БО́БРЫК Янка

(Іван Іванавіч; 21.7.1905, г.п. Глуск Магілёўскай вобл. — 25.8.1942),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1929). Быў навук. супрацоўнікам Дзярж. акадэміі мастацтвазнаўства ў Ленінградзе, працаваў у Белдзяржкіно, Упраўленні па справах мастацтваў Ленінградскага гарвыканкома. Друкаваўся з 1924. Выдаў зб. вершаў «Пунсовае ранне» (1926, з А.Звонакам і Я.Туміловічам). Аўтар паэмы «Галіна» (1930) пра жыццё вясковай інтэлігенцыі. Загінуў у блакадным Ленінградзе.

Літ.:

Грахоўскі С. Так і было. Мн., 1986. С. 160—163.

т. 3, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАХРАНАЛО́ГІЯ

(ад геа... + храналогія),

геалагічнае летазлічэнне, вучэнне аб узросце і храналагічнай паслядоўнасці фарміравання горных парод зямной кары і геал. падзей у гісторыі Зямлі. Адрозніваюць адносную і абсалютную геахраналогію.

Адносная геахраналогія вызначае адносны ўзрост слаістых асадкавых, вулканічных (лаў) і піракластычных парод. У яе аснове прынцып паслядоўнасці напластаванняў, прапанаваны ў 17 ст. Н.Стэна (Данія), паводле якога ў непарушных асадкавых тоўшчах вышэйляжачы пласт заўсёды маладзейшы за ніжэйляжачы. Адносны ўзрост некаторых горных парод вызначаны ў канцы 18 — пач. 19 ст. У.Смітам (Вялікабрытанія) і Ж.Кюўе. Пра адносны ўзрост асадкавых тоўшчаў мяркуюць па выкапнёвых рэштках раслін і жывёл (вывучае палеанталогія). Узрост інтрузіўных і інш. неслаістых тоўшчаў вызначаюць па суадносінах са слаістымі. Паслядоўнасць напластавання горных парод даследуе стратыграфія, паводле яе даных і звестак палеанталогіі распрацавана геахраналагічная шкала, якая адлюстроўвае паслядоўнасць геал. гісторыі і развіцця жыцця на Зямлі. У гісторыі Зямлі вылучаюць 2 найб. геахраналагічныя этапы (эоны) — крыптазой і фанеразой. Крыптазойскі эон, які доўжыўся каля 4 млрд. гадоў, падзяляюць на 2 эры — архей (архейскую) і пратэразой (пратэразойскую). Фанераэойскі эон працягваўся 570 млн. гадоў, яго складаюць 3 эры — палеазойская, мезазойская і кайназойская, у якіх вылучаюць 12 перыядаў (ад кембрыйскага да чацвярцічнага). Кожны перыяд падзяляюць на 2 ці 3 эпохі (напр., ранне-, сярэдне- і познадэвонскія, міяцэнавая і пліяцэнавая ў неагенавым перыядзе), а кожную эпоху — на вякі (напр., кімерыйскі і акчагыльскі вякі пліяцэнавай эпохі). Кожнаму падраздзяленню геахраналагічнай шкалы адпавядае адзінка стратыграфічнай шкалы (эры — група, перыяду — сістэма, эпосе — аддзел, веку — ярус). Абсалютная геахраналогія (ядзерная, ізатопная, радыеметрыя) вызначае ўзрост горных парод і мінералаў у адзінках астр. часу (звычайна ў млн. гадоў); з’яўляецца часткай геахіміі. У пач. 20 ст. П.Кюры і Э.Рэзерфард прапанавалі выкарыстаць радыеактыўны распад хім. элементаў для вызначэння абс. ўзросту горных парод і мінералаў. Першыя вызначэнні паводле намнажэння свінцу ў мінералах зрабіў у 1907 амер. вучоны Б.Болтвуд (Канада). У даследаваннях па абс. геахраналогіі выкарыстоўваюць доўгажывучыя радыеактыўныя элементы пры дапушчэнні, што скорасць іх распаду на працягу гісторыі Зямлі заставалася нязменнай. Вымярэнні праводзяць па суадносінах у мінералах і горных пародах (або ў арган. рэчыве) колькасці мацярынскіх радыеактыўных элементаў і стабільных прадуктаў іх распаду. Найб. пашыраныя метады абс. геахраналогіі — свінцовы (уран-торый-свінцовы), калій-аргонавы, рубідый-стронцыевы, а таксама радыевугляродны, фторыевы і інш. Даныя абс. геахраналогіі выкарыстоўваюць для ўдасканалення геахраналагічнай і стратыграфічнай шкал. Метады абс. геахраналогіі развіваюцца, на іх выніках грунтуецца гіст. геалогія, палеагеаграфія, палеатэктоніка, планеталогія і інш. Выяўлена, што найб. стараж. пароды Зямлі маюць узрост каля 3,5 млрд. гадоў. З іх дапамогай вызначаны ўзрост Месяца, метэарытаў, розных геал. фармацый, эпох магматызму, рудаўтварэння, метамарфізму і інш.

