АГНО́ЗІЯ (ад а... + грэч. gnōsis пазнанне, распазнаванне),

парушэнне працэсаў распазнавання навакольных прадметаў і з’яў пры захаванні свядомасці і адчувальнасці. Узнікае пры шырокім пашкоджанні пэўных аддзелаў кары вял. паўшар’яў галаўнога мозга. Адрозніваюць агнозію зрокавую («душэўная слепата»), калі хворы не пазнае знаёмыя прадметы, людзей (агнозія на людзей), але вастрыня зроку захавана, агнозію слыхавую — хворы не здольны распазнаваць гукі, агнозію адчувальную — немагчымасць распазнаваць знаёмыя прадметы на дотык (астэраагноз), агнозію нюхальную і смакавую — парушэнне распазнавання знаёмых прадметаў і рэчаў па іх паху і смаку. У некаторых выпадках хворы не арыентуецца ў частках свайго цела.

т. 1, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯРО́ВЫ ЗРОК,

здольнасць вока ўспрымаць колер аб’ектаў: распазнаваць адрозненні ў спектральным складзе бачных выпрамяненняў. Важны кампанент зрокавай арыентацыі. Уласцівы насякомым, ракападобным, земнаводным, птушкам, прыматам, чалавеку і інш. Адсутнічае ў начных жывёл. Абумоўлены наяўнасцю ў сятчатцы розных тыпаў фотарэцэптараў (2—3, часам болей) з рознымі святлоадчувальнымі пігментамі. У чалавека каляровае адчуванне ўзнікае пры ўзбуджэнні 3 тыпаў колбачак, якія ўспрымаюць сіні, зялёны і чырв. колеры. Рэгулюецца цэнтр. і перыферычнымі кампанентамі зрокавай сістэмы.

т. 7, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫГЕ́НЫ [ад анты... + ген(ы)],

складаныя арган. рэчывы, якія пры паступленні ў арганізм чалавека і цеплакроўных жывёл выклікаюць спецыфічную імунную рэакцыю — утварэнне антыцелаў. Уласцівасцямі антыгенаў валодаюць чужародныя для дадзенага арганізма бялкі і поліцукрыды, асабліва высокамалекулярныя. Як антыгены яны могуць быць агульныя для ўсіх асобін пэўнага віду арганізмаў (відавыя антыгены) або толькі для іх часткі (групавыя антыгены). Ступень імунагеннасці антыгенаў, форма і вынік імуннага адказу, які яны выклікаюць (утварэнне антыцелаў, клетачны імунітэт, алергія, талерантнасць), залежаць ад ступені іх чужароднасці (філагенетычнай аддаленасці), хім. прыроды і малекулярнай будовы, дозы і формы ўвядзення ў арганізм і інш. фактараў. Імунная сістэма млекакормячых здольная распазнаваць да 10​6 антыгенаў. Вызначэнне відавой і групавой прыналежнасці антыгенаў выкарыстоўваецца пры ўстанаўленні ступені роднасці арганізмаў, распрацоўцы вакцын і сываратак, пераліванні крыві, перасадках тканак, дыягностыцы хвароб, у суд. медыцыне і інш.

т. 1, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАНДЗІ́РАВАННЕ ЗЯМЛІ́,

вывучэнне наземных аб’ектаў на значнай адлегласці з паветра, космасу. Грунтуецца на выпрамяненні наземнымі аб’ектамі ўласнай энергіі або адлюстраванні сонечнага ці штучна накіраванага выпрамянення і іх рэгістрацыі апаратурай, якая бывае наземнай (у т. л. надводнай), паветранай, касмічнай. Размяшчаецца на самалётах, верталётах, аэрастатах, ракетах, штучных спадарожніках і інш. Аналіз спектральных характарыстык у розных дыяпазонах эл.-магн. выпрамянення дазваляе распазнаваць аб’екты і атрымаць інфармацыю пра іх памеры, шчыльнасць, хім. састаў, фіз. ўласцівасці і стан. Напр., для пошуку радыеактыўных руд і крыніц выкарыстоўваюць γ-дыяпазон, для вызначэння хім. саставу глеб і горных парод — ультрафіялетавую ч. спектра, для вывучэння глеб і расліннасці — светлавы дыяпазон, для ацэнкі т-р паверхні аб’ектаў — інфрачырвоны. Нясуць інфармацыю пра рэльеф паверхні, мінерал. састаў, вільготнасць, глыбінныя ўласцівасці прыродных утварэнняў і атм. слаі радыёхвалі. Гл. таксама Зандзіраванне атмасферы, Аэрафотаздымка, Аэраэлектраразведка, Касмічная здымка.

т. 6, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯГНО́СТЫКА (ад грэч. diagnōstikos здольны распазнаваць),

раздзел клінічнай медыцыны, які вывучае метады і прынцыпы распазнавання хваробы, пастаноўкі дыягназу, назначэння лячэння і правядзення прафілактычных мерапрыемстваў. Уключае 3 асн. раздзелы: семіётыку (вывучае сімптомы хваробы), метады дыягнастычнага абследавання хворага (дыягнастычную тэхніку), метадалагічныя асновы, якія вызначаюць тэорыю і метады дыягназу. Пры Д. нараўне з анамнезам, мед. аглядам аўскультацыяй, пальпацыяй, перкусіяй выкарыстоўваюць удасканаленыя тэхн. сродкі і метады — ангіяграфію, камп’ютэрную тамаграфію, рэнтгенаграфію, фонакардыяграфію, электракардыяграфію, электраэнцэфалаграфію, эндаскапію, радыеізатопную і ультрагукавую Д. і інш. З дапамогай эндаскапічных, рэнтгеналагічных, ультрагукавых метадаў даследавання, лапараскапіі праводзяць Д. захворванняў гінекалагічнага профілю. Ультрагук выкарыстоўваюць у акушэрстве для прэнатальнай Д. (дае магчымасць удакладніць стан плода, плацэнты, правесці Д. заган развіцця плода). Д. неабходная пры даследаванні нервовай, сардэчна-сасудзістай, дыхальнай, касцявой, мочавыдзяляльнай сістэм, органаў стрававання. Найб. важная ранняя Д. захворванняў, зыход якіх залежыць ад своечасовасці лячэння (напр., раку, туберкулёзу). Адным са шляхоў ранняй Д. з’яўляецца дыспансернае абследаванне практычна здаровых людзей. Гл. таксама Дыспансерызацыя.

т. 6, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)