АШЫ́РАЎ (Чары) (н. 10.12.1910, с. Кешы, каля Ашгабата),
туркменскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Туркменістана (1970). Вучыўся ў Ін-це навук. педагогікі. Друкавацца пачаў у 1928. У вершаванай аповесці «Канец крывавага водападзелу» (1948, новы варыянт 1953) адлюстраваў сац. пераўтварэнні ў туркм. ауле ў 1920—30-я г. Паэмы «Крывавае супраціўленне», «Разлука» (абедзве 1939), «У тыле ворага» (1941), «Памылка маладога млынара» (1957), «Сын Ялкаба» (1962), «Джыгіты Гак’яйлы» (1965), раманы «Следапыт» (1970), «Блізняты» (1973—74), «Стары правадыр» (1979) пра мірнае жыццё і дружбу народаў. Пераклаў на туркм. мову паасобныя творы Я.Купалы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУРЫЛЁЎ (Аляксандр Львовіч) (3.9.1803, Масква — 11.9.1858),
рускі кампазітар, піяніст. Музыцы вучыўся ў бацькі, прыгоннага музыканта Л.С.Гурылёва, дырыжора і скрыпача аркестра графа У.Р.Арлова. У 1831 разам з бацькам атрымаў вольную, працаваў у Маскве. Яркі прадстаўнік дэмакр. кірунку ў рус. рамансе. Многія яго песні сталі народнымі. Найб. вядомыя песні, блізкія да быт. раманса: «Матачка-галубачка», «Аднастайна гучыць званочак», «Сарафанчык», «Уецца ластаўка», а таксама рамансы «Разлука» («На заранку туманнага юнацтва»), «Вам не зразумець майго смутку» і інш. Значная галіна яго творчасці — фп. музыка, у якой вылучаюцца варыяцыі на тэмы нар. песень, рамансаў, опер, а таксама фп. п’есы. Збіраў і апрацоўваў нар. песні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТРЫ́НКА, шарманка,
механічны духавы муз. інструмент у выглядзе невял. аргана без клавіятуры. Назва ад 1-га радка папулярнай з пач. 19 ст.ням. песенькі «Scharmante Katharine» — «Прыгожая Катарына». Унутры скрынкі з ручкай размяшчаліся некалькі радоў гучальных трубак, мяхі, механізм для размеркавання паветра і драўляныя або метал. валікі са шпількамі. Пры вярчэнні валікаў шпількі чаплялі спец. механізм і адкрывалі доступ паветра да гучальных трубак; адначасова ў мяхі нагняталася паветра. На кожным валіку запісвалася па 1 п’есе.
Паявілася ў канцы 17 ст. ў Францыі як інструмент для навучання пеўчых птушак. Удасканалена каля 1700 італьян. майстрам Дж.Барберы. З канца 19 ст. валікі заменены перфарыраванымі кардоннымі ці метал. кругамі, на якіх запісвалі па некалькі песень, танцаў, пераважна вальсаў, арый з опер. На Беларусі вядома з 19 ст. Рэпертуар бел. катрыншчыкаў звычайна ўключаў 3—4 п’есы («жорсткі раманс» «Разлука», вальс «Разбітае сэрца» і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст.К — неад’емная частка гар. і местачковага побыту. Знікла на мяжы 1920—30-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЦЮШКАЎ (Канстанцін Мікалаевіч) (29.5.1787, г. Волагда, Расія — 19.7.1855),
рускі паэт; прадстаўнік анакрэантычнага кірунку ў рус. лірыцы. Адукацыю атрымаў у прыватных пансіёнах у Пецярбургу. Быў на чыноўніцкай і ваеннай службе, пазней — у рус.дыпламат. місіі ў Італіі. Удзельнік літ. гуртка «Арзамас». У вершах «Вясёлы час», «Вакханка», «Мае Пенаты» і інш. услаўляў радасць быцця, сяброўства, каханне, духоўную свабоду асобы. У аснове элегій «На руінах замка ў Швецыі», «Пераход праз Рэйн» уражанні вайны 1812. Ідэйны і душэўны крызіс абумовіў змрочна-меланхалічны тон лірыкі, узмацненне рэліг. настрояў, матывы нераздзеленага кахання, абвастрыў тэму трагічнага лёсу паэта (элегіі «Да сябра», «Надзея», «Мой геній», «Разлука», «Паміраючы Тас» і інш.). У вершаванай казцы «Вандроўнік і дамасед» (1815) стварыў карціну дысгармоніі жыцця. Аўтар цыклаў анталагічных вершаў, нарысаў і артыкулаў пра л-ру і мастацтва. У 1917 выйшаў зб. «Спробы ў вершах і прозе» (ч. 1—2).
Тв.:
Соч. Т. 1—2. М., 1989.
Літ.:
Фридман Н.В. Проза Батюшкова. М., 1965;
Яго ж. Поэзия Батюшкова. М., 1971;
Коровин В.И. «И жил так точно, как писал...» (К.Н.Батюшков: К 200-летию со дня рождения). М., 1987;
Кошелев В.А. Константин Батюшков: Странствия и страсти. М., 1987.