На Беларусі метады абсалютнай геахраналогіі развіваюцца ў Ін-це геал. навук АН Беларусі з 1970-х г. Даследаванні вядуцца радыевугляродным (​14C) метадам (Л.М.Вазнячук, А.І.Зімянкоў, І.Л.Коласаў). Распрацавана геахраналогія позняга антрапагену ў межах дасягальнасці радыевугляроднага метаду (50 тыс. г.). Атрыманы датаванні ў інш. краінах (Расіі, Украіне і інш.) для горных парод тэр. Беларусі — паводле уран-свінцовага ізахроннага метаду ўзрост парод крышт. фундамента (архей — ніжні пратэразой) у межах 2580—1700 млн. гадоў, паводле калій-аргонавага метаду верхнедэвонскія вулканічныя пароды ўтварыліся 358—354 млн. г. назад, паводле глаўканітавага метаду марскія адклады ніжняга алігацэну — каля 38 млн. г. назад.

Літ.:

Геохронология СССР. Т. 1—3. Л., 1973—74;

Шкала геологического времени: Пер. с англ. М., 1985;

Найденков И.В. Проблемы геологии раннего докембрия // Літасфера. 1995. № 2.

А.С.Кручак.

т. 5, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬМАНА́Х

(ад араб. аль-манах каляндар),

зборнік літаратурных твораў, часта аб’яднаных адной тэмай, жанрам і г.д.; у стараж. часы календары-даведнікі. Першы літ. альманах — «Ľ Almanach des muses» («Альманах музаў», Парыж, 1764—1833). Першым рус. альманахам лічаць «Российский Парнас» (1771). Першыя бел. альманахі ўзніклі як раздзелы «Календаря Северо-Западного края» (М., 1889—90) і «Северо-Западного календаря» (Мн., 1891—92). У наступныя гады выйшлі альманахі: «Калядная пісанка на 1904 год» (Пб., 1903, арг-цыя «Круг беларускай народнай прасветы і культуры»), «Велікодная пісанка» (1904, тая ж арг-цыя), «Маладая Беларусь» (сш. 1—3, 1912—13, бел. выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша аконца»), «Зборнік «Нашай нівы» (вып. 1—2. Вільня, 1912; з паэмай Я.Купалы «Курган», раздзеламі «Новай зямлі» Я.Коласа і інш.), «З аколіц Дзвіны» (Віцебск, 1912, на польск. мове), «Колас беларускай нівы» (1913, лацінкаю на бел. мове, Гродзенскі гурток бел. моладзі), «Калядная пісанка, 1913 год» (Вільня, 1913, друкарня М.Кухты), «Велікодная пісанка» і «Дзень штукарства» (там жа, абодва 1914), «Могилёвский альманах за 1913 год» (Магілёў, 1914), «Літаратурны зборнік «Вольнае Беларусі» (Мн., 1917), «Зажынкі» (М., 1918, Белнацком; з творамі Я.Купалы, Я.Коласа, Цёткі, Ф.Шантыра і інш.). У 1920—30-я г. ў Сав. Беларусі выйшлі альманахі: літ.