РАСПАРАДЖЭ́ННЕ ў праве,

1) адно з правамоцтваў уласніка рэчаў, якое дазваляе ўключаць яго ў эканам. абарачэнне праз ажыццяўленне такіх распараджальных здзелак, як купля-продаж, пастаўка, дарэнне і інш. У выніку актаў Р. маёмасцю ажыццяўляецца яе адчужэнне, перадача ў часовае валоданне ці карыстанне інш. асобе, у залог, здача на захоўванне і г.д. Р. вызначае юрыд. лёс рэчаў, г.зн. або спыняецца, або прыпыняецца на яе права ўласнасці.

2) Адзін з відаў падзаконных актаў: уладны акт органа кіравання ў рамках яго кампетэнцыі, што мае абавязковую сілу для фіз. і юрыд. асоб, якім Р. адрасавана. Можа быць агульнага, працяглага або разавага дзеяння для канкрэтнага выпадку.

т. 13, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Акрэдытыў (распараджэнне) 1/197

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АРДЫНА́РАЦ (ад ням. Ordonnanz веставы),

у рускай арміі — ваеннаслужачы афіцэр, унтэр-афіцэр, радавы, прызначаны ў распараджэнне камандуючага (камандзіра) або штаба для выканання іх даручэнняў. Ардынарцы вылучаліся таксама ў распараджэнне ганаровых асоб, якія прыбылі ў войскі, і ў ганаровыя варты. У канцы 19 ст. пры пяхотных палках былі каманды конных ардынарцаў. У Сав. Арміі ардынарцы (звычайна з радавых) вылучаліся ў распараджэнне страявых камандзіраў толькі ў ваен. час.

т. 1, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫРЭКТЫ́ВА (франц. directive ад лац. dirigere накіроўваць),

распараджэнне, кіруючае ўказанне, настаўленне, якія даюцца вышэйстаячым органам ніжэйстаячаму ці кіраўніком установы падначаленаму.

т. 6, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАХО́Д,

грашовая сума, якая рэгулярна і законным шляхам паступае ў непасрэднае распараджэнне суб’екта эканомікі. Галоўныя крыніцы Д. — заработная плата, прадпрымальніцкі прыбытак, арэндная плата, асабістая дапаможная гаспадарка, розныя дзярж. выплаты і інш. Гл. таксама Дзяржаўныя даходы, Даходы насельніцтва, Даходы прадпрыемства, Нацыянальны даход.

т. 6, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУНІЦЫПАЛІЗА́ЦЫЯ (франц. municipalisation ад лац. municipium самакіравальная абшчына),

прымусовая перадача дзярж. уладай уласнасці прыватных асоб (бязвыплатна або за выкуп) органам гар. і сельскага самакіравання. Аб’ектам М. звычайна з’яўляецца нерухомая маёмасць — зямля, пабудовы і да т.п., што перадаецца ў веданне мясц. органаў. Адрозніваецца ад нацыяналізацыі, пры якой маёмасць паступае ў распараджэнне цэнтр. органаў улады.

У Сав. Расіі М. ажыццяўлялася ў 1918—21 на падставе дэкрэта ВЦВК ад 20.8.1918 «Аб адмене права ўласнасці на нерухомую маёмасць у гарадах», паводле якога ў распараджэнне мясц. Саветаў перадаваліся канфіскаваныя ў прыватных асоб будынкі і прадпрыемствы, якія абслугоўвалі гар. гаспадарку, школы, тэатры і інш. У БССР паводле пастановы СНК БССР ад 10.5.1940 «Аб муніцыпалізацыі і нацыяналізацыі будынкаў на тэрыторыі заходніх абласцей БССР» муніцыпалізаваны ў жыллёвы фонд мясц. выканкомаў у гар. паселішчах домаўладанні вял. жылой плошчы, безгаспадарныя ўладанні, гандл. будынкі, а таксама пэўная нерухомая маёмасць у сельскіх мясцовасцях.

т. 11, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫРКУЛЯ́Р (ням. Zirkular ад лац. circularis кругавы),

пісьмовае распараджэнне дзярж. ці грамадскага органа або тлумачэнне аб парадку прымянення якога-н. прававога акта; рассылаецца падведамным установам, арг-цыям або падначаленым службовым асобам. У міжнар. праве існуе паняцце «цыркулярная нота» — афіц. дыпламат. пісьмовы зварот аднаго ўрада адначасова да некалькіх дзяржаў.

т. 17, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГРА́МА (грэч. programma аб’ява, распараджэнне),

1) план прадстаячай дзейнасці, работ, мерапрыемстваў.

2) Дакумент, у якім выкладзены асн. задачы і мэты дзейнасці паліт. партыі, арг-цыі, асобнага дзеяча.

3) План правядзення свята, канцэрта, сходу, а таксама пералік нумароў, якія выконваюцца.

4) Кароткі змест курса пэўнага прадмета, які вывучаецца ў навуч. установе.

т. 12, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯРЛЫ́К (ад цюрк. ярлэк — распараджэнне, загад),

1) прывілейная грамата хана Залатой Арды падначаленым свецкім і духоўным феадалам (гіст.).

2) Від таварнага знака, абазначэнне на тавары ў выглядзе наклейкі, этыкеткі або на прымацаваным да яго талоне, у якім пазначаны даныя пра тавар (вага, колькасць, хто і калі зрабіў і інш.).

т. 18, кн. 1, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫКАНА́ЎЧЫ НА́ДПІС,

у Рэспубліцы Беларусь і некаторых краінах СНД распараджэнне натарыяльнага органа аб спагнанні з даўжніка на карысць спаганяльніка грашовай сумы ці аб выпатрабаванні маёмасці, зробленае на дакуменце, які пацвярджае пэўнае абавязацельства. У населеных пунктах, дзе няма натарыяльных кантор, выканаўчы надпіс робяць выканкомы мясц. Саветаў дэпутатаў. Выканаўчы надпіс з’яўляецца падставай для прымусовага выканання.

т. 4, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)