Радыус 1/197; 11/294

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ДЫУС (лац. radius літаральна спіца кола, прамень) акружнасці (сферы), адрэзак, які злучае адвольны пункт акружнасці (сферы) з іх цэнтрам, а таксама даўжыня гэтага адрэзка.

т. 13, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Радыус Галактыкі 3/302

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВІТАЦЫ́ЙНЫ РА́ДЫУС у агульнай тэорыі адноснасці,

радыус паверхні (сферы Шварцшыльда) у гравітацыйным полі сферычнага невярчальнага цела, на якой сіла прыцягнення імкнецца да бясконцасці; выпрамяненне ад крыніцы на гэтай паверхні мае бясконцае гравітацыйнае чырвонае зрушэнне. Гравітацыйны радыус вызначаецца масай цела M і роўны rg = 2GM/c​2, дзе G — гравітацыйная пастаянная, c — скорасць святла ў вакууме.

Гравітацыйны радыус астр. аб’ектаў надзвычай малы ў параўнанні з іх сапраўднымі памерамі, напр., для Зямлі rg = 0,9 см, для Сонца rg = 3 км. Пры рэлятывісцкім гравітацыйным калапсе цела дасягае памераў, меншых за гравітацыйны радыус, і ніякія сілы не здольныя спыніць яго далейшага сціскання пад уздзеяннем сіл прыцягнення. Сфера Шварцшыльда з’яўляецца «гарызонтам падзей» для вонкавага назіральніка (з-пад яе не могуць выходзіць ні выпрамяненне, ні часціцы), таму вобласць r < rg наз. шварцшыльдаўскай чорнай дзірой, а сферу r = rg — шварцшыльдаўскай паверхняй.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 5, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́РА РА́ДЫУС,

радыус найбліжэйшай да ядра (пратона) арбіты электрона ў мадэлі атама вадароду Н.​Бора. Абазначаецца a0 ∙ a0 = ħ me2 = 5,2917706(44) ∙ 10−11 м, дзе ħ = h 2π , h — Планка пастаянная, m і e — маса і зарад электрона. У квантавай механіцы Бора радыус вызначаецца як адлегласць ад ядра, на якой з найбольшай імавернасцю можна выявіць электрон у няўзбуджаным атаме вадароду. Гл. таксама Бора тэорыя.

т. 3, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ТАМНЫ РА́ДЫУС,

характарыстыка атама, якая дазваляе ацэньваць міжатамную адлегласць у малекулах і крышталях. Паводле квантавай механікі атаму прыблізна прыпісваюць некаторы памер — атамны радыус (каля 0,1 нм); адлегласць паміж 2 атамамі вызначаюць як велічыню, блізкую да сумы іх радыусаў (т.зв. адытыўнасць атамнага радыуса).

т. 2, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ДЫУС ІНЕ́РЦЫІ ў механіцы,

фізічная велічыня R, якая мае размернасць даўжыні і з дапамогай якой момант інерцыі цела адносна зададзенай восі выражаецца формулай J = MR​2, дзе M — маса цела. Напр., для аднароднага шара Р.і. адносна восі, што праходзіць праз яго цэнтр, прыкладна роўны 0,632r, дзе r — радыус шара.

т. 13, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ДЫУС-ВЕ́КТАР адвольнага пункта прасторы, вектар, накіраваны ў гэты пункт з пэўнага фіксаванага пункта (полюса). Калі полюсам з’яўляецца пачатак дэкартавых каардынат, то праекцыі Р.-в. пункта М на восі дэкартавых прамавугольных каардынат супадаюць з каардынатамі пункта М.

т. 13, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІО́ННЫ РА́ДЫУС,

характарыстыка адлегласцей паміж ядрамі катыёнаў і аніёнаў у іонных крышталях. Эксперыментальныя метады, напр., рэнтгенаўскі структурны аналіз і мікрахвалевая спектраскапія, прыкладна аднолькава ацэньваюць між’ядзерныя адлегласці, але значэнні І.р. для індывід. іонаў істотна адрозніваюцца. Шырока выкарыстоўваюцца ў крышталяхіміі і геахіміі.

т. 7, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭБА́ЕЎСКІ РА́ДЫУС ЭКРАНАВА́ННЯ,

адлегласць, на якую распаўсюджваецца дзеянне электрастатычнага поля асобнай зараджанай часціцы ў праводзячым асяроддзі (растворы моцных электралітаў, плазма, цвёрдыя праваднікі). Уведзены П.Дэбаем пры даследаванні электролізу.

Д.р.э. залежыць ад уласцівасцей асяроддзя: канцэнтрацыі і абс. значэння зараду часціц, энергіі іх цеплавога руху (г.зн. ад т-ры). Калі крыніца эл. поля (зараджаная часціца) знаходзіцца ў асяроддзі, якое мае дадатныя і адмоўныя зарады, то з прычыны палярызацыі асяроддзя эл. поле крыніцы робіцца вельмі малым (экрануецца) на адлегласцях, большых за Д.р.э. Ён роўны каля 10​−8 см у металах, каля 10​−4 см у паўправадніках пры хатняй т-ры.

т. 6, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)