Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯШЧЭ́ННАЕ ПІСА́ННЕ,
кнігі, якія змяшчаюць вызначальныя ідэі пэўнай рэлігіі і ўспрымаюцца вернікамі як дадзеныя шляхам божага адкрыцця. Кожная рэлігія мае ўласнае С.п.: напр., у хрысціянстве С.п. лічыцца Біблія (Стары і Новы запаветы), у іудаізме — Стары запавет, у будызме — Трыпітака, у ісламе — Каран, у індуізме — Веды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯШЧЭ́ННАЕ ПАДА́ННЕ,
сукупнасць рэлігійных палажэнняў, якія дапаўняюць і каменціруюць Свяшчэннае пісанне. У хрысціянстве побач з Бібліяй лічыцца крыніцай божага адкрыцця, якое вусна перадавалася апосталамі. Да С.п. адносяць сімвал веры, творы айцоў царквы, «Правілы апостальскія», вырашэнні Усяленскіх і некат. памесных сабораў. У каталіцызме С.п. дапоўнена шэрагам папскіх дэкрэталій. У пратэстантызме абвяргаецца боская прырода С.п. У ісламе С.п. з’яўляецца Суна, у іудаізме — Талмуд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ДУХО́ЎНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА,
спецыяльная навуч. ўстанова, якая дае пач. духоўную адукацыю. Засн. ў 1989 у Мінску. Рыхтуе спецыялістаў царк. спеваў (пеўчых, псаломшчыкаў, рэгентаў) для прыходаў Бел.правасл. царквы. Выкладаюцца (1999): біблейская гісторыя, царк. статут, катэхізіс, Святое пісанне, гісторыя царквы, літургіка, псіхалогія царк. зносін, царк.-слав. мова, тэорыя музыкі, сальфеджыо, дырыжыраванне, царк.хар. спевы, чытанне хар. партытур і інш. Прымаюцца асобы ва ўзросце да 35 гадоў з сярэдняй і вышэйшай адукацыяй. Навучанне дзённае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ВЕЛ З ВІ́ЗНЫ,
дзеяч Рэфармацыі ў ВКЛ 2-й пал. 16 ст. Быў віленскім суперінтэндантам, «міністрам». Як ідэолаг антыпрыгонніцкай партыі бел. і літоўскіх антытрынітарыяў выступіў на сінодзе ў Іўі (1568) супраць феад. эксплуатацыі, прыгоннай залежнасці сялян, іх цяжкай працы на паноў. Асуджаў існуючую сац. несправядлівасць. Як сведчыць пратакол сінода, П. з В. сцвярджаў: «Я так разумею і так веру, што сапраўднаму хрысціяніну нельга мець падданых, а тым больш нявольнікаў і нявольніц, бо гэта паганства панаваць над сваім братам, карыстацца з яго поту і крыві. Святое пісанне ясна сведчыць, што Бог стварыў род чалавечы з адной крыві, таму ўсе мы родныя, усе браты».
