ПУ́НКЦЫЯ (ад лац. punctio укол),

пракол тканак арганізма полай іголкай з дыягнастычнай, лек. або прафілакт. мэтай. Дыягнастычная П. выкарыстоўваецца: для вывучэння структурна-функцыян. стану органаў, сістэм органаў і тканак, устанаўлення дыягназу захворвання шляхам увядзення ў крывяносныя і лімфатычныя сасуды, поласці, губчатае рэчыва касцей радыеізатопаў, газу (паветра), рэнтгенакантрастных рэчываў, таксама даследавання ўзору вадкасці (кроў, гной і інш.) або кавалачка тканкі (напр., пухліны). З лек. і прафілакт. мэтамі з дапамогай П. ўводзяць лек. сродкі ў тканкі, сасуды, поласці арганізма.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)