МЕЛАНХО́ЛІЯ [грэч. melancholia ад melas (melanos) чорны + cholē жоўць],
псіхічны стан чалавека, які характарызуецца прыгнечаным настроем; адна з разнавіднасцей дэпрэсіі.
т. 10, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАТРЭ́НІНГ (ад аўта... + англ. training трэніроўка),
псіхатэрапеўтычны метад уздзеяння чалавека на свой фіз. і псіхічны стан пры дапамозе самаўнушэння (гл. таксама Аўтагенная трэніроўка).
т. 2, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКСТРАВЕ́РТ (англ. extrovert ад экстра... + лац. vertere паварочваць),
чалавек, псіхічны склад якога (унутр. перажыванні, інтарэсы) вызначаецца накіраванасцю на знешні свет і дзейнасць у ім, цікавасцю пераважна да знешніх аб’ектаў. У адрозненне ад інтраверта (засяроджаны на ўласным унутр. светаўспрыманні) лёгка ўстанаўлівае кантакты з усімі, хто яго акружае.
т. 18, кн. 1, с. 79
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАНАЗІРА́ННЕ,
назіранне, аб’ектам якога з’яўляюцца псіхічны стан і дзеянні самога суб’екта. Узнікае ў працэсе зносін з інш. людзьмі, засваення сац. вопыту і сродкаў яго асэнсавання. Адыгрывае значную ролю ў фарміраванні самасвядомасці і самакантролю асобы. Ужывалася ў эмпірычнай псіхалогіі 18—19 ст. У сучаснай псіхалогіі С. ўлічваецца як факт, які патрабуе навук. тлумачэння.
т. 14, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫДАКТАГЕНІ́Я,
негатыўны псіхічны стан вучня, выкліканы парушэннем пед. такту з боку выхавальніка (настаўніка, трэнера). Выяўляецца ў фрустрацыі, страху, прыгнечаным настроі і інш. Адмоўна ўплывае на дзейнасць вучня, ускладняе міжасобасныя адносіны. У аснове ўзнікнення Д. — псіхічная траўма, атрыманая вучнем па віне педагога. Д. можа стаць прычынай неўрозаў. Каб прадухіліць узнікненне Д., педагог павінен імкнуцца да макс. тактоўнасці ў абыходжанні, улічваць узроставыя і індывідуальна-псіхал. асаблівасці вучняў.
т. 6, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУНГ-ФУ́, кун-фу (кіт. старанныя заняткі, трэніроўка),
адна з сістэм адзінаборстваў без зброі (практыка псіхафізічнага трэнінгу): аснова кэмпо; частка сістэмы ушу. Сфарміравалася ў Кітаі каля 960—1200. Дала пачатак яп. сістэмам джыу-джыцу і каратэ. У ЗША культывуецца з 1940-х г., у Еўропе — з сярэдзіны 1950-х г. Адметныя рысы стылю — псіхічны трэнінг, загартоўванне цела, развіццё скорасна-сілавых якасцей. Папулярызатар і распаўсюджвальнік К.-ф. — Б.Лі (ЗША).
т. 9, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕССВЯДО́МАСЦЬ,
стан асобы, пры якім з-за хранічнай душэўнай хваробы ці часовага расстройства душэўнай дзейнасці яна не здольная ўсведамляць свае ўчынкі і кіраваць імі; акалічнасць, якая выключае злачыннасць дзеяння і крымін. адказнасць за яго. Для вырашэння пытання пра бессвядомасць назначаецца судова-псіхіятрычная экспертыза, на падставе вывадаў якой следчыя органы або суд канстатуюць псіхічны стан асобы пры ўчыненні пэўнага грамадска небяспечнага дзеяння. Да асобы, якая пры гэтых абставінах знаходзілася ў стане бессвядомасці, суд можа ўжыць прымусовыя меры мед. характару.