Літ.:
Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии: Избр. произв. XVI — нач. XX в. Мн., 1962;
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая половина XVI — начало XVII в). Мн., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮ́РЭНМАТ ((Dürrenmatt) Фрыдрых) (5.1.1921, г. Кональфінген, Швейцарыя — 14.12.1990),
швейцарскі пісьменнік. Пісаў на ням. мове. Вывучаў філалогію, філасофію і прыродазнаўчыя навукі ва ун-тах Берна і Цюрыха. Дэбютаваў п’есай «Пісанне гаворыць» (1947). Сусветную вядомасць яму прынеслі п’есы «Візіт старой дамы» (1956), «Фізікі» (1962), «Скрыжаванцы» (1967). У прозе вылучаюцца зб. апавяданняў «Горад» (1952), аповесць «Аварыя» (1956), раманы «Суддзя і яго кат» (1950—51), «Абяцанне» (1958). У творах Дз. спалучаюцца абсурд і парадокс, гратэск і ўмоўнасць, камічнае і трагічнае, выкарыстоўваецца дэтэктыўны элемент. Яго п’есы ставіліся ў Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі («Іграем Стрындберга», 1983, «Фізікі», 1985, «Метэор», 1989), Нац. т-ры імя Я.Купалы («Ромул Вялікі», 1996). Па матывах п’есы «Візіт старой дамы» С.Картэс напісаў оперу «Візіт дамы» (паст. ў Нац. т-ры оперы Беларусі ў 1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВА́ЛІС [Novalis; сапр.Гардэнберг (Hardenberg) Георг Філіп Фрыдрых фон; 2.5.1772, каля г. Мансфельд, Германія — 25.3.1801],
нямецкі пісьменнік, філосаф; прадстаўнік іенскіх рамантыкаў. Вучыўся ў Іенскім, Лейпцыгскім, Вітэнбергскім ун-тах (1790—94), скончыў Горную акадэмію ў Фрайбургу (1798). Ўласную філасофію «магічнага ідэалізму» (абсалютная ўлада чалавека ў духоўным і матэрыяльным свеце) развіваў у паэтычна-філас. «Фрагментах» (1798), аповесці «Вучні ў Саісе» (1800). Лірычны цыкл «Гімны да ночы» (1800) — філасофска-містычнае асэнсаванне праблемы жыцця і смерці. У «Духоўных песнях» (выд. 1802) Свяшчэннае Пісанне трактуе ў духу піетызму. У незавершаным рамане-міфе «Генрых фон Офтэрдзінген» (выд. 1802) ідэал гарманічнага чалавека ўвасоблены ў вобразе паэта; твор адметны лірызмам і шматзначнай сімволікай. Аўтар лірычных вершаў, публіцыстычнай кн. «Хрысціянства і Еўропа» (1799).
Тв.:
Рус.пер. — Гейнрих фон Офтердинген;
Фрагменты;
Ученики в Саисе. СПб., 1995;
Гимны к ночи. М., 1996;
Лира Новалиса в переложении Вячеслава Иванова. Томск, 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУС ((Hus) Ян) (1371, мяст. Гусінец, Чэхія — 6.7.1415),
чэшскі мысліцель, пісьменнік, заснавальнік і ідэолаг ранняй чэш. Рэфармацыі, нац. герой чэш. народа. Скончыў Пражскі ун-т (1393), з 1401 дэкан у ім, з 1409 рэктар. З 1402 прапаведнік у Віфлеемскай капліцы ў Празе. Рэфарматарскія погляды Гуса сфарміраваліся пад уплывам вучэння Дж.Уікліфа і выкладзены ім у казаннях і шматлікіх працах (гал. «Трактат аб царкве», 1413). Адмаўляючы царк. аўтарытэты, Гус прызнаваў выключнай крыніцай веры Свяшчэннае пісанне, царкву лічыў містычным целам, галава якога — Хрыстос, а члены — людзі, абраныя Богам. Выкрываў злоўжыванні і маральны заняпад каталіцкага духавенства, патрабаваў секулярызацыі царк. зямель. Ідэалам для Гуса была раннехрысціянская царква. Асн. прынцыпам гуманізму і зброяй грамадскага пераўтварэння лічыў пазнавальны розумам «закон Божы», якім павінен кіравацца кожны чалавек. Выступаў супраць ням. панавання ў Чэхіі. Быў прыхільнікам мірнай тактыкі, лічыў мажлівым рэфармаваць царкву і грамадства з дапамогай каралеўскай улады. Яго асн. патрабаванні сталі лозунгамі гусіцкіх войнаў. Пераклаў на чэш. мову Біблію, удасканаліў сістэму чэш. арфаграфіі («Багемская арфаграфія», 1410). У 1412 адлучаны ад царквы. Выкліканы на царк. сабор у Канстанцу у Канстанц (1414), аб’яўлены ерэтыком і паводле пастановы сабору спалены.
