ПРЭ́РЫЯ (франц. prairie ад лац. pratum луг),

1) прыродная падзона лесастэпу са значным увільгатненнем ў Паўн. Амерыцы. Працягваецца ўздоўж усх. падножжаў Скалістых гор у ЗША і Канадзе. П. былі пашамі, дзе пасвіліся бізоны; цяпер б.ч. іх пад ворывам (вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, бавоўнік). Пашырана эрозія глеб. Падобныя ландшафты характэрны для тропікаў усх. раёнаў Паўд. Амерыкі і Усх. Азіі.

2) Група фармацый травяністай (высакатраўнай) расліннасці ўнутраных ч. Паўн. Амерыкі (ЗША і Канада) стэпавага або радзей лесастэпавага тыпу з перавагай дзернавінных злакаў (кавыль, танканог, барадач, вейнік, бізонава трава і інш.). Таксама — травяністая расліннасць мезафільнага характару з перавагай двухдольных (разнатраўе).

т. 13, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САСКА́ЧЭВАН (Saskatchewan),

правінцыя на Пд цэнтр. ч. Канады. Пл. 651,9 тыс. км². Нас. 990,2 тыс. чал. (1996). Адм. ц. — г. Рэджайна. Правінцыя знаходзіцца ў межах Лаўрэнційскага ўзвышша на Пн і Вялікіх раўнін на Пд. На Пн і ПнУ хвойныя лясы, на Пд і ПдЗ лесастэп і стэп (прэрыя). У С. каля 30% с.-г. зямель краіны, правінцыя дае амаль 50% збору пшаніцы, больш за 60% жыта і аўса. Значныя зборы ячменю, лёну і рапсу. Развіта жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла і свінні). Птушкагадоўля. С.-г. вытв-сць сканцэнтравана на буйных высокамеханізаваных фермах. Буйная здабыча калійных солей, нафты, гелію, медзі, урану. Гал. галіны апрацоўчай прам-сці: харч. (мукамольная, мясакансервавая, масларобчая), хім., чорная металургія, с.-г. машынабудаванне, нафтаперапрацоўка, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая. Транспарт чыг. і аўтамабільны.

т. 14, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕНТАЛО́ГІЯ (ад грэч. pente пяць + ...логія),

літаратурны твор, які складаецца з 5 адносна самастойных твораў (частак), звязаных паміж сабой логікай развіцця ідэі, пераемнасцю сюжэтных ліній, агульнасцю кампазіцыйнай будовы; разнавіднасць архітэктонікі (гл. таксама Дылогія, Трылогія, Тэтралогія). Расчляненне маст. цэлага на 5 частак дыктуецца значнасцю і маштабнасцю пастаўленых праблем, аб’ёмам маст. матэрыялу, неабходнасцю прасачыць лёс герояў на працягу значнага адрэзка часу, імкненне аблегчыць чытачу ўспрыманне твора, зрабіць яго кампазіцыйна больш стройным. Трапляецца рэдка (асобныя часткі літ. твора выяўляюць моцную тэндэнцыю да самастойнасці). Паводле жанру да П. належыць паэма А.​Белабоцкага «Пентатэугум, або Пяць кніг кароткіх...», эпапея Дж.​Ф.​Купера («Піянеры»; «Апошні з магікан»; «Прэрыя», «Следапыт», «Зверабой»). У сучаснай бел. л-ры П. з’яўляецца «Трывожнае шчасце» І.​Шамякіна («Непаўторная вясна», «Начныя зарніцы», «Агонь і снег», «Пошукі сустрэч», «Мост»), раманы І.​Чыгрынава «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы», «Вяртанне да віны», «Не ўсе мы згінем».

А.​М.​Пяткевіч.

т. 12, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ПЕР ((Cooper) Джэймс Фенімор) (15.9.1789, г. Берлінгтан, штат Нью-Джэрсі, ЗША — 14.9.1851),

амерыканскі пісьменнік; пачынальнік гіст. жанру ў амер. л-ры. Вучыўся ў Іельскім ун-це. У 1806—10 служыў на флоце. У 1826—33 жыў у Еўропе. Першы раман «Перасцярога» (1820). Гіст. раман «Шпіён» (1821) пра вайну за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83. Рамант. паэтызацыя мора ў раманах «Лоцман» (1823), «Чырвоны карсар» (1827), «Марская чараўніца» (1830). У цэнтры нац. эпапеі з 5 раманаў («Піянеры», 1823; «Апошні з магікан», 1826; «Прэрыя», 1827; «Следапыт», 1840; «Зверабой», 1841) праблемы ўзаемастасункаў прыроды, чалавека і цывілізацыі. Пенталогія вызначаецца рысамі прыгодніцкай, гіст. і філас. прозы, дасканалай распрацоўкай індзейскай тэмы, якой упершыню нададзена трагічнае гучанне. Аўтар сатыр. рамана «Манікіны» (1835), «Еўрапейскіх нататкаў» (т. 1—5, 1836—38) і інш. У 1840-я г. апублікаваў каля 20 раманаў. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Г.​Далідовіч, Я.​Саламевіч.

Тв.:

Бел. пер. — Апошні з магікан, або Аповесць пра 1757 год. Мн., 1996;

Зверабой, або Першая сцяжына вайны. Мн., 1997;

Рус пер. — Собр. соч. Т. 1—7. М., 1982.

Літ.:

Боброва М. Джеймс Фенимор Купер. Саратов, 1967;

Шейнкер В. Исторический роман Джеймса Купера... Иваново, 1980.

С.​Дз.​Малюковіч.

Дж.Ф.Купер.

т. 9, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)