ПРАМЯНЁВАЯ ХВАРО́БА,

паталагічны стан арганізма, які ўзнікае ад агульнага дзеяння іанізавальнага выпрамянення.

Пры П.х. адбываецца іанізацыя атамаў і малекул цела радыеактыўным выпрамяненнем з глыбокімі незваротнымі зменамі ў клетках і органах, парушаюцца функцыі генет. апарата, нерв., крывятворнай, страўнікава-кішачнай сістэм і інш. Адрозніваюць вострую і хранічную форму П.х. Вострая форма падзяляецца на лёгкую, сярэднюю, цяжкую і вельмі цяжкую. Ступень цяжкасці абумоўлена дозай выпрамянення, плошчай апрамянення і рэактыўнасцю арганізма. У залежнасці ад доз агульнага апрамянення выдзяляюцца 4 формы П.Х.: косцемазгавая, кішэчная, цэрэбральная, таксемічная. У цячэнні косцемазгавой формы вылучаюць першасную рэакцыю, латэнтны перыяд, разгар хваробы і ўзнаўленчы перыяд. Лячэнне комплекснае.

А.​С.​Маўрычаў.

т. 13, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФЕКЦЫ́ЙНЫЯ ХВАРО́БЫ ЧАЛАВЕ́КА, заразныя хваробы,

хваробы, якія выклікаюцца пэўнымі відамі патагенных бактэрый, вірусаў, хламідый, спірахет, рыкетсій, грыбоў, прыёнаў. Асн. агульная рыса І.х. — заразлівасць, здольнасць пашырацца пры кантактах арганізма з хворымі, бактэрыяносьбітамі, жывёламі, навакольным асяроддзем. Класіфікуюцца на антрапанозы («хваробы ад людзей»), заанозы («ад жывёл»), сапранозы («ад навакольнага асяроддзя»). Заражэнне на І.х. (механізм перадачы) залежыць ад лакалізацыі ўзбуджальнікаў; бывае паветрана-кропельным (узбуджальнік у органах дыхання), фекальна-аральным (у кішэчніку), трансмісіўным (у крыві), кантактным (на паверхні цела). Вылучаюць перыяды І.х.: скрыты, ці інкубацыйны (да першых сімптомаў), прадрамальны (неакрэсленая агульная рэакцыя), разгар захворвання, згасанне клінічных сімптомаў, папраўка. Пасля І.х. найчасцей застаецца імунітэт ад некалькіх месяцаў да многіх гадоў. Лячэнне тэрапеўтычнае.

А.​А.​Астапаў.

т. 7, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́ЎСКАЯ (Таццяна Антонаўна) (14.12.1946, Мінск — 9.6.2000),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва ў галіне керамікі. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1975). З 1975 працавала на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва. Асн. творы: кампазіцыі «Сад» (1975), «Сінія мроі» (1976), «Кветкі з саду» (1980), «... Быў дзень» (1981), «Палессе» (1982), «Спадчына» (1983); сервізы «Дэсертны» (1975), «Белавежская пушча» (1979); дэкар. скульптура «Ля электрычкі», «У разгар чэрвеня» (абедзве 1990—92), «Канцэрт» (1993), «Суседка» (1995), «Раніца нядзельная», «Незабудкі» (абедзве 1997—98); вазы, блюды, чайнікі, талеркі. Выканала дэкар. рэльефы «Музыка» для Барысаўскага Палаца культуры (1981); пластыку для Палаца культуры і тэхнікі ВА «Хімвалакно» ў Магілёве (1982), для Дома творчасці тэатр. работнікаў у в. Астрашыцкі Гарадок Мінскага р-на (1986—88), для аптэкі (1990) у Барысаве; рэльефы «Стары горад», пластыку і свяцільні для загса Цэнтральнага р-на Мінска (з З.​Раўко, 1985—87).

Л.​Ф.​Салавей.

Т.Пятроўская. Пластыка для загса Цэнтральнага раёна Мінска. 1985—87.

т. 13, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯСНА́,

пара года і пераходны кліматычны сезон паміж зімой і летам. У астраноміі — перыяд ад дня веснавога раўнадзенства да летняга сонцастаяння (з 21 сак. да 22 чэрв. ў Паўн. паўшар’і, з 23 вер. да 22 снеж. ў Паўднёвым). Паводле календара веснавыя месяцы ў Паўн. паўшар’і сакавік, красавік, май, у Паўд. — вер., кастр., лістапад. Паводле феналагічных з’яў падзяляюць на раннюю вясну, ажыўленне і разгар вясны. На Беларусі за пачатак вясны прымаецца дата пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 0 °C, за канец — праз 10 °C у бок павышэння. На ПдЗ вясна пачынаецца ў 1-й дэкадзе сак., на ПнУ у канцы сак., заканчваецца адпаведна ў канцы крас., пач. мая. Ва ўмераных шыротах, у т. л. на Беларусі, характарызуецца ўзмацненнем цыкланічнай дзейнасці, павышэннем у гадавым ходзе сярэднясутачных т-р паветра, поўным вызваленнем зямной паверхні ад снегавога покрыва, крыгаломам і разводдзем на рэках, пачаткам вегетацыі і цвіцення раслін, прылётам птушак з выраю, пачаткам пашавага перыяду ў жывёлагадоўлі і інтэнсіўных палявых работ у раслінаводстве і агародніцтве.

т. 4, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)