ДРАБЛЕ́ННЕ ў тэхніцы,

працэс разбурэння кавалкаў цвёрдых матэрыялаў у больш дробныя. Робіцца з дапамогай драбілак, звычайна камбінуецца з сартаваннем на грохатах. Найб. пашыраны мех. спосабы Д.: расцісканне, расколванне, сціранне, удар, іх камбінацыі. Пры неабходнасці адзін і той жа спосаб можа выкарыстоўвацца некалькі разоў. Пры Д. атрымліваюць прадукты з памерам часціц больш за 5 мм (працэс атрымання больш дробных матэрыялаў наз. здрабненнем або памолам).

Спосабы драблення: 1 — расцісканне; 2 — расколванне; 3 — сціранне; 4, 5 — удары.
Схемы драблення: а — аднаступеньчаты цыкл; б — многаступеньчаты цыкл; 1 — матэрыял; 2 — грохат; 3 — буйныя фракцыі пасля грохата; 4 — конусная драбілка; 5 — фракцыі пасля драблення; 6 — дробныя фракцыі, адсартаваныя грохатам; 7 — шчокавая драбілка.

т. 6, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПРАЦО́ЎКА ДРАЎНІ́НЫ,

сукупнасць тэхнал. працэсаў, звязаных з наданнем драўніне і вырабам формы, памераў і ўласцівасцяў. Для апрацоўкі драўніны выкарыстоўваюць лесапільныя рамы, круглапільныя станкі, дрэварэзальны інструмент, дрэваапрацоўчыя станкі і інш. Асн. спосабы апрацоўкі драўніны: рэзанне (дзяўбанне, лушчэнне, пілаванне, свідраванне, струганне, фрэзераванне, шліфаванне), гнуццё, прасаванне, расколванне (гл. Сталярныя работы, Цяслярныя работы).

Апрацоўка драўніны ўключае таксама сушку і вымочванне для выдалення раслінных сокаў, насычэнне драўніны сінт. смоламі, аміякам (мадыфікацыя драўніны), антыпірэнамі, антысептычнымі сродкамі (кансерваванне), аддзелку вырабаў, пры якой ствараюцца дэкаратыўна-ахоўныя пакрыцці з лакафарбавых ці плёначных матэрыялаў. Аддзелка ўключае падрыхтоўку паверхні (фарбаванне, грунтаванне, шпакляванне, шліфаванне), нанясенне тэкстурнага малюнка, лакафарбавых матэрыялаў (у распыляльных камерах, рэзервуарах, пры дапамозе лаканаліўных машын), высушванне пакрыццяў (у сушыльных ці апрамяняльных камерах), аздабленне (машынамі для выраўноўвання і паліравання), пакрыццё плёначнымі матэрыяламі (многааперацыйнымі агрэгатамі). Спец. віды апрацоўкі драўніны — разьба па дрэве, выпальванне, інкрустацыя. Гл. таксама Дрэваапрацоўчая прамысловасць.

Літ.:

Прозоровский Н.И. Технология отделки столярных изделий. 5 изд. М., 1991;

Амалицкий В.В., Любченко В.И. Справочник молодого станочника по деревообработке. 2 изд. М., 1978.

т. 1, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)