Літ.:
Novotný V., Kybal V. Jan Hus. T. 1—5. Praha, 1919—31;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПАНЕ́ЛА ((Campanella) Джавані Дамініка) (манаскае Тамаза; 5.9.1568, г. Стыла, Італія — 21.5.1639),
італьянскі філосаф, паліт. дзеяч. У сваёй першай кн. «Філасофія, даказаная адчуваннямі» (1591) адмаўляў схаластычную традыцыю, перыпатэтычную артадоксію і абараняў натурфіласофію Б.Тэлезіо. Быў абвінавачаны ў ерасі, зняволены. У 1599 за вальнадумства і арганізацыю змовы супраць ісп. панавання засуджаны да пажыццёвага зняволення. У 1629 апраўданы, пераехаў у Францыю.
К. — аўтар мноства твораў па філасофіі, палітыцы, астраноміі, медыцыне, у т. л.камуніст. утопіі «Горад Сонца» (1602, апубл. ў 1623). Распрацаваў вучэнне пра «дзве кнігі»: прырода, якую пазнае навука і філасофія; св.пісанне (спасцігаецца свядомасцю чалавека), сугучнае з канцэпцыяй «дзвюх ісцін» Ібн Рушда. Сцвярджаў, што паміж гэтымі кнігамі не існуе супярэчнасцей і такім чынам пацвярджаў незалежнасць навукі і філасофіі ад рэлігіі. Прызнаваў рэальнае існаванне матэрыі; асновай быцця лічыў не ідэальную форму, а матэрыю. Гал. атрыбут быцця — моц, мудрасць і любоў. Адстойваў прынцып самаруху ў прыродзе, выказаў ідэю пра ўсеагульную адушаўлёнасць прыроды і пра здольнасць усякай рэчы да адчування. Адначасова прызнаваў першую Мудрасць і першы Розум, г. зн. сыходзіў на пазіцыі тэалогіі. К. — праціўнік абстрактнага тэарэтызавання, выступаў за доследнае пазнанне і за падпарадкаванне пазнання чалавечай практыцы. Пісаў канцоны, мадрыгалы, санеты.
Тв.:
Рус.пер. — Город Солнца. М., 1954.
Літ.:
Львов С.Л. Гражданин Города Солнца: Повесть о Томмазо Кампанелле. 2 изд. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫНІЯ́НСТВА,
антытрынітарны рэлігійна-філас. рух 16—17 ст., распаўсюджаны пераважна ў Польшчы і ВКЛ. Асн. палажэнні С. сфармуляваны яго заснавальнікам Ф.Соцынам. Для С. характэрна далейшая рацыяналізацыя ідэй антытрынітарыяў. аднаўленне догмату аб Тройцы і боскай прыроды Хрыста, прызнанне прыярытэту розуму ў пытаннях веры. Адзінай крыніцай веравучэння сацыніяне лічылі Свяшчэннае пісанне. Яны сцвярджалі, што не існуе першароднага граху, адмаўлялі патрэбнасць збаўлення, абвяргалі кальвінісцкі догмат аб прадвызначэнні. Агульным цэнтрам С. быў г. Ракаў Сандармірскага ваяв. ў Польшчы (цяпер вёска ў Свентакшыскім ваяв.), на Беларусі — г. Навагрудак. Соцын і яго першыя паслядоўнікі (на Беларусі Я.Ліцыній Намыслоўскі, Я.Даманеўскі, М.Цвердахлеб, Ц.Кузьміч і інш.) — прадстаўнікі ранняга С. Тэарэтыкі позняга С. (2-я пал. 17 ст.) Я.Крэль, С.Пшыпкоўскі, А.Вішаваты і інш. патрабавалі верацярпімасці, аддзялення царквы ад дзяржавы, вял. ўвагу аддавалі развіццю асветы, прыродазнаўства і матэматыкі. У час Контррэфармацыі ў 1658—60 сацыніяне былі выгнаны з Рэчы Паспалітай і эмігрыравалі ў Германію, Англію і Галандыю. Ідэі С. распаўсюдзіліся ў некат. краіны Зах. Еўропы, паўплывалі на філас. погляды Б.Спінозы, Дж.Лока, англ. дэістаў. Філас. спадчына ідэолагаў С. была выдадзена ў 1665—68 у Амстэрдаме пад назвай «Бібліятэка польскіх братоў».
Літ.:
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы. Мн., 1970;
Яго ж. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990.