-навук. веснік «Адраджэнне» (Мн., 1922); «Мы ідзем» (Мн., 1929, выданне польскіх пісьменнікаў); «Уздым» (кн. 1—2, Бабруйск, 1926—28), «Камсамолія» (Мн., 1927), «Пачатак» (Віцебск, 1926), «Світанне» (Віцебск, 1927), «Наддзвінне» (Полацк, 1926), «Дняпроўскія ўсплёскі» (Магілёў, 1927; усе — філій літ. аб’яднання «Маладняк»), «Звенья» (1926, Мінскага аб’яднання рус. пісьменнікаў «Звенья»), «Ранне» (Магілёў, 1929, акруговых філій БелАПП), «Рытмы будавання» (Віцебск, 1931, іх жа), «Цагліна ў падмурак» (1931, Бел. секцыя Ленінградскай АПП), «Ударнікі» (з 1931, Мінская АПП, у 1932—34 выпускаў Аргкамітэт СП БССР), «Літаратура і мастацтва» (кн. 1—5, Мн., 1933—36), «Бальшавіцкая моладзь» (1934), «Аднагодкі» (1935), «Бойцы» (№ 1—2, 1935—36) і інш. У Зах. Беларусі выйшлі альманахі: «Зборнік «Беларускіх ведамасцяў» (№ 1—3. Вільня, 1921, скл. М.Гарэцкі), «Рунь веснаходу» (Вільня, 1928, арг-цыя маладых пісьменнікаў Зах. Беларусі «Веснаход»). У Айч. вайну выходзіў альманах «Беларусь» (М., 1943; Мн., 1945). Пасля вайны выдадзены альманахі: «Отчизна» (з 1945; з 1947 «Советская Отчизна», з 1952 часопіс, з 1960 «Нёман»), «На сонечных сцежках» (кн. 1—3, 1950—53); «Літаратурны Магілёў» (кн. 1—2, 1949—50), «Нарач» (кн. 1—2, 1957—58), «Дняпро» (1957), «Нёман» (кн. 1—2, 1956—58), «Брэст» (1958), «Літаратурны Гомель» (1958; усе абл. літ. аб’яднанняў); «Падарунак» (1958), «Узлёт» (1965), «Натхненне» (1967), «Мары юнацкія» (1969), «Універсітэт паэтычны» (1971), «Вёсны» (1977), «Вусны» (1985), «Квадра» (1990; усе літ. аб’яднання БДУ); «Дзень паэзіі» (1965—71), «Далягляды» (з 1975), «Сучаснік» (з 1977), «Братэрства» (з 1982), «Вобраз» (з 1981), «Шляхам гадоў» (вып. 1—4, 1990—94), «З гісторыяй на «Вы» (вып. 1—3, 1991—94), «Скарыніч» (вып. 1—3, 1991—95), «Краю мой — Нёман: Гродзеншчына літаратурная» (1986), «Галасы Прыдняпроўя: Магілёўшчына літаратурная» (1991), «Дзвіна: Віцебшчына літаратурная» (1992; усе — выд-ва «Мастацкая літаратура»); «Ветразь» (з 1985, выд-ва «Юнацтва»); «Свіцязь» (1989, алманах бібліяфілаў, выд-ва «Беларусь»); «Культура беларускага замежжа» (кн. 1—3, 1993—94), «Беларуская драматургія» (вып. 1—2, 1994—95, абодва выд-ва «Навука і тэхніка»). З 1990 у абл. і раённых гарадах Беларусі пачалі выходзіць альманахі: «Ксэракс беларускі» (вып. 1—5, Полацк, 1991—94), «Магілёўшчына» (вып. 1—4, Магілёў, 1990—93), «Рунь» (вып. 1—3, Паставы, 1991—93), «Магістраль» (вып. 1—2, Гомель, 1993—94), «Дняпроўскія хвалі» (Магілёў, 1993), «Золак над Шчарай» (Слонім, 1994), «Галасы з Парнаса» (Горкі, 1995). Выд-ва «Універсітэцкае» з 1995 пачало выпускаць гіст. альманах «Адраджэнне». Бел. альманахі выходзяць і за межамі Беларусі: «Ля чужых берагоў» (Мюнхен, 1955, выд-ва «Бацькаўшчына», з творамі Н.Арсенневай, У.Дудзіцкага, М.Кавыля, М.Сяднёва, Р.Крушыны, А.Салаўя, Х.Ільяшэвіча, Ю.Віцьбіча і інш. бел. пісьменнікаў-эмігрантаў); «Белавежа» (Беласток, 1965, 1971, 1980, з творамі бел. пісьменнікаў Беласточчыны).

