМ у Рыме (1960), ганаровы чл.АМСССР (1962). Удзельнік італьян. Руху Супраціўлення (1943—45). Аўтар шэрагу антыфаш. твораў («Расстрэл», 1938; «Распяцце», 1940—41; серыя малюнкаў «З намі Бог!», 1944—45). У работах канца 1940—60-х г. стварыў шматгранную карціну жыцця пасляваен. Італіі. Значнае месца ў яго творчасці займала сац.-паліт. тэма (карціны «Пляж», «Чалавек, які есць спагеці», «Дыскусія», «Натоўп», «Навіны» і інш.). Для ўзмацнення эмацыянальнага ўздзеяння сваіх работ часта выкарыстоўваў рэзка кантрастнае гучанне колераў, востра дынамічны малюнак. Пісаў таксама партрэты, пейзажы, нацюрморты, вулічныя сцэнкі, буйнамаштабныя палотны на алегарычныя сюжэты.