ГАЎРЫ́ЛАЎ Віктар Георгіевіч
(н. 14.7.1927, г. Горлаўка, Украіна),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва, мастацтвазнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1966). Скончыў Львоўскі ін-т прыкладнога і дэкар. мастацтва (1959). У 1963—67 гал. мастак Мінскага фарфоравага з-да. З 1964 выкладчык Бел. АМ, з 1993 — Бел. маст. ліцэя. Працуе пераважна ў керамічнай пластыцы. Яго творы вызначаюцца выразнасцю вобразаў, гармоніяй пластычных формаў: сервіз «Юбілейны» (1967), анімалістычныя скульптуры «Залаты ражок» (1969) і «Конік» (1970), пластыка «Бярэзінскі запаведнік» (1980), серыі талерак «Спорт» і «Беларуская песня» (1980—81), кампазіцыі «Каляды» (1982), «Налібокі» (1993), вазы «Зубр» (1990), «Папараць-кветка» (1995) і інш.
Тв.:
Мастацтва, створанае народам. Мн., 1978 (разам з І.М.Паньшынай);
Беларуская кераміка. Мн., 1984.
т. 5, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБО́Й
(ням. Hoboe ад франц. hautbois літар. высокае дрэва),
1) духавы язычковы муз. інструмент. Уяўляе сабой драўляную канічную трубку (даўж. 59—61 см) з падвойнай трысцінкай і невял. раструбам. Мае больш за 20 пальцавых адтулін з сістэмай клапанаў. Дыяпазон b—a3 (b3, h3). Выкарыстоўваюць як сольны, ансамблевы і арк. інструмент. Адрозніваюць ням. (з больш шчыльным гугнявым гукам) і франц. (з больш шырокімі тэхн., тэмбравымі і дынамічнымі магчымасцямі) сістэмы канструкцыі. Асн. разнавіднасці: малы габой, габой д’амур, англійскі ражок (альтовы, або тэнаровы габой). Інструменты тыпу габоя здаўна бытавалі ў розных народаў. Узнік у 17 ст. ў выніку ўдасканалення стараж. нар. інструмента шалмея, пашыранага ў Зах. Еўропе з 13 ст. Сучасны габой з клапанным механізмам створаны ў пач. 20 ст. На Беларусі вядомы з 2-й пал. 18 ст. Муз. творы для габоя ёсць у бел. кампазітараў Л.Абеліёвіча, М.Аладава, Г.Гарэлавай, Л.Захлеўнага, П.Падкавырава і інш. Сярод бел. габаістаў М.Баркоўскі, Г.Забара, Б.Нічкоў, С.Сяргеенка, В.Фралоў і інш. 2) Арганны рэгістр язычковай групы.
т. 4, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)