І.У.Саламевіч.

т. 1, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫЛЬ Янка

(Іван Антонавіч; н. 4.8.1917, Адэса),

бел. пісьменнік. Нар. пісьменнік Беларусі (1981). У 1922 пераехаў з бацькамі на іх радзіму (в. Загор’е Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.). Скончыў польск. сямігадовую школу (1931), працаваў на гаспадарцы, займаўся самаадукацыяй. З сак. 1939 служыў у польск. марской пяхоце. Удзельнік баёў на Вэстэрплятэ. У вер. 1939 трапіў у ням. палон, адкуль уцёк увосень 1941. З кастр. 1942 сувязны партыз. брыгады імя Жукава Баранавіцкага злучэння, у сак.—ліпені 1944 партызан-разведчык брыгады «Камсамолец», рэдактар газеты «Сцяг свабоды» і сатыр. антыфаш. лістка «Партызанскае жыгала». З кастр. 1944 у Мінску. Працаваў у рэдакцыях газ.-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», часопісаў «Вожык», «Маладосць», «Полымя», у Дзярж. выд-ве Беларусі. У 1966—71 сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкуецца з 1938. Першыя зб-кі «Апавяданні» (1946), «Нёманскія казакі» (1947) вылучылі яго як арыгінальнага майстра лірыка-псіхал. прозы, добрага знаўцу жывой нар. мовы. Жыццё даваеннай і пасляваен. зах.-бел. вёскі, усенар. барацьба супраць ням.-фаш. акупантаў — асн. тэматыка творчасці Брыля (зб. апавяданняў «Вераснёвая рунь», 1949; аповесць «У Забалоцці днее», 1950, Дзярж. прэмія СССР 1952; зб-каў «На Быстранцы», 1955; «Надпіс на зрубе», 1958; «Мой родны кут», 1959; «Працяг размовы», 1962, Літ. прэмія імя Я.Коласа 1963, і інш.). Апавяданні «Галя», «Надпіс на зрубе», «Маці» і інш. сталі хрэстаматыйныя. Яны кранаюць задушэўнасцю тону, сагрэты любоўю да людзей, славяць высокую гуманнасць, патрыятызм. Стылю празаіка ўласціва паэтычнасць бачання свету, сплаўленая з тонкім псіхалагізмам і пластычнасцю малюнка. Чалавек у яго творах даследуецца ў складаных сац.-псіхал. абставінах, лірызм і эмацыянальнасць арганічна спалучаны з цвярозай аналітычнасцю і псіхал. дакладнасцю. Героі Брыля — людзі тонкай душы і дасціпнага розуму, схільныя да аналізу і самааналізу (Лёня Жывень з аповесці «Апошняя сустрэча», 1959; Алесь Руневіч з рамана «Птушкі і гнёзды», 1963, і інш.). У аснове рамана «Птушкі і гнёзды» — роздум пра чалавека, народ, Радзіму, паказ пакутлівых пошукаў зах.-бел. юнаком Руневічам — чалавекам уражлівай душы і высокіх духоўных парыванняў — шляхоў да свядомай барацьбы з фашызмам. Паказваючы «біяграфію адной душы», пісьменнік здолеў разгарнуць шырокую панараму жыцця, выкрыць знутры «філасофію» таталітарызму і фашызму, паказаць нараджэнне супраціўлення яму ў душах людзей. Людзі актыўнага дзеяння, наіўныя рамантыкі зах.