БАЯВА́Я МАШЫ́НА ПЯХО́ТЫ (БМП),

браніраваная машына мотастралковых войскаў (мотапяхоты) для перамяшчэння асабовага складу і вядзення бою. З’явілася ў 1960-я г. Сучасная БМП — гусенічная (радзей колавая) машына высокай праходнасці, звычайна плаваючая, выкарыстоўваецца для дэсантавання. Аснашчана фільтравентыляцыйнай устаноўкай, прыладамі начнога бачання і інш. Узбраенне: 20—30-мм аўтам. пушка, 1—2 кулямёты, часам процітанк. кіроўныя рэактыўныя снарады. Умяшчае 2—3 чал. экіпажу і 6—9 чал. стралкоў, якія могуць весці агонь праз амбразуры. Скорасць руху: гусенічных 65—75, колавых да 100, па вадзе 6—10 км/гадз. Ёсць на ўзбраенні армій многіх краін: напрыклад, у ФРГ — гусенічная «Мардэр», у ЗША — плаваючая гусенічная М-2 «Брэдлі».

Баявая машына пяхоты «Мардэр» (ФРГ).
Баявая машына пяхоты БМП-2 (СССР).

т. 2, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУШКЕЦЁРЫ (франц. mousquetaire ад mousquet мушкет),

разнавіднасць пяхоты, узброенай мушкетамі, у арміях еўрап. краін, у т. л. ВКЛ, 16 — пач. 18 ст. У Францыі акрамя М.-пехацінцаў у 1622—1775 былі каралеўскія М. (гвардз. кавалерыя, што складалася выключна з дваран). У некат. краінах (Расія, Прусія і інш.) палкі пяхоты, якія называліся М., існавалі да пач. 19 ст.

Мушкецёры: 1 — прадстаўнік наёмнай пяхоты Рэчы Паспалітай. 17 ст.; 2 — у час стральбы з цяжкага мушкета. 17 ст.

т. 11, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ТА (польск. rota ад ням. Rotte натоўп, атрад),

асноўнае тактычнае падраздзяленне ва ўзбр. сілах большасці дзяржаў, у т. л. Рэспублікі Беларусь. Р. бываюць стралк. (мотастралк.), пяхотныя (мотапяхотныя), танк., сапёрныя, аўтамаб., марской пяхоты, штабныя і інш. Можа ўваходзіць у склад батальёна або быць асобнай (напр., радыётэхн. Р. ў складзе палка). У сухап. войсках Р. складаецца з упраўлення і некалькіх узводаў; мае на ўзбраенні аўтам. стралк. зброю, гранатамёты, зенітныя сродкі, баявыя машыны пяхоты, бронетранспарцёры і інш.

Упершыню Р. створаны ў канцы 15 — пач. 16 ст. ў наёмных арміях зах.-еўрап. дзяржаў (гл. Наёмніцтва). У 17—18 ст. у кавалерыі Р. заменена эскадронам, у артылерыі ў 19 ст. — батарэяй.

т. 13, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́НЫ (Canne; лац. Cannae),

старажытнае паселішча ў Паўд.-Усх. Італіі (вобл. Апулія) на р. Офанта, каля якога 2.8.216 да н. э. ў 2-ю Пунічную вайну адбылася бітва паміж рым. арміяй пад камандаваннем консула Тэрэнцыя Варона (80 тыс. пяхоты і 6 тыс. конніцы) і карфагенскай арміяй на чале з Ганібалам (40 тыс. пяхоты і 10 тыс. конніцы). У ходзе бітвы рым. армія пацясніла цэнтр карфагенскага войска, аднак конніца Ганібала разбіла на флангах рым. конніцу і ўдарыла з тылу, а карфагенская адборная пяхота акружыла рым. войскі з флангаў. Рымляне пацярпелі паражэнне (загінула 48 тыс. рым. воінаў, 6 тыс. карфагенян). Пасля бітвы многія італійскія і сіцылійскія гарады перайшлі на бок Ганібала. Бітва пры К. увайшла ў гісторыю як выдатны прыклад ваен. майстэрства, яе апісаў стараж.-рым. гісторык Ціт Лівій.

