Расліннасць 9/120; 10/610; 12/37

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

РАСЛІ́ННАСЦЬ,

сукупнасць расл. згуртаванняў (фітацэнозаў) Зямлі або асобных яе рэгіёнаў. Характарызуецца колькасцю і спалучэннем відаў, наяўнасцю розных жыццёвых форм раслін, іх прасторавай структурай і дынамікай. Пакрывае амаль усю паверхню мацерыкоў (акрамя ледзяных пустынь унутр. тэр. Антарктыды, Грэнландыі, самых высокіх раёнаў горных масіваў і сухіх пустынь), знаходзіцца ў акіянах і інш. вадаёмах. Утварае важны кампанент біясферы (фітасферу), звязана з асаблівасцямі клімату, воднага рэжыму, глебы, рэльефу, а таксама з жывёльным светам, разам з якім фарміруе розныя біягеацэнозы. Адыгрывае найважн. ролю ў першасным сінтэзе арган. рэчыва і кругавароце рэчываў. Размеркаванне Р. мае пераважна занальны характар і звязана з кліматычнымі паясамі (асабліва на раўнінах, а ў гарах выяўляецца верт. пояснасцю). У розных класіфікацыях адрозніваюць Р. водную, мезафітную, ксерафітную, галафітную, або драўнінную, травяністую, кустовую, хмызняковую. Асн. класіфікацыйныя адзінкі — асацыяцыя, фармацыя, тып. Некалькі дзесяткаў тыпаў Р. сушы характарызуюць самыя буйныя біёмы: тундру, лясны (тайга, трапічныя лясы і інш.), саванну, стэп, пустыню і інш. На Беларусі прыроднае расліннае покрыва займае 67,2% тэр., якая адносіцца да 2 буйных батаніка-геагр. абласцей — Еўрапейскай таежнай хвойна-лясной (барэальнай) і Еўрапейскай шыракаліста-лясной (немаральнай). Пашырана Р. лясная (35,6%), лугавая (17,1%), балотная (12,2%) і хмызняковая (2,3%). Асобны тып утварае водная Р. — макрафіты. Паводле прыродна-кліматычных умоў вылучаюць 3 геабат. падзоны: дубова-цемнахвойныя лясы (Паўночная), грабава-дубова-цемнахвойныя лясы (Цэнтральная) і шыракаліста-хваёвыя лясы (Паўднёвая). На Р. адмоўна ўплываюць гасп. дзейнасць чалавека, тэхнагеннае забруджванне прыродных экасістэм, змены экалагічных умоў, таму яна патрабуе рацыянальнага выкарыстання, пастаяннай аховы і аднаўлення. Вывучае Р. геабатаніка, фітацэналогія і экалогія. Гл. таксама Геабатанічнае раянаванне і іл. да яго, Расліны, Флора.

Дз.​С.​Голад.

т. 13, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Балотная расліннасць 3/392

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Лугавая расліннасць 3/392

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Лясная расліннасць 3/392

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АЗАНА́ЛЬНАЯ РАСЛІ́ННАСЦЬ,

прыродная расліннасць, якая трапляецца ва ўсіх зонах як уключэнне ў занальную расліннасць на нехарактэрных для яе месцах росту. Найб. рэзка ўздзеянне азанальных фактараў праяўляецца ў гарах, на лугах у поймах рэк паўпустынь і пустынь. На Беларусі азанальная расліннасць трапляецца на заліўных лугах, часткова ў вадаёмах і інш. мясцінах. Тэрмін «азанальная расліннасць» увёў польскі біёлаг Ю.​Пачоскі (1915). Гл. таксама Інтразанальная расліннасць.

т. 1, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТРАЗАНА́ЛЬНАЯ РАСЛІ́ННАСЦЬ,

прыродная расліннасць, якая ўключана ў занальную расліннасць, аднак не складае самаст. зоны. Змяняецца ў шыротным і даўготным напрамках. У адрозненне ад азанальнай расліннасці цесна звязана з пэўнымі зонамі, напр., расліннасць саланцоў і саланчакоў у стэпавай і пустыннай зонах, сфагнавыя балоты ў лясной і тундравай зонах. Звычайна займае ў адпаведнай зоне невял. плошчы. Месцамі І.р. пераважае над занальнай, напр., хваёвыя лясы Палесся ў падзоне шыракалістых лясоў, балоты Зах. Сібіры ў падзоне тайгі.

т. 7, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАКО́РНАЯ РАСЛІ́ННАСЦЬ,

прыродная занальная расліннасць плоскіх дрэнажаваных водападзельных раўнін. Развіваецца на сугліністых глебах і пры глыбокім заляганні грунтавых вод. Для тайгі, напр., П.р. з’яўляюцца хвойныя лясы з елкі і лістоўніцы.

т. 12, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАНА́ЛЬНАЯ РАСЛІ́ННАСЦЬ,

прыродная расліннасць, якая характарызуе адпаведныя біёмы (тундра, тайга, стэп, пустыня і інш. прыродны паясы і зоны). Займае найб. тыповыя мясціны: роўныя, узвышаныя, добра дрэнажаваныя водападзельныя плато (плакоры). У прыродных зонах з Пн на Пд у залежнасці ад складу і будовы расліннасці вылучаюць падзоны (напр., у стэпавай зоне — лугавых, сапраўдных і апустыненых стэпаў). Мяняецца і з 3 на У (напр., яловыя лясы Еўропы ў Сібіры замяшчаюцца лістоўнічнымі). Трапляецца і за межамі асн. зоны, на асабліва спрыяльных мясцінах, утварае экстразанальную расліннасць. Неаднароднасць рэльефу і звязаныя з гэтым змены глеб і ўмоў увільгатнення выклікаюць з’яўленне інтразанальнай расліннасці. Прыродная З.р. захавалася пераважна ў запаведніках (напр., тыповыя яловыя лясы Сярэднярускага ўзвышша ў Цэнтральналясным запаведніку, кавыльныя стэпы ў Асканіі-Нова, пустыні ў Рэпетэкскім запаведніку).

т. 6, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКСТРАЗАНА́ЛЬНАЯ РАСЛІ́ННАСЦЬ,

прыродная расліннасць, якая знаходзіцца па-за межамі ўтворанай ёю асн. зоны. Трапляецца ў выглядзе асобных астравоў, ізаляваных масіваў у экалагічна найб. спрыяльных для сябе месцапражываннях. Да Э.р. адносяць байрачныя дубовыя лясы ў стэпавай зоне, участкі шыракалістых лясоў у паўд. тайзе, астравы лугавых стэпаў і астэпаваных лугоў у падзоне шыракалістых лясоў. Зрэдку Э.р. з’яўляецца рэліктам занальнай, якая скараціла свой арэал (напр., астраўныя лясы ў тундравай зоне).

т. 18, кн. 1, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)