Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕГА́С (лац. Pegasus),
экватарыяльнае сузор’е неба; адно з самых вялікіх сузор’яў. Найб. яркія зоркі 2,4; 2,4; 2,5; 2,8; 3,0 візуальнай зорнай велічыні; 100 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. 3 яркія зоркі П. разам з зоркай α Андрамеды ўтвараюць фігуру, падобную на квадрат. Паблізу зоркі λ знаходзіцца радыянтметэорнага патоку Пегасід (назіраецца штогод 19—31 ліп.). На тэр. Беларусі відаць у жн.—кастрычніку. Гл.Зорнае неба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТЭО́РЫ (ад грэч. meteōra атмасферныя з’явы),
з’явы, што ўзнікаюць у зямной атмасферы пры пранікненні ў яе часцінак касм. рэчыва — метэорных цел. Бел. народная назва М. — знічкі.
Метэорныя целы ўваходзяць у атмасферу Зямлі з адноснымі скорасцямі ад 11 да 73 км/с. Пры ўзаемадзеянні з паветрам кінетычная энергія метэорных цел ідзе на награванне і выпарэнне цел, узбуджэнне і іанізацыю малекул паветра і пары метэорнага рэчыва. Некалькі працэнтаў энергіі пераходзіць у светлавую. Даўжыня шляху М. у атмасферы — каля 100 км, большасць метэорных цел згарае ў атмасферы на вышыні больш за 80 км. Вельмі яркія М. наз.балідамі, часам яны заканчваюцца выпадзеннем на паверхню Зямлі метэарытаў. Маса М. — ад 0,001 г да некалькіх грамаў. На ясным начным небе простым вокам можна бачыць звычайна каля 10 М. за гадзіну. За суткі ў атмасферу Зямлі пранікае некалькі мільярдаў метэорных цел, агульнай масай каля 100 т. Большасць метэорных цел — камяністыя прадукты распаду каметных ядраў, зрэдку — астэроідаў. У міжпланетнай прасторы метэорныя целы каметнага паходжання рухаюцца раямі, расцягнутымі ўздоўж арбіты каметы. Трапляючы ў зямную атмасферу, яны ўтвараюць метэорныя патокі.
Літ.:
Кащеев Б.Л., Лебединец В.Н., Лагутин М.Ф. Метеорные явления в атмосфере Земли. М., 1967;
Цесевич В.П. Что и как наблюдать на небе. 6 изд. М., 1984.