т. 3, с. 128
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭМП МАЎЛЕ́ННЯ,
хуткасць, з якой вымаўляюцца элементы выказвання (гукі, склады, словы, сінтагмы і інш.). Вымяраецца колькасцю элементаў за адзінку часу або іх сярэдняй працягласцю. Служыць адным з фактараў утварэння інтанацыі (пры адмысловым паскарэнні або запавольванні хуткасці вымаўлення пэўнай ч. выказвання) і можа служыць семантычным сігналам. На Т.м. ўплываюць змест паведамлення, стыль маўлення, сітуацыя зносін, індывід. асаблівасці таго, хто гаворыць (псіхічны стан, тэмперамент, сац. ролі, мэта выказвання і інш.).
Літ.:
Фанетыка беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1989.
А.Я.Міхневіч.
т. 16, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРУСТРА́ЦЫЯ (ад лац. frustratio падман, расстройства),
псіхічны стан нарастаючага ўнутранага напружання, псіхалагічная рэакцыя, выкліканая расчараваннем, няўдачай. Звычайна ўзнікае ў выніку міжасобасных канфліктаў і цяжкасцей у разнастайных жыццёвых сітуацыях, у т. л. і штодзённых. Наступствы Ф. могуць быць кароткатэрміновыя і працяглыя. У стане Ф. людзі здольны на неадэкватныя ўчынкі. У цэлым гэта з’ява шкодная для чалавека, бо мае разбуральны характар. Пераадолець Ф. дапамагаюць прыёмы аўтагеннай трэніроўкі для зняцця эмацыянальнага напружання, паслаблення канфліктнасці сітуацыі, сяброўскія адносіны, адцягненасць ад прычыны Ф., пераключэнне ўвагі на штосьці прыемнае.
т. 16, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОЛЬ,
непрыемнае, цяжкае, іншы раз пакутлівае адчуванне пры моцных або разбуральных мех., хім., тэрмічных, паталагічных і інш. уздзеяннях на арганізм чалавека і жывёл. У працэсе эвалюцыі арган. свету боль ператварыўся ў сігнал небяспекі, стаў важным біял. фактарам, які забяспечвае захаванне жыцця. Прыносіць цяжкія пакуты, пазбаўленне спакою і працаздольнасці, можа стаць прычынай болевага шоку.
Успрыманне пашкоджвальных уздзеянняў спец. болевымі (у некаторых выпадках і інш.) рэцэптарамі перадаецца па нервах да задніх рагоў спіннога мозга, адтуль па спінна-таламічным шляху да зрокавых бугроў галаўнога мозга, дзе фарміруецца першае пачуццё болю — таламічны боль. Спецыфічныя адзнакі, лакалізацыя болю звязаны з дзейнасцю кары паўшар’я вял. мозга. Эмацыянальная выразнасць, перажыванні пачуцця болю абумоўлены дзейнасцю лобных аддзелаў мозга. Лакальны коркавы цэнтр болю не выяўлены. Анат. ўтварэнні, што ўспрымаюць, праводзяць і фарміруюць пачуццё болю, наз. нацыцэптыўнай сістэмай. Анат. структуры і фізіял. механізмы, што садзейнічаюць зніжэнню або знікненню пачуцця болю, наз. антынацыцэптыўнай сістэмай. Да іх належаць жэлацінозная субстанцыя, якая знаходзіцца каля асновы задняга рога спіннога мозга, куды паступаюць болевыя імпульсы. Для аблягчэння і зняцця болю існуе вял. выбар фармакалагічных сродкаў; выкарыстоўваюцца фізіятэрапеўт. і хірург. метады лячэння (гл. Болепатольныя сродкі, Абязбольванне, Наркоз). На адчувальнасць болю ўплывае псіхічны стан чалавека, тып вышэйшай нерв. дзейнасці, асаблівасці выхавання, культура і інш.
Паняцце болю ўжываецца і ў пераносным сэнсе, калі гавораць пра «душэўны» боль», як асобны псіхічны стан, выкліканы знешнімі і ўнутр. прычынамі і звязаны з цяжкімі адчуваннямі.
Літ.:
Кассиль Г.Н. Наука о боли. 2 изд. М., 1975;
Мелзак Р. Загадка боли: Пер. с англ. М., 1981;
Антонов И.П., Шанько Г.Г. Поясничные боли. 2 изд. Мн., 1989.
Г.Г.Шанько.
т. 3, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)