т. 8, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРЫКАМЫ́ШСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1914—15,

баявыя дзеянні паміж рас. і тур. войскамі ў раёне г. Сарыкамыш (Турцыя) 22.12.1914—18.1.1915 у час 1-й сусв. вайны. Тур. 3-я армія (камандуючы ваен. міністр Энвер-паша; 87 батальёнаў пяхоты, 22 сотні кавалерыі і 226 гармат) планавала разграміць рас. войскі і захапіць г. Карс. Рас. Каўказская армія (галоўнакамандуючы І.​І.​Варанцоў-Дашкаў, фактычна камандаваў яго пам. ген. А.​З.​Мышлаеўскі; 72 батальёны пяхоты, 43 сотні кавалерыі і 172 гарматы) імкнуліся ўтрымаць занятыя пазіцыі. Тур. армія дзейнічала разрознена і мела толькі часовы поспех. Рас. войскі, адбіўшы 29.12.1914 усе атакі праціўніка, перайшлі ў контрнаступленне і 2.1.1915 занялі Бардус, узялі ў палон 9-ы тур. корпус разам з яго штабам і камандзірам. Да 17—19.1.1915 рэшткі тур. арміі былі адкінуты на зыходныя пазіцыі.

т. 14, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТАЛЬЁН (франц. bataillon),

асноўнае тактычнае падраздзяленне ў сухапутных, паветрана-дэсантных войсках і марской пяхоце. Бываюць мотастралк. (пяхотныя, мотапяхотныя), танк., марской пяхоты, сувязі, аўтамаб. і інш. Можа ўваходзіць у склад палка (брыгады) або быць самастойнай вайсковай часцю. Звычайна складаецца з 3—4 рот і інш. падраздзяленняў.

т. 2, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́РА,

самастойны атрад цяжкаўзброенай пяхоты колькасцю больш за 1000 чал. у стараж. Спарце (з 431 да н.э.); тактычная адзінка спартанскай арміі. Кожная М. ўключала 4 лохі, лох — 2 пентакостысы, пентакостыс — 2 брацтвы або двайную энамотыю. У час бою падраздзяленні М. дзейнічалі ў складзе фалангі.

т. 10, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМА́НДАС (англ. commandos),

1) фарміраванні марской пяхоты і паветр.дэсантных войск асобага (спец.) прызначэння ва ўзбр. сілах Вялікабрытаніі для вядзення дыверсійна-разведвальных дзеянняў у тыле праціўніка. У ЗША такія фарміраванні наз. рэйнджэрамі. Узніклі ў гады 2-й сусв. вайны.

2) Атрады апалчэнцаў у арміі бураў у час англабурскай вайны 1899—1902.

т. 7, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЕ́КА,

загарода са ссечаных дрэў, паваленых крыж-накрыж верхавінамі ў бок праціўніка. На Русі вядома з 13 ст. Шырока выкарыстоўваліся на межах Рас. дзяржавы ў 16—17 ст. (т. зв. засечныя межы). У войнах 20 ст. З. рабілі як перашкоду супраць пяхоты і конніцы праціўніка, звычайна іх умацоўвалі калючым дротам, мінамі і прыкрывалі агнём.

т. 6, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЕ́НКА (Кірыла Аляксеевіч) (31.3.1891, в. Багушэвічы Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 12.5.1980),

генерал-лейтэнант (1946). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1934). У Чырв. Арміі з 1920. У 1931—41 у інспекцыі пяхоты РСЧА. У Вял. Айч. вайну на камандных пасадах на Зах., Сталінградскім, Данскім франтах, у 1942—47 нач. Упраўлення Мін-ва абароны СССР.

К.А.Каваленка.

т. 7, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)