Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́НКЦЫЯ (ад лац. punctio укол),
пракол тканак арганізма полай іголкай з дыягнастычнай, лек. або прафілакт. мэтай. Дыягнастычная П. выкарыстоўваецца: для вывучэння структурна-функцыян. стану органаў, сістэм органаў і тканак, устанаўлення дыягназу захворвання шляхам увядзення ў крывяносныя і лімфатычныя сасуды, поласці, губчатае рэчыва касцей радыеізатопаў, газу (паветра), рэнтгенакантрастных рэчываў, таксама даследавання ўзору вадкасці (кроў, гной і інш.) або кавалачка тканкі (напр., пухліны). З лек. і прафілакт. мэтамі з дапамогай П. ўводзяць лек. сродкі ў тканкі, сасуды, поласці арганізма.
І.М.Семяненя.
т. 13, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНАПУ́НКЦЫЯ,
падскурнае ўвядзенне іголкі ў вену для выцягвання з яе крыві ці ўлівання ў яе лек. раствораў, крыві, кровазаменнікаў і інш. Выкарыстоўваюць паверхневыя вены локцевага згібу, кісці, перадплечча. Пры неабходнасці працяглай інфузійнай тэрапіі робяць пункцыйную катэтэрызацыю магістральных вен (сцягновых, падключычных і інш.). У дзяцей венапункцыю робяць у цэнтр. вены, у нованароджаных і грудных дзяцей — у вены галавы. Ускладненні: гематомы, флебіт і трамбоз вены, памылковая пункцыя і інш.
т. 4, с. 71
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫКАРДЫ́Т (ад перы... + грэч. kardia сэрца),
запаленне калясардэчнай сумкі. Прычыны ўзнікнення: рэўматызм, туберкулёз, мікробнае запаленне, траўмы і інш. Пры П. назіраецца павышаная эксудацыя (выпат)., што вядзе да сціскання сэрца, зніжэння яго функцый. Пры хуткім нарастанні эксудату сэрца можа спыніць сваю дзейнасць (патрабуецца пункцыя перыкарда). Прыкметы П.: боль у вобласці сэрца, сэрцабіцце, задышка, агульная слабасць і інш. Пры павольным нарастанні выпату ў перыкардзе праяўляюцца прыкметы сардэчнай недастатковасці — з’яўленне выпату ў жываце, печані. У патагенезе такога стану — дысталічны дысбаланс прытоку крыві да сэрца (перадсэрдзі, асабліва правае, сціскаюцца хутчэй, чым астатнія камеры сэрца). Лячэнне залежыць ад прычын узнікнення. У жывёл часцей бывае П. траўматычнага паходжання.
І.М.Грышын.
т. 12, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕЎРЫ́Т,
запаленне плеўры. Бывае першасны і другасны, серозна-фібрынозны і гнойны з пераходнымі формамі. Да першаснага адносяць запаленчыя працэсы ў плеўры ў выніку сэпсісу, міграцыі мікробнай флоры ў лімфатычныя залозы, калі ўтвараюцца гнойныя ачагі. Другасныя П. — вынік мігрыравання асн. працэсу ў выглядзе абсцэсу ў лёгкіх, пярэдняй сценцы грудной клеткі, таксама раневыя П. Першасныя і другасныя П. бываюць неспецыфічныя (узбуджальнікі стафілакок, стрэптакок) і спецыфічныя (туберкулёзная палачка); паводле клінічнага цячэння — вострыя і хранічныя. Пры адсутнасці інтэнсіўнага лячэння востры П. пераходзіць у хранічны. П. адрозніваюць таксама па ступені пашыранасці — лакалізаваныя і дыфузныя (па ўсёй поласці грудной клеткі). Пры эксудатыўным П. (пераходная форма да гнойнага) у плеўральнай поласці назапашваецца запаленчая вадкасць, у хворых павышаецца т-ра цела да 40 °C, задышка, боль у баку, кашаль. Гнойны П. (плеўральная вадкасць уяўляе сабой гнойнае змесціва) у вострай форме працякае з высокай т-рай, агульнай інтаксікацыяй. Асн. метады дыягностыкі — рэнтген, камп’ютэрная тамаграфія, пункцыя поласцей. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае. На П. хварэюць таксама жывёлы.
І.М.Грышын.
т. 12, с. 424
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)