ІНДУ́РСКАЕ РАДО́ВІШЧА ЖВІРО́ВА-ПЯСЧА́НАГА МАТЭРЫЯ́ЛУ І ПЯСКУ́,
у Бераставіцкім р-не Гродзенскай вобл., каля в. Індура. Паклад звязаны з камавымі адкладамі сожскага ледавіка. Жвірова-пясчаны матэрыял і пяскі шаравата- і буравата-жоўтыя, пяскі дробна- і сярэднезярністыя, палевашпатава-кварцавыя. Разведаныя запасы 18,4 млн.м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,7—15,9 м, ускрышы (тонказярністыя пяскі, супескі) 0,5—5 м. Жвірова-пясчаны матэрыял і пяскі прыдатныя ў дарожным буд-ве. Радовішча распрацоўваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАШО́ЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСКУ́ І ЖВІРО́ВА-ПЯСЧА́НАГА МАТЭРЫЯ́ЛУ.
У Полацкім р-не Віцебскай вобл., каля в. Канашы. Пластавы паклад звязаны з канцова-марэннымі адкладамі паазерскага ледавіка. Пяскі і жвірова-пясчаны матэрыял жаўтавата- і буравата-шэрыя, месцамі гліністыя, абжалезненыя. Жвір і галька ў пясках трапляюцца ў россыпе і ў выглядзе лінзаў і гнёздаў. Пяскі пераважна дробна- і сярэднезярністыя, палевашпатава-кварцавыя. Разведаныя запасы 9,47 млн.м³, перспектыўныя 1,13 млн.м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 3,2—27,3 м, ускрышы (торф, пяскі, супескі) 0,2—6,8 м. Пяскі і жвір прыдатныя на выраб бетону, буд. раствораў, у дарожным буд-ве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕСКАМЫ́ЙКА,
будаўнічая машына для вымывання з пяску гліны і інш. дамешкаў. Бываюць дражныя (рабочы орган — скрабалкі, замацаваныя на бясконцых ланцугах) і шнэкавыя (з адным або двума паралельнымі шнэкамі, якія перамяшчаюць да выгрузачнага акна пясок, што асеў з пульпы). Прадукцыйнасць да 20 м³ ачышчанага пяску за гадзіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЖА,
радовішча пяску каля в. Гожа Гродзенскага р-на. Паклад звязаны са стараж.-алювіяльнымі адкладамі 2-й надпоймавай тэрасы р. Нёман. Пяскі шэрыя і жаўтавата-шэрыя, палевашпатава-кварцавыя, дробна- і сярэднезярністыя, з лінзамі тонка- і буйназярністага пяску. Разведаныя запасы 23,85 млн.м³, перспектыўныя 9,96 млн.м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 3,6—12 м, ускрышы 0,2—3,3 м. Пяскі прыдатныя на вытв-сць сілікатна-бетонных вырабаў. Радовішча распрацоўваецца Гродзенскім камбінатам буд. матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Кульбакі (радовішча пяску для сілікатнай цэглы, Гродзенскі ц-н) 4/22
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
А́БЭ КО́БА (сапр.Кіміфуса; н. 7.3.1924, Токіо),
японскі пісьменнік. Вядомасць Абэ Коба прынеслі раманы-прытчы «Жанчына ў пяску» (1962), «Чужы твар» (1964), «Спаленая карта» (1967), «Чалавек-скрынка» (1973), «Тайнае спатканне» (1977), «Каўчэг «Сакура» (1984) і інш., гратэскава-фантаст. п’есы «Паляванне на рабоў» (1955), «Прывіды сярод нас» (1958), «Сказанне пра веліканаў» (1960), «Крэпасць» (1962), «Мужчына, які ператварыўся ў дубінку» (1969) і інш. У цэнтры твораў Абэ Коба маральна-філас. праблемы, трагедыя адзіноцтва ў сучасным свеце, працэс адчужэння асобы, матывы безвыходнасці. Аўтар аповесці «Сцяна. Злачынства S. Карума» (1951; літ. прэмія Акутагавы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕСКАСТРУМЕ́ННАЯ АПРАЦО́ЎКА,
апрацоўка паверхняў адлівак, метал. загатовак, дэталей і інш. вырабаў перад афарбоўкай, а таксама ачыстка фасадаў будынкаў, збудаванняў струменем сціснутага паветра з завіслымі ў ім часцінкамі пяску. Робіцца спец. пескаструменнымі апаратамі. У ліцейнай вытв-сці заменена шротамётнай або шротаструменнай ачысткай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМУ́ЧВАННЕ,
раздзяленне ўзмучаных цвёрдых дробных часцінак, заснаванае на розных скарасцях іх асядання ў вадзе; спосаб гідраўл. класіфікацыі здробненых матэрыялаў. Уключае адстойванне полідысперснай суспензіі з дэкантацыяй у паслядоўна злучаных адстойніках. Выкарыстоўваюць пры абагачэнні мінер. сыравіны, атрыманні тонкіх парашкоў, ачыстцы глін (кааліну) ад мех. дамешкаў (пяску, слюды, палявога шпату).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАГАВЫ́ ВАЛ,
акумулятыўная форма рэльефу, утвораная з доннага матэрыялу (пяску, жвіру, галькі, ракушачніку) прыбоем. Уяўляе сабой нізкую граду (вал), выцягнутую ўздоўж лініі берага мора або возера. Даўжыня дасягае соцень метраў або некалькіх кіламетраў, выш. да 1—4 м. Павернуты ў бок мора схіл берагавога вала называецца пляжам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙНАПО́РЫСТЫ БЕТО́Н, беспясчаны бетон,
бетон, які атрымліваюць з сумесі шчыльнага або порыстага жвіру (друзу), вяжучага матэрыялу (пераважна партландцэменту) і вады. Адсутнасць пяску і абмежаваны расход цэменту (да 280 кг/м³) абумоўліваюць буйнапорыстую структуру і невял. шчыльнасць бетону. Буйнапорысты бетон выкарыстоўваюць у асноўным для ўзвядзення вонкавых сцен будынкаў, а з порыстымі запаўняльнікамі — для цеплавой ізаляцыі.