-бел. падполля П.Жалезняковіч і Р.Сяржант — героі вядомых нарысаў Брыля «Сэрца камуніста» і «Партрэт старэйшага таварыша». З калабруньёнскім гумарам і журботаю, з псіхал. глыбінёй паказана жыццё зах.-бел. вёскі 1920—30-х г. у яго аповесцях «Ніжнія Байдуны» (1975) і «Золак, убачаны здалёк» (1978, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1982). Аповесць «Муштук і папка» (1990) пра брата, закатаванага ў 1938 у Белай Царкве на Украіне. Шырокае прызнанне атрымалі лірыка-філас. мініяцюры, псіхал. абразкі (зб-кі «Жменя сонечных промняў», 1965, «Вітраж», 1972, «Вячэрняе», 1994 і інш.). Піша таксама для дзяцей, вобразы якіх малюе шчыра, светла, замілавана (зб-кі «Ліпка і клёнік», 1949; «Зялёная школа», 1951; «Светлае ранне», 1954; «Пачатак сталасці», 1957; «Жыў-быў вожык», 1976). Адзін з аўтараў кнігі «Я з вогненнай вёскі...» (1975, з А.Адамовічам і У.Калеснікам), у якой сабраны і сродкамі маст. публіцыстыкі пракаменціраваны расказы нешматлікіх людзей, што перажылі жахі соцень спаленых разам з жыхарамі бел. вёсак. Кніга гэтая — напамінак свету пра зверствы гітлераўцаў, выключнай сілы прысуд фашызму, гімн мужнасці няскоранага народа. Выступае з публіцыст. і літ.-крытычнымі артыкуламі. Эстэт. погляды пісьменніка, яго аналіз сучаснага літ. працэсу — у зб-ках «Роздум і слова» (1963), «Трохі пра вечнае» (1978). На бел. мову пераклаў асобныя творы Л.Талстога, А.Чэхава, І.Крылова, М.Горкага, П.Бажова, Г.Траяпольскага, А.Вішні, А.Даўжэнкі, І.Друцэ, Э.Ажэшкі, М.Канапніцкай, Б.Пруса, Л.Кручкоўскага, Я.Івашкевіча, Я.Бранеўскай і інш.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—2. Мн., 1960;

Зб. тв. Т. 1—4. Мн., 1967—68;

Зб. тв. Т. 1—5. Мн., 1979—81;

Выбр. тв. Т. 1—3. Мн., 1992—93;

Пішу як жыву. Мн., 1994.

Літ.:

Канэ Ю. Янка Брыль: Критикобиогр. очерк. М., 1964;

Гусева Л. Янка Брыль — мастак. Мн., 1968;

Аляхновіч Р.В. Янка Брыль у школе. Мн., 1979;

Калеснік У. Янка Брыль: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1990;

Шупенька Г. Паэзія прозы // Шупенька Г. Цеплыня чалавечнасці. Мн., 1977;

Адамович А. Янка Брыль // Собр. соч. Мн., 1982. Т. 2;

Вітка В. Даследуецца чалавек // Вітка В. Урокі. Мн., 1982.

Г.С.Шупенька.

т. 3, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)