Пісталет 8/451; 10/75

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПІСТАЛЕ́Т (франц. pistolet, ням. Pistole),

індывідуальная стралк. зброя для паражэння цэляў на адлегласці да 70 м; некат. ўзоры П. (напр., 9-міліметровы П. І.​Я.​Сцечкіна) даюць магчымасць весці агонь кароткімі чэргамі на адлегласці да 200 м пры стральбе з прымкнутым кабурой-прыкладам. Акрамя баявых П. бываюць сігнальныя і спартыўныя; паводле канструкцыі падзяляюцца на неаўтаматычныя і аўтаматычныя Маса П. 0,7—1 кг, калібр 5,35—11,43 мм, ёмістасць магазіна 8—12 і больш патронаў; існуюць таксама цывільныя П., якія маюць масу — 0,35—0,4 кг і калібр каля 6,5 мм.

Кнотавыя П. з’явіліся ў Еўропе і Азіі ў 16 ст. У 17 ст. распаўсюдзіліся П. з крамянёвым замком, у 19 ст. — капсульным. Да сярэдзіны 19 ст. П. звычайна былі гладкаствольныя і зараджаліся з дульнай часткі ствала. У 1850-х г. прыняты на ўзбраенне наразныя рэвальверы (з’явіліся ў 16 ст.), з канца 19 ст. — самазарадныя аўтам. П. (гл. Аўтаматычная зброя).

У сучасных арміях краін СНД, у т. л. Беларусі, на ўзбраенні знаходзіцца П. канструкцыі М.Ф.Макарава (ПМ), Сцечкіна (АЛС); у інш. краінах распаўсюджаны амер. «Кольт», англ. «Браўнінг», герм. «Вальтэр» і інш.

Літ.:

Гл. пры арт. Зброя.

Пісталеты: 1 — з калясцовым замком (Еўропа, 17 ст.); 2 — сігнальны (Расія); 3 — кішэнны «Лама» (Іспанія); 4—5 — мадэрнізаваны М.​Ф.​Макарава ПММ і бясшумны ПБ (Расія).

т. 12, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пісталет-кулямёт 8/451

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

СІГНА́ЛЬНЫ ПІСТАЛЕ́Т, ракетніца,

гладкаствольны пісталет, што страляе сігнальнымі і асвятляльнымі патронамі. Прызначаны для апавяшчэння, перадачы каманд, данясенняў, сігналаў бедства, кароткачасовага асвятлення мясцовасці. Патроны С.п. забяспечваюцца «светлавымі зорачкамі» розных колераў (гл. Сігнальныя саставы). Для падачы светлавых і гукавых сігналаў могуць выкарыстоўвацца таксама газавыя пісталеты і рэвальверы. Гл. Самааховы зброя.

В.​І.​Вараб’ёў.

т. 14, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІСТАЛЕ́Т-КУЛЯМЁТ,

індывідуальная аўтаматычная зброя высокай скарастрэльнасці, прызначаная для паражэння жывой сілы ў блізкім баі. Спалучае партатыўнасць пісталета і бесперапыннасць кулямётнага агню. Калібр 7,62—11,43 мм. Сілкаванне ад магазінаў скрыначнага (25—35 патронаў) або барабаннага (71 патрон) тыпу; тэмп стральбы 450—1000 стрэлаў/мін.

Створаны італьянцам А.​Рэвелі (1915), у Расіі — У.Р.Фёдаравым (1916), у СССР — Ф.В.Токаравым (1927). На ўзбраенні Чырв. Арміі П.-к. канструктараў В.А.Дзегцярова (ПКД-40), Г.С.Шпагіна (ПКШ-41), А.І.Судаева (ПКС-43) і інш.; у герм. арміі — МР-38-40, амер. — МЗ, брыт. «Стэн», фінл. «Суомі». Шырока выкарыстоўваліся ў 2-ю сусв. вайну; звычайна наз. аўтаматамі.

На ўзбраенні сучасных армій шэрагу краін амер. «Інгрэм», італьян. «Берэта», аўстр. «Штэер», ізраільскі «Узі» і інш. У арміях краін СНД больш пашыраны аўтаматы сістэмы М.Ц.Калашнікава і інш., якія выкарыстоўваюцца замест П.-к.

Літ.:

Гл. пры арт. Зброя.

Пісталеты-кулямёты: 1 — ПКС (Расія); 2 — «Берэта» (Італія); 3 — «Хеклер і Кох» (Германія).

т. 12, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЎГЛЕ́ЎСКАЯ (дзявочае Цвяткова) Лаліта Вадзімаўна

(н. 31.12.1963, Мінск),

бел. спартсменка (стральба кулявая, пісталет). Засл. майстар спорту Беларусі (2000). Бронз. прызёр XXVII Алімп. гульняў (2000, г. Сідней, Аўстралія; малакаліберны пісталет), 8-е месца на XXVI Алімп. гульнях (1996, г. Атланта, ЗША; пнеўматычны пісталет). Чэмпіёнка свету (1992), бронз. прызёр (1998), Чэмпіёнка Еўропы (1998). Пераможца этапу Кубка свету (2000, пнеўматычны пісталет). Уладальніца Кубка Беларусі (1997). Абс. чэмпіёнка Аўстраліі (2003).

т. 18, кн. 1, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЎЗЕР (ням. Mauser),

узоры стралковай зброі, створаныя ням. вынаходнікамі і прадпрымальнікамі братамі Вільгельмам і Паўлем Маўзерамі. Пад назвай М. вядомы вінтоўкі, рэвальвер, пісталеты і інш. Найбольш пашыраны (быў на ўзбраенні армій шэрагу дзяржаў) аўтам. пісталет калібру 7,63 (узору 1896, мадыфікаваны ў 1908 і 1920). Прынцып дзеяння М. заснаваны на выкарыстанні аддачы ствала і затвора пры кароткім ходзе ствала. Пісталет меў магазін на 6 і 10, а з дадатковым прыстаўным магазінам на 20 патронаў, надзейна страляў на адлегласць 100 м; змяшчаўся ў драўлянай кабуры, якая пры неабходнасці служыла прыкладам. У рас. і Чырв. Арміі выкарыстоўваўся пісталет М. узору 1908, у інш. арміях — розныя мадыфікацыі М., у т. л. ўзору 1937 (мадэль HSc) з магазінам.

Зброя сістэмы маўзер: 1 — карабін са штыком; 2 — рэвальвер узору 1871—83; 3 — пісталет узору 1937 (мадэль HSc) з абоймай.

т. 10, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРБАВА́ЛЬНЫ АГРЭГА́Т,

камплект машын і абсталявання для афарбоўвання паверхняў лакафарбавымі матэрыяламі. Сціснутым у кампрэсары паветрам яны падаюцца ў пісталет-фарбараспыляльнік і з яго дапамогай наносяцца на прызначаныя для афарбоўвання паверхні. Ф.а. наз. таксама пнеўмафарбавальнай устаноўкай. У міліярац. буд-ве для афарбоўкі гідразбудаванняў выкарыстоўваюць Ф.а. з мех. прыводам, устаноўлены на спец. шасі.

Фарбавальны агрэгат: а — схема агрэгата для механізаванага нанясення фарбаў і малярных саставаў (1 — пісталет-распыляльнік, 2 — паветраны і матэрыяльны шлангі, 3 — бачок для фарбы, 4 — маславодаўлоўнік, 5 — кампрэсар); б — пісталет-распыляльнік (1 — фарсунка, 2 — рэгулятары падачы масленага саставу і паветра, 3 — штуцэры для паветранага і матэрыяльнага шлангаў).

т. 16, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШПА́ГІН Георгій Сямёнавіч (29.4.1897, в. Клюшнікава Каўроўскага р-на Уладзімірскай вобл., Расія — 6.2.1952),

расійскі канструктар стралк. зброі. Герой Сац. Працы (1945). З 1920 слесар на кулямётным з-дзе. З 1922 удзельнічаў у канструяванні новых узораў зброі (6,5 мм спараныя ручны і танкавы кулямёты — з У.Р.Фёдаравым; 7,62 мм танкавы кулямёт — з В.А.Дзегцяровым і інш.). У 1938 стварыў (з Дзегцяровым) буйнакаліберны кулямёт ДШК, а ў 1940 — пісталет-кулямёт (аўтамат) ППШ. У 1943 распрацаваў асвятляльны пісталет ОПШ (гл. Сігнальны пісталет). Дзярж. прэмія СССР 1941.

Літ.:

Болотин Д.Н. Советское стрелковое оружие за 50 лет. Л., 1967;

Нагаев Г.Д. Русские оружейники. М., 1977.

т. 17, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКЕ́ТНІЦА,

гл. Сігнальны пісталет.

т. 13, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)