«ГА́МБУРГ»

(«Hamburg»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў на акупіраванай тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну супраць партызан і мясц. насельніцтва ў трохвугольніку Ліда—Баранавічы—Ваўкавыск. Адбылася 7—17.12.1942. Мэта аперацыі — наступленнем прыціснуць партызан і мясц. жыхароў, што адыходзілі з імі, да загараджальнай лініі каля сутокаў рэк Шчара і Нёман і знішчыць. Аперацыю праводзілі паліцэйскі полк, 5 паліцэйскіх і ахоўных батальёнаў, 2 батальёны вермахта, больш за 15 спец. каманд паліцыі бяспекі і СД, артыл. рот і дывізіёнаў пад камандаваннем брыгадэнфюрэра СС К. фон Готберга. Ім процістаялі 4 партыз. атрады (800 чал.) і Ленінская партыз. брыгада, якая прыняла асн. ўдар праціўніка. Пасля жорсткіх баёў у ноч на 17 снеж. партызаны, пазбегнуўшы акружэння, выйшлі ў раней намечаныя раёны. У выніку аперацыі карнікамі было загублена 6172 чал., з іх 4498 чал. мірнага насельніцтва. Пасля перагрупоўкі сваіх сіл акупанты працягвалі аперацыю пад кодавай назвай «Альтона».

т. 5, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗА́ЯЦ-БЯЛЯ́К»

(«Schneehase»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. акупац. улад супраць партызан і насельніцтва Расонска-Асвейскай партыз. зоны Віцебскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Праводзілася 28.1—13.2.1943 сіламі 4 палкоў 201-й ахоўнай дывізіі, паліцэйскага палка і шэрагу мясц. гарнізонаў пры падтрымцы 281-й ахоўнай і 391-й вучэбна-палявой дывізій з мэтай прыціснуць партызан да чыг. Полацк—Ідрыца (праходзіла праз Расоны, цяпер не існуе) і знішчыць сустрэчным ударам з боку воз. Асвейскае. Ім процістаялі 1, 3, 5-я Калінінскія і Дрысенская брыгады, З атрады брыгады «За Савецкую Беларусь», Асобны латышскі партыз. і інш. атрады брыгад Асвейскай, Расонскай і «Спартак». Пасля працяглых баёў партызаны 11 лют. перайшлі ў контрнаступленне і да 15 лют. выбілі ворага з тэр. Расонскага р-на. У ходзе аперацыі «3.-6.» карнікі загубілі 877 чал. (па няпоўных звестках) мясц. насельніцтва, у т.л. разам з жыхарамі знішчылі вёскі Ваўкова, Велле, Гарэлая Яма, Гуйды, Ніўё, Плігаўкі, Ражнова (не аднавіліся) і інш. Як рэванш за няўдачу, гітлераўцы пачалі новыя карныя аперацыі — «Шаравая маланка» і «Зімовае чараўніцтва».

т. 7, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)