Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЛЬПІ́Т,
запаленне пульпы зуба. Узнікае пры пападанні ў яе бактэрый, іх таксінаў, прадуктаў распаду тканак з карыёзнай поласці, парушаных калязубных тканак, пры траўме зуба, з крывацёкам пры цяжкіх інфекц. захворваннях і інш. Бывае востры і хранічны, ачаговы і дыфузны (пашыраецца на ўсю пульпу зуба). П. пашкоджвае малочныя і пастаянныя зубы. Характарызуецца моцным болем, які можа ўзнікаць, напр., пры пападанні на хворы зуб халоднай (гарачай) ежы; пры некат. формах П. холад купіруе боль. Часам П. закранае галіны трайчастага нерва і боль пераходзіць на пэўныя часткі твару. Лячэнне: поўнае ці няпоўнае выдаленне пульпы з далейшым пламбаваннем зуба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫЯДАНТЫ́Т, перыцэментыт,
запаленне тканак (перыядонту), што акружаюць корань зуба. Адрозніваюць востры, хранічны і хранічны ў стадыі абвастрэння. Паводле ступені пашыранасці паталаг. працэсу П. падзяляюць на ачаговы і дыфузны. Узнікае ад інфекцыі (напр., нявылечаны пульпіт), траўмы (напр., пералом зуба ад удару, раскусвання арэхаў), таксічнага ўздзеяння лек. сродкаў (напр., мыш’яковістай пасты). Прыкметы: ныючы боль, які ўзмацняецца пры націсканні на зуб, прыпухласць і пачырваненне дзясны вакол хворага зуба. Запаленчы працэс пашыраецца ад цеплавых працэдур. Лячэнне стаматалагічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМБО́Н (ад грэч. ambōn узвышэнне),
казальніца, пульпіт, паўкруглае і высунутае на сярэдзіну храма ўзвышэнне перад царскімі варотамі, з якога чытаюць Евангелле, гавораць казанні. Сімвалізуе камень каля Труны Гасподняй, які адваліў ангел і з яго абвясціў міраносцам пра ўваскрэсенне Хрыста. Амбон рабілі з каменю, дрэва, металу, багата дэкарыравалі мармурам. У ранні перыяд хрысціянства ўстанаўлівалі перад алтаром каля балюстрады, што аддзяляла хоры ад нефа, і мелі форму трыбуны з парапетам; з сярэднявечча — каля левага міжнефавага ці цэнтр. слупа, у аднанефавых храмах — на сцяне. У эпоху Адраджэння амбон меў пераважна акруглую ці чатырохгранную форму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУ́БЫ,
косцепадобныя органы большасці пазваночных жывёл і чалавека ў ротавай поласці на альвеалярных адростках верхняй і ніжняй сківіцы (у некат. рыб у глотцы). Асн. функцыі: захопліванне, трыманне і перажоўванне яды; у некат. жывёл служаць аховай ад ворагаў, у чалавека прымаюць удзел у голасаўтварэнні.
З. ўтвараюцца з эпітэліяльнай і злучальнай тканак. Складаюцца з відазмененай косці (эмалі, дэнціну, цэменту). Маюць каронку (выступае над сківіцай, укрыта эмаллю), корань (размешчаны ў сківіцы, укрыты цэментам), шыйку (злучальная тканка). Унутры З. ёсць поласць, запоўненая зубной мякаццю (пульпай), у якой праходзяць крывяносныя сасуды і нервы; крывёй забяспечваюцца верхне- і ніжнесківічнымі артэрыямі, інервуюцца трайнічным нервам. У залежнасці ад формы каронкі і прызначэння адрозніваюць разцы, іклы, карэнныя З., ад колькасці каранёў — 1-, 2-, 3-карэнныя. Колькасць З. у драпежных жывёл да 44, у некат. сумчатых — да 58, у дэльфінаў — 240. У млекакормячых і чалавека 2 змены З.: малочныя (20, прарэзваюцца з 6 да 30 месяцаў) і сталыя (32, з 6 да 16 гадоў), З. мудрасці — да 30 гадоў. Найб. распаўсюджаныя пашкоджанні З.: зубны камень, карыес зубоў, пульпіт, перыядантыт і інш.