Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЙКІ,
група парод універсальных паляўнічых сабак. Пашыраны ў тундравай і лясной зонах Паўн. паўшар’я. Некат. пароды выкарыстоўваюцца як ездавыя (Л. эскімоская, паўн.-ўсходняя ездавая, аляскінскі маламут), пастухоўскія (Л. ненецкая). На Беларусі гадуюць Л.: руска-еўрап. (выш. ў карку да 58 см, масць чорная з белым), зах.-сібірскую (выш. да 60 см, масць белая, шэрая, рабая), усх.-сібірскую (выш. да 63 см, масць белая, шэрая, рабая, рыжая), карэла-фінскую (выш. да 48 см, масць рыжая).
Склад цела сухі, моцны. Галава клінападобная, вушы стаячыя, трохвугольныя. Поўсць прамая, з густым падшэрсткам. Хвост загнуты на спіну. Вынослівыя, рухавыя сабакі з развітым паляўнічым інстынктам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧАКІ́,
група парод паляўнічых сабак. Выкарыстоўваюць для палявання на зайцоў, лісоў і ваўкоў, а таксама капытных. Вядомы з глыбокай старажытнасці, паходзяць ад стараж. травільных сабак. Ганчакі па нюху знаходзяць след звера і з гучным брэхам гоняць яго (адсюль назва). Пашыраны ў многіх краінах свету, вядома каля 80 парод ганчакоў; на Беларусі гадуюць рускага ганчака, рускага рабога і эстонскага.
Ганчакі рускай і рускай рабой парод (выш. ў карку 55—68 см) маюць моцную канстытуцыю, тэмпераментныя і настойлівыя ў пошуку і гонцы дзічыны. Паводзіны ўраўнаважаныя, характар спакойны, лёгка дрэсіруюцца. Масць рускага ганчака рыжая з цёмным чапраком, часам шэрая з жоўтымі падпалінамі, рускага рабога — пераважна чорна-рабая з рыжымі плямамі на галаве, плячах і крыжы. Эстонскі ганчак нізкарослы (выш. 42—52 см), жвавы, масць часцей чорна-рабая з рыжымі плямамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКСЁР, нямецкі бульдог,
парода службовых сабак. Выведзены ў Германіі ў канцы 19 ст. скрыжаваннем англ. бульдогаў і ням. булен-бейсераў. Пашыраны ва ўсім свеце.
Канстытуцыя моцная, шыракацелая. Выш. ў карку 58—68 см. Масць рыжая, тыгравая, зрэдку белая, рабая, плямістая. Морда чорная або цёмная, вакол вачэй цёмныя кругі («акуляры»). Шэрсць кароткая, прамая, шорсткая. Хвост купіруюць у маладым узросце. Тып паводзін ураўнаважана-рухомы. Добра дрэсіруецца. Характэрны алюр — галоп.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗАІ́ЧНЫЯ ХВАРО́БЫ РАСЛІ́Н,
група вірусных хвароб, якая характарызуецца мазаічнай (стракатай) афарбоўкай пашкоджаных органаў, пераважна лісця і пладоў. У залежнасці ад малюнка адрозніваюць кальцавую мазаіку, палосчатую, рабую і інш. Змяняецца форма ліставой пласцінкі, расліны адстаюць у росце. Моцнае пашкоджанне вірусам выклікае некроз (адміранне) лісця, парасткаў, расліны. Хваробы перадаюцца праз насенне, пры пасынкаванні, сутыкненні здаровых і хворых раслін з іх узаемным траўміраваннем і інш. Пераносчыкі — тлі, клапы, глебавыя нематоды. Вірусы захоўваюцца ў раслінных рэштках, насенні. Найб. шкодныя М.х.р. — мазаіка тытуню і памідораў, зялёная мазаіка агуркоў і звычайная агурочная мазаіка, рабая і маршчыністая мазаіка бульбы, мазаіка буракоў, гароху, капусты, фасолі і інш.
Літ.:
Власов Ю.И. Вирусные и микоплазменные болезни растений. М., 1992;
Блоцкая Ж.В. Вирусные болезни картофеля. Мн., 1993.
Ж.В.Блоцкая.
Мазаічныя хваробы раслін: 1 — маршчыністая мазаіка бульбы (а — пашкоджаны ліст, б — расліна, в — некроз жылак); 2 — жоўтая мазаіка фасолі; 3 — мазаіка азімай